Прэм’еры вясны-2017. Частка другая (аўдыё/відэа)
4478 / 0
22.05.2017

Прэм’еры вясны-2017. Частка другая (аўдыё/відэа)

Корж па-беларуску, дзіўны трэк ад Brutto, вяртаньне мэтал-надзеі 00-х ды іншыя прэм’еры гэтае вясны ў аглядзе на TuzinFM.

Гурт Uzari гэтаю вясною прэзэнтаваў новую песьню «Я выдумляю», якая стала часткаю кампаніі  ААН «Інклюзіўная Беларусь». Выканаўца аб’езьдзіў усю Беларусь з мэтаю данесьці, што ўсе людзі маюць роўныя правы незалежна ад сваіх магчымасьцяў. Увесну Юзары таксама стаў госьцем праграмы Belsat Music Live і ў межах жывога сэту прэзэнтаваў яшчэ адну кампазыцыю — «Новае кіно».

Нечаканы трэк пра «Папяроску» трапіў на новы альбом Brutto «Рокі».  Песьня стаіць на дыску асабняком і падаецца нават нейкім чужародным элемэнтам. Яе не назавеш гітовай, ані прахадной. Таму і  прыцягвае ўвагу. Створаная яна па матывах песьні брытанскага гурту Chumbawamba  «Give the Anarchist a Cigarette», хоць музыкі пра гэта нічога нідзе не казалі. Тэкст да яе стварыў Сяргей Жадан, а пераклаў на беларускую Андрэй Хадановіч. У цэлым жа, нягледзячы на «экспэртны» разнос, на альбоме ёсьць нямала прыемных і нечаканых паваротаў ды адкрыцьцяў. 

Футбольных гімнаў па-беларуску стала болей. Менскі гурт «Час Лайна», які запомніўся сваім прачытаньнем аднаго з гітоў Сяргея Міхалка, запісаў гімн для футбольнага клюбу «Іслач» і прэзэнтаваў яго на стадыёне ФК «Менск» перад матчам каманды. «Заўзятарам прыйшлася даспадобы наша песьня. Некаторыя нават спрабавалі падпяваць нам падчас жывога выступу, яшчэ ня ведаючы словаў, — распавёў TuzinFM лідэр каманды Стас Шашок. — Кіраўніцтва клюбу таксама засталося задаволенае нашай працай, хоць і не абышлося бяз кпінаў з боку спартовых журналістаў, якія дачапіліся да назвы гурту. Але мы разумеем, што ўсім спадабацца немагчыма». Між тым, музыкі кажуць, што іх песьня ня толькі пра футбол — змагацца за свае мары і перакананьні варта і па-за спартовай пляцоўкай.

Макс Корж зноў загучаў па-беларуску. Праўда гэтым разам у кавэр-вэрсіі менскага рэпэра Міколы Зайца (MikZa), які пераклаў і перапяяў загалоўны трэк з альбому «Малый повзрослел. Часть 1». Слухачы падклалі яго пад афіцыйны кліп. Выйшла забаўна. Сам Макс пакуль аніяк не адрэагаваў на такую вэрсію. (Слухаць аўдыё)

Новы самотнік «Я бегла» і кліп у падтрымку яго прэзэнтаваў гурт By Cry. У анатацыі да сваёй новай песьні музыкі зазначаюць: «Жыцьцё хуткаплыннае, а мара адвечная. Часу мала, а ідэяў зашмат. Будзеш ісьці пешшу — можаш проста не пасьпець. Застаецца адзінае — бегчы за голасам сэрца, гарэць у творчасьці, патанаць у мастацтве і ўжо там, у той глыбі вышукваць плынь свайго жыцьця». У відэа рэжысэркі і апэратаркі, а разам з тым вакалісткі і аўтаркі песьні Аляксандры Грахоўскай запальвае акторка тэатру беларускай драматургіі Гражына Быкава. (Слухаць аўдыё)

Гомельскі мэтал-гурт Fabiant прэзэнтуе на TuzinFM свой самотнік «Pa-nad žyćciom». Са словаў музыкаў, гэты трэк сьведчыць пра новы этап у гісторыі каманды і анансуе трэці альбом каманды «У сэрцы маім». Да гэтага музыкі карысталіся ў песьнях ангельскай мовай, але цяпер вырашылі сьпяваць па-беларуску. «Мы знайшлі свой шлях пасьля доўгіх пошукаў. Гэта будзе мэтал з мэлядычным жаночым вакалам, дудой, флейтай і традыцыйнай гомельскай шчыльнасьцю», — заяўляюць музыкі. Праца над альбомам ужо распачалася.

