Названыя ўдзельнікі «Адборышча-2017»
773 / 0
11.05.2017

Названыя ўдзельнікі «Адборышча-2017»

Журы XXVIII фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча» назвала 11 выканаўцаў, якія возьмуць удзел у адборачным канцэрце 20 траўня ў Менску.

Сёлета паўфіналістаў Конкурсу маладых гуртоў больш, чым звычайна: адбор прайшло 11 гуртоў — BarRokka, Bigi, Ferris Wheel, Leibonik, LIS, Martin S., Minsk Rock Squad, NGe, SnopSnoŭ, Teleport, Zanzibar. «Мы мусілі абраць 10 гуртоў-паўфіналістаў, аднак па выніках галасаваньня пяць камандаў у другой палове сьпісу набрала аднолькавую колькасьць балаў, — камэнтуе каардынатар конкурсу Ігар Карнілюк. — Улічваючы, што інтэрнэт-адбор, не заўжды пакідае шанец паўнавартасна ацаніць гук гуртоў, мы вырашылі ўзяць большую колькасьць калектываў, каб даць ім магчымасьць прадставіць свае песьні на жыва».

У журы ўвайшлі прадстаўнікі арганізатараў фэсту зь «Беларускага аб’яднаньня студэнтаў», партнэраў фэстывалю з парталу Tuzinfm.by, а таксама музычныя экспэрты Маша Яр, Віталь Зыблюк, Зьміцер Безкаравайны і Ілона Карпюк.

Усе 11 выканаўцаў выступяць у паўфінале конкурсу — «Адборышчы-2017», якое пройдзе ў менскім клюбе «Ілі» 20 траўня. Таксама заплянаваныя адмысловыя сэты гасьцей — пераможцы «Басовішча-2016» Яўгена Кучмейны з праектам .K і гурта :B:N:Па выніках канцэрту будуць вылучаны чатыры калектывы, якія 14 ліпеня 2017 году возьмуць удзел у фінальным этапе конкурсу на фэстывалі «Басовішча-2017».


Канцэрт пройдзе ў менскім клюбе «Ілі», які знаходзіцца па адрасе: праспэкт Незалежнасьці, 131, корпус 1 (будынак насупраць Нацыянальнай бібліятэкі). Пачатак у 16:00 — і да самай ночы. Уваход вольны.

Далучайцеся да падзеі УКантакце/Facebook

TuzinFM