Кірыл Папакуль: «Паўдзельнічаць у чарце, як дачку адвесьці ў садок» (аўдыё/відэа)
1983 / 0
30.05.2017

Кірыл Папакуль: «Паўдзельнічаць у чарце, як дачку адвесьці ў садок» (аўдыё/відэа)

Лідэр гурту «Апотом» дзеліцца ўражаньнямі з нагоды перамогі ў аўдыёчарце песьні «Пінокіё».

Сумесны трэк гурту «Апотом» і расейцаў з «Пушной band» дэбютаваў у 11-м туры і адразу ж трапіў у лідэры. Пасьля зацятага змаганьня за першае месца каманда Кірыла Папакуля вырвалася наперад і па выніку назьбірала 497 галасоў — болей за ўсіх у гэтым сэзоне за тур набіраў толькі Пінхас Цынман.

Лідэр «Апотом» Кірыл Папакуль кажа, што штодня сачыў за галасаваньнем. «Мне важна было перамагчы. Таму што калі ты ўжо за нешта бярэсься, трэба гэта рабіць як мага лепш. Да песень свайго гурту я стаўлюся як да дзіцяці. А ўдзел у чарце для мяне, гэта нібыта адвесьці малую ў дзіцячы садок. Трэба яе там усім прадставіць, з усімі пазнаёміць, падтрымаць».

Кірыла кажа, што галасавалі ўсёй сваёй бандай, а пад канец прасілі падтрымкі ў сяброў. У «Апотом» даволі актыўная суполка прыхільнікаў, якая склалася ў тым ліку дзякуючы леташняй краўдфандынгавай кампаніі. «Так што мы перамаглі і таму, што песьня добрая, і дзякуючы нашым фанам і сябрам, якім рэгулярна нагадвалі пра чарт у фэйсбуку ды ўкантакце», — падсумоўвае Кірыла.

А вось Аляксандар Пушной сьвядома адхіліўся ад удзелу ў галасаваньні. І не скарыстаўся сваёй шматлікай пляцоўкай, каб заклікаць галасаваць іншых. «Калі песьня добрая, за яе і так прагаласуюць», — пэўны музыка. «Такі падыход цалкам адпавядае яго стратэгіі, — тлумачыць Кірыл Папакуль. — Пушной накіраваны на тое, каб выдаць як мага больш праектаў. Ён не аглядаецца назад, і яго не турбуе, як яго прадукт успрымаюць. Скончыўшы адну песьню, ён адразу бярэцца за наступную».

Што да супернікаў, то лідэр «Апотом» называе іх дастойнымі. Сам ён акром «Пінокіё» галасаваў за «Добру песьню» гурту «Палац».

Працягвае набіраць папулярнасьць і відэавэрсія «Пінокіё». На гэтым тыдні яна перакрочыла мяжу ў 70 000 праглядаў.

TuzinFM