Нагадалі пра сябе трэш-мэталісты з Soulsides. Яны заявілі пра сябе ў сярэдзіне 00-х, у 2009 годзе выдалі альбом «Першы крок». Увесну музыкі прэзэнтавалі новы трэк і пасьля перапынку ў чатыры гады аднавілі актыўнасьць у сваёй суполцы. Трэк «Vendetta» анансуе іх будучы альбом.

Былы вакаліст «Песьняроў» Лявона Барткевіча і гуртоў In Search For і «Яnkey» Ян Жанчак працягвае працаваць над сваім сольным праектам. Прыход сапраўднай вясны музыка адзначыў прэм’ерай трэку ў стылі фольк-мэтал, створанага паводле народнага сьпеву «Вясна-красна».

Гурт «Закон Гука» прэзэнтаваў увесну самотнік «Калі-Юга», у якім дэманструе сваё актуальнае гучаньне. Як і папярэдні сынгл, менчукі вырашылі запісаць яго на магілёўскай студыі Arzamas16, а да сталага складу гурту далучыліся госьці Багдан Куцьця (труба) з гурту Bez.Not i Яўген Бельскі (трамбон) з Jazz City Band. З дапамогай свайго твору музыкі выказваюць спадзеў, што эпоха Калі-Югі, фактычна «час падзеньня маралі» мусіць скончыцца.

Новую песьню прэзэнтаваў гурт «Мерада», які дапрацоўвае цяпер адразу два альбомы — электрычны і акустычны. Песьню «Дарога» музыкі напісалі ў супрацы з паэткаю Настай Гулак, аўтаркаю такіх гітоў гурту «Крама», як «Падае дождж», «Хавайся ў бульбу», «Усё жыцьцё — дзіўны сон». Увесну каманда Ганны і Стыва Крамэраў прэзэнтавала таксама на TuzinFM кліп на песьню «Шпаркія хвалі».

Падвоены сынгл «Токам» прэзэнтаваў гурт Haina. Лідар каманды Ільля Паплёўка ў камэнтары TuzinFM назваў яго «інтуітыўным рэлізам», які атрымаўся з экспэрымэнтальнага студыйнага працэсу. «Загалоўны трэк адлюстроўвае наш сёньняшні музычны стан. Гэта адначасова працяг пошукаў і фіксацыя зробленага на сёньняшні момант», — зазначыў Ільля. У рэліз таксама ўвайшла песьня «Кантроль».

І яшчэ адно веснавое абуджэньне — празь перапынак у год аднавіў дзейнасьць гурт Вольгі Акуліч «Верасень». Музыкі прэзэнтавалі новы сынгл «Анёл», запісаны ў супрацы з саўндпрадусаркаю Нэлі Зубовіч. Вольга кажа, што праз гэты трэк яны хочуць паказаць слухачам сваё новае гукавое аблічча. Але пры гэтым «Верасень» застаецца верным свайму дэвізу, які фармулююць так: «драйв без гістэрыкі і пяшчота без цукровага сіропу».

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — http://www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаем песьням на беларускай мове.  Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах.

Песьні вясны-2017. Агляд прэм’ераў. Частка першая (аўдыё/відэа)

Яшчэ прэм’еры вясны:

Нечаканая «Вясна» ад Кацярыны Ваданосавай

Барыс Штэрн запісаў трэк у падтрымку Ядвігі Паплаўскай

Сілка скончыў унівэр: «Цяпер у мяне загоны новага ўзроўню»

Даўншыфтынг-рок ад «Дабл»

TuzinFM