Песьні вясны-2017. Агляд прэм’ераў. Частка першая (аўдыё/відэа)
560 / 0
27.04.2017

Песьні вясны-2017. Агляд прэм’ераў. Частка першая (аўдыё/відэа)

Знаёмімся з прэм’ерамі гэтае вясны: фольк-псыхадэл, поп-фольк, фольк-рэп і дарк-фольк, пратэстная клюбная музыка (!) ды электроніка ды гітарная музыка з трып-гопам у аглядзе навінак на TuzinFM, які стане традыцыйным.

Найлепшы беларускі гурт-2016 па вэрсіі TuzinFM Vuraj працягвае знаёміць сваіх прыхільнікаў з напрацоўкамі, якія маюць увайсьці ў новы альбом. Узімку музыкі паказалі тры новыя творы. Вясну таксама пачалі з прэм’еры — «Ой, ляціце гусі», у аснове якой палескі абрадавы сьпеў. Пачуты ён быў у вёсцы Соміна падчас этна-экспэдыцыі лідэра Vuraj Сяргея Доўгушава ўлетку 2014 году. «Аднойчы гусі ўратавалі Рым!» — так прадставіў яе сам Сяргей. Неўзабаве на канцэртах гурту можна будзе пачуць новую палескую праграму, у якую ўвойдзе і гэты твор.

Да 25-годзьдзя пачынальнікаў стылю фольк-мадэрн гурту «Палац» партал TuzinFM упершыню апублікаваў песьню, якую каманда Алега Хаменкі, запісала для аднаго з нашых праектаў — «Re: Песьняры», але так і не прэзэнтаваны ў межах складанкі. Музыкі абралі гэты твор, бо ў свой час ён быў абсалютна сугучны з агульнасусьветнымі фольк-рокавымі тэндэнцыямі і нават апярэджваў у падыходах да аранжыроўкі. Свой варыянт яны зрабілі наўмысна без гітараў, каб было непадобна да арыгіналу, але захавалі шыкоўную гармонію і зухаватасьць гісторыі. Зьмянілі толькі адно слова ў тэксьце: замест «зьвіняць ёй завушніцы» прасьпявалі «ёй шэпчуць завушніцы». Гэта адвольнасьць зьвязана з гісторыяй аб перакладзе песьні на польскую мову, а потым ізноў на беларускую.

Вясновай прэм’ерай сваіх слухачоў парадаваў дуэт «Аляксандра і Канстанцін». Напеў пра сонца яны цалкам выпадкова знайшлі ў сеціве (на жаль, адсутнічала інфармацыя пра тое, хто сьпявае). Аляксандра Кірсанава кажа, што гэтая якраз з тых мэлёдыяў, якія зачароўваюць пры першым жа праслухоўваньні. «У нас адразу ж заварушылася мноства музычных думак, якія мы неадкладна аформілі разам зь Ігарам Бранкоўскім ды гукарэжысэрам Генадзем Сыраквашам», — распавядае пра новы трэк Канстанцін Драпеза.

Новы трэк прэзэнтаваў гурт з Мсьціславу «Крокі ў бокі». Музыкі пішуць песьні на вершы беларускіх паэтаў. Іх дэбютнік «Журавінка» (2012) складаўся з твораў на словы Якуба Коласа, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Авяр’яна Дзеружынскага. Другі альбом «Баляды дзядзькі Рыгора» (2015) яны ўклалі зь вершаў Рыгора Барадуліна. Цяпер запісваюць трэці дыск «Наш край». Песьня «Ручная чараўніца» на верш Васіля Жуковіча «Першае расчараваньне» якраз мае ўвайсьці ў будучы рэліз.

Асэнсаваньне стратаў, якія нясе сёньня вясковая культура Беларусі і наогул фізычнае выміраньне беларускіх вёсак падштурхнулі рэпэра пад мянушкаю Nelson Bleak на запіс роспачнага трэку «Галасы загінулых вёсак», які ўвайшоў у ягоны сьвежы EP «Квадрат». Выканаўца кажа, што ягоны стыль — гэта сумесь альтэрнатыўнага гіп-гопу і вершаў пад музыку. Сапраўднае імя музыкі — Віталь Махнач, ён ужо цягам амаль 10 гадоў робіць часопіс «Слова», прысьвечаны рэп-музыцы. Ён мае таксама яшчэ адзін цікавы праект — Sciuza, які працуе ў стылістыцы эмбіенту. Ягоны альбом пабачыў сьвет летась на японскім інтэрнэт-лэйбле Bump Foot.

