Re1ikt зрабіў песьню з прозы Міхася Зарэцкага (відэа)
3515 / 0
21.06.2017

Re1ikt зрабіў песьню з прозы Міхася Зарэцкага (відэа)

Новы твор гурт прадставіў 19 чэрвеня на канцэрце ў менскім клюбе «Doodah King».

Новая песьня Re1ikt напісаная паводле апавяданьня Міхася Зарэцкага «Паэма пра чорныя вочы» адмыслова для праекту «(Не) расстраляная паэзія», што прысьвечаны беларускім творцам, расстраляным 80 гадоў таму. «Даволі шмат было паэтаў і даволі шмат вершаваных твораў — на іх лёгка было б зрабіць песьню. І атрымліваецца, што творы празаічныя могуць быць проста забытыя. У нас быў ужо досьвед, калі мы ператваралі апавяданьне ў песьню», — кажа Алесь Дземідзенка, лідэр гурта.

У праект «(Не) расстраляная паэзія» аб’ядналіся асноўныя беларускія музыкі. Кожны зробіць песняю адзін зь вершаў паэтаў Расстралянага Адраджэньня. Музыкі запісалі відэазвароты, дзе тлумачаць, чаму лічаць гэты праект надзвычай важным. Гэтак, Сьвятлана Бень адчувае еднасьць з творцамі.

«Калі мы будзем сьпяваць песьні на іхныя вершы, гэта тое самае, што паціснуць адзін аднаму рукі, моцна сьціскаць іх у сваіх абдымках, каб жорсткае чорнае небыцьцё не выхапіла іх адтуль, каб яны ня зьніклі назаўсёды», — кажа Бень.

Усе песьні з праекту будуць прэзэнтаваныя цягам восені на партале TuzinFM. А 29 кастрычніка пройдзе канцэртавая прэм’ера «(Не) расстралянай паэзіі», на якой прагучаць 12 песень на вершы паэтаў 1930-х і на музыку сучасных аўтараў. У межах праекту таксама пройдуць адкрытыя лекцыі пра паэтаў і выйдуць маўклівыя кнігі — нататнікі зь іхнымі выявамі ды цытатамі. На гэтым тыдні сканчаецца збор сродкаў на «Талацэ».

Сяргей Будкін для тэлеканалу «Белсат»