Вызначаныя фіналісты конкурсу «Засьпявай 4x4» (аўдыё)
526 / 0
31.05.2017

Вызначаныя фіналісты конкурсу «Засьпявай 4x4» (аўдыё)

Журы конкурсу маладых выканаўцаў назвала імёны тых, хто возьме ўдзел у адукацыйнай сэсіі, студыйным запісе і канцэртах ды пазмагаецца далей за галоўны прыз.

24 заявы было пададзена сёлета на конкурс «Засьпявай 4x4», мэтай якога ёсьць спалучыць беларускую сучасную паэзію з музыкаю. Зь іх былі прынятыя да разгляду 18 заяваў. Журы конкурсу мелася вызначыць чатыры фіналісты, зь якімі будзе далей весьціся праца. Сёлета конкурс праходзіць у новым фармаце — з адукацыйнай сэсіяй, майстар-клясамі, працай у студыі, справаздачнымі канцэртамі. Пераможцу чакае таксама грашовая ўзнагарода (сёлета яна складае 1000 беларускіх рублёў) і запіс відэакліпу.

Такім чынам, у чацьвёрку фіналістаў трапілі.

Дуэт Марыя Гаўрыленка & Алiна Казачэнка

22-гадовыя студэнткі другога курсу Беларускай акадэміі мастацтваў Марыя і Аліна заснавалі дуэт летась увосень 2016 году падчас фэсту «Бардаўская восень». Сьпяваюць песьнi на ўласныя тэксты, а таксама на вершы беларускiх паэтаў. На «Засьпявай 4x4» яны падалі песьню «Мы завісьлі» на верш паэткі Ніны Лістоты, а музыку да яе напісала Марыя Гаўрыленка.

«Малала»

Этна-гурт «Малала» аб’яднаў трох дзяўчат. Яго заснавала цымбалістка зь Ліды Юліяна Шырма (25 гадоў), якая цяпер навучаецца на 5-м курсе акадэміі мастацтваў і выкладае акторскае майстэрства ў дзіцячым музычным тэатры «Казка». На акардэоне грае 28-гадовая Алёна Грыб зь вёскі Крупіца, яна скончыла пэдагагічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «музычнае і тэатральнае мастацтва», грала ў аркестры народных інструмэнтаў, сьпявала ў хоры, а цяпер працуе бібліятэкарам у Акадэміі навук. Трэцяя ўдзельніца гурту — 21-гадовая Іларыя Шашко, яна з Баранавічаў, вучыцца на 3-м курсе ў акадэміі мастацтваў на акторку тэатру і кіно. «Малала» існуе ўжо каля двух гадоў, сёлета дзяўчаты далі свой першы сольны канцэрт у КЗ «Верхні горад». Для конкурсу «Засьпявай 4x4» яны падрыхтавалі кампазыцыю «Кавуны пасохлі», у якой тэкст народнай песьні «Полька-Янка» спалучаны з аўтарскім тэкстам паэткі Юліяны Шырмы.

«Тутэйшыя»

Гісторыя гурту «Тутэйшыя» налічвае тры гады, у яго ўваходзіць дзьве будучыя рэжысэркі, школьны настаўнік па фізкультуры, гандляр у музычнай краме ды тэатральны гукарэжысэр. Музыкі бралі ўдзел у конкурсе летась і трапілі ў фінал, а па выніку атрымалі спэцыяльную адзнаку журы. Сёлета вырашылі паспрабаваць свае сілы зноў. Для «Засьпявай 4x4» яны запісалі песьню «Навучы мяне жыць» на словы лідэркі «Тутэйшых» Тацяны Казановіч, вершы якой друкаваліся ў часопісах «Верасень» і «Маладосьць».

K3tyvana

Чацьверты фіналіст K3tyvana (Кетэван Асраташвілі), 23-гадовая сьпявачка, якая дагэтуль ужо двойчы ўдзельнічала ў конкурсе «Засьпявай»: пазалетась яна заняла 3 месца з кавэрам на песьню Adele «Skyfull», а на «Засьпявай 3.0» атрымала добрыя водгукі на сваю вэрсію вершу Рыгора Барадуліна «Свабода» і кавэр на «Калыханку». Сёлета Кетэван разам з 23-гадовым клявішнікам ансамблю «Верасы» Васілём Мельнічкам і 27-гадовым ды-джэем Аляксандрам Плютам зрабіла песьняю верш Дар’і Бялькевіч «Ня музыка».

Журы таксама назвала двух запасных, якія ў выпадку адмовы кагосьці зь фіналістаў, заменяць іх на другім этапе конкурсу. Гэта гурт Vodar і Ірміна Ластоўская. Акром таго, у адукацыйнай сэсіі па-за конкурсам атрымаў магчымасьць паўдзельнічаць гурт Vibeclub, які вылучылі адразу тры сябры журы за арыгінальную музычную падачу.

У першай палове чэрвеня арганізатары конкурсу партал TuzinFM.by і фонд «Вяртаньне» разам з журы і мэнтарамі дапрацуюць расклад адукацыйнай праграмы і ўзгадняць яе зь фіналістамі. Сачыце за навінамі конкурсу праз суполкі ў Facebook і УКантакце.

TuzinFM