Гэтай вясною усур’ёз пра сябе заявіў 23-гадовы рэпэр Акім Бяняш (Акіч), які запісаў самотнік «Адзінства», афіцыйная прэм’ера якога адбылася на TuzinFM. Акім займаецца рэпам з 13 гадоў. Кажа, што ўсе, хто разам зь ім пачынаў, ужо кінулі гэтую справу, а ён зь перапынкам на службу ў войсках, рыхтуецца да запісу дэбютніку. Дарэчы, падчас службы Акім вылучыўся тым, што паўстаў супраць дзедаўшчыны. Што да трэку «Адзінства», то гэта першая спроба Акіча чытаць рэп па-беларуску. Кажа, што натхнілі на гэта сакавіцкія падзеі ў краіне. Трэк запісаны разам з калегам Tommy.

Падобная гісторыя адбылася і з выканаўцам Віктарам Арыенам, які пад уплывам ад сакавіцкіх падзеяў у Беларусі, упершыню напісаў беларускамоўны трэк. Прэзэнтацыя песьні адбылася ў межах нашага аўдыёчарту. Тэкст Віктар напісаў на эмоцыях, пасьля адной з кухонных спрэчак ды запісаў імгненна разам з калегам-кампазытарам Віктарам Няверавым (deluXe).

«Мяне завуць i1 і я дармаед з Наваполацку», — з такімі словамі ў рэдакцыю TuzinFM зьвярнуўся заснавальнік праекту KVLT, які выдаў дэбютны EP з трох песень. Гэты свой праект музыка разглядае, як спробу прымусіць сябе жыць у «тут і цяпер». Не зьбягаць ад рэчаіснасьці, а трошкі яе зьмяніць, — такая місія бачыцца музыку, які ня хоча адкрываць сваё сапраўднае імя. Адзіны вакальны трэк з гэтага рэлізу «Holy Rivers», запісаны разам з Isaac Howlett з гурту Empathy Test. KVLT хацеў бы зрабіць і беларускую вэрсію гэтага трэка. Для гэтага патрэбны добры пераклад, вакаліст ды MC. Як хто зацікавіўся трэкам і хоча далучыцца да праекту наваполацкага электроншчыка-дармаеда, можна зьвярнуцца праз мэйл kvltmusic@gmail.com або праз афіцыйную суполку.

Інструмэнтальны гурт The Glitchhh, які зьмешвае ў сваёй музыцы шугейз з мэталам, а пост-рок зь індзі, прэзэнтаваў вакальны трэк, запісаны зь лідэркаю беларускамоўнай каманды зь Беластоку Ілонай Карпюк (ILO). Дуэт утварыўся на «Басовішчы-2016». Музыкі настолькі ўразіліся вакалам Ілоны, што адразу ж прапанавалі супрацу. Песьня ўвайшла ў новы альбом The Glitchhh «Cordyceps» — бадай што самы яскравы рэліз гэтае вясны.

Гурт CherryVata сустрэў вясну прэзэнтацыяй на TuzinFM свайго першага за 14 гадоў існаваньня беларускамоўнага самотніку. Песьню «Вясна», якая зьяўляецца пераапрацоўкаю самага першага трэку каманды, выканала Кацярына Штырц з «імкненьнем выказаць павагу да беларускай культуры».

Новы самотнік, а разам з тым свой другі кліп, прэзэнтаваў дарк-фольк праект з Бабруйску «Бусламі на поўдзень», пра які цягам году нічога не было чуваць. Заснавальнік і адзіны ўдзельнік каманды (ён жа рэжысэр кліпу) Яўген Купчанка прапануе ўсе памылкі ў тэксьце лічыць за «бабруйскі дыялект» і зьбіраецца працягваць у тым жа рэчышчы. Ужо ёсьць задумы для відэаролікаў на новыя песьні.

Бусел пралятае таксама ў новым самотніку гарадзенскага музыкі Алеся Дзянісава. Музыка прэзэнтаваў песьню «Калі над лугам бусел праляцеў» за два дні да брутальнага разгону мірнага мітынгу ў Менску. У гэтых радках паэта Алеся Чобата музыка злавіў прадчуваньне вайны. Неўзабаве на TuzinFM прэзэнтуем гэты альбом цалкам.

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — http://www.racyja.com штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаем песьням на беларускай мове.  

Заклікаем таксама паведамляць пра цікавыя беларускія трэкі ў камэнтарах.

TuzinFM