Гісторыя Беларусі ў 24 трэках (прэм’ера альбому!)
5758 / 0
01.06.2017

Гісторыя Беларусі ў 24 трэках (прэм’ера альбому!)

Вакаліст гурту Dzieciuki Алесь Дзянісаў прэзэнтуе на TuzinFM свой сольны альбом «Кароткая гісторыя Беларусі», запісаны на словы сьляпога паэта са Скідзелю Алеся Чобата.

Па песьнях з гэтага альбому сапраўды можна вывучаць гісторыю краіны: заснаваньне гарадоў, часы ВКЛ, Паўночная вайна, паўстаньне Каліноўскага, Панятоўскі, Міцкевіч, Багдановіч, Тарашкевіч… Падзеі, асобы ды іх (пера)асэнсаваньне — усё гэта ёсьць у «Кароткай гісторыі Беларусі». Менавіта пад такой назвай у 2014 годзе пабачыў сьвет зборнік Алеся Чобата, які натхніў гарадзенскага музыку Алеся Дзянісава на запіс альбому паводле гэтых вершаў. «Мы знаёмыя ўжо даўно з Алесем Фёдаравічам і мяне вельмі кранаюць ягоныя вершы. Я лічу, што гэта геніяльны паэт, які выдатна адчувае як мінулае, так і будучыню», — зазначае музыка. Яшчэ на этапе выбару вершаў Алесь сутыкнуўся зь меркаваньнем аднаго знаёмага музыкі, які сказаў, што зь вершаў Чобата немагчыма зрабіць песьні, надта яны ўжо немузычныя. Але Дзянісаў сваёй працаю абвергае гэтую тэзу.

Спачатку меркавалася запісаць «Кароткую гісторыю» разам з гуртом «Людзі на балоце», але гурт у гэты пэрыяд практычна прыпыніў сваю дзейнасьць, таму Алесь вырашыў запісаць песьні самастойна. Ён працаваў над альбомам цягам двух гадоў. На адну зь першых запісаных песень «Турма» акурат тады быў зьняты кліп. А сёлета асобным сынглам прэзэнтаваў сьпеў «Калі над лугам бусел праляцеў». Ён прысутнічае на дыску ў двух варыянтах — пад адну гітару, як і ўсе астатнія песьні і ў вэрсіі, запісанай разам з гуртом Race of Dreamers. Яшчэ дзьве песьні «Эпілог» і «Станіслаў Аўгуст Панятоўскі» былі зробленыя разам з гуртом Dzieciuki для альбому «Рэха». Цяпер гэтыя творы можна паслухаць і ў акустычным варыянце. Усяго было запісана 25 песень, адна зь іх зь іншага зборніка Алеся Чобата, таму яна не ўвайшла ў гэты альбом, затое будзе выкарыстаная ў будучым альбоме «Дзецюкоў».

Прэзэнтацыя альбому «Кароткая гісторыя Беларусі» пройдзе ў верасьні ў Горадні, Віцебску, Менску. Алесь Дзянісаў зьбіраецца і надалей займацца сольным праектам. Наступная мэта — ажыцьцяўленьне даўняй мары: альбом на вершы Ўладзімера Караткевіча.

СПАМПАВАЦЬ АЛЬБОМ АДНЫМ ФАЙЛАМ З TUZINFM (.ZIP)

У стварэньні альбома «Кароткая гісторыя Беларусі» прымалі ўдзел:

Алесь Дзянісаў — акустычная гітара ды вакал (1—25)

Даря Багаслова флейта, сапелка, клавішы, варган, бэк-вакал (усё — 25)

Зьміцер «Трэш» Брытанаў бубны, бас, варган, бэк-вакал (усё — 25)

 

Алесь Чобат — вершы

Алесь Дзянісаў — музыка (1—24), 25 — Алесь Дзянісаў/Race of Dreamers

 

Запіс зроблены на хатняй студыі Race of Dreamers (Горадня), люты 2017 году.

Вокладка — Яўген Бузоўскі

Падзякі:

Дануце Янаўне Бічэль, Юрыю Седзянеўскаму, Валерку Руселіку, Зьмітру «Трэшу» Брытанаву, Дашы Багасловай, Аляксею Кайрысу, Віталю Лявонаву, Юрыю «Смуру» Дубовіку, Васілю Валошчыку, Андрэю «Кактусу» Лабадзіну.

TuzinFM, фота Аляксандра Саенкі