Кнігі, якія чакаюць на словы. Унікальны дызайнэрскі праект
2091 / 0
06.07.2017

Кнігі, якія чакаюць на словы. Унікальны дызайнэрскі праект

У межах праекту «(Не) расстраляная паэзія», які ладзіць партал TuzinFM.by, пабачыць сьвет сэрыя з 12 «маўклівых кнігаў» з выявамі і цытатамі беларускіх пісьменьнікаў, якія былі расстраляныя ў 1937 годзе.

«Маўклівыя кнігі» — гэта дызайнэрскія нататнікі, якія распрацавала Кацярына Пікірэня. У мінулым яна была дырэктарам кнігарні «Логвінаў», а цяпер вучыцца на графічнага дызайнэра ў праскім аддзяленьні брытанскага Teesside University ды аздабляе кнігі выдавецтва «Логвінаў». Свой праект яна прэзэнтавала ўжо ў якасьці дыплёмнай працы і атрымала найвышэйшую адзнаку. «Галоўная ідэя „маўклівых кнігаў“ — даць адчуць пераемнасьць, сувязь пакаленьняў, тое, што мы можам падхапіць нявыказаныя і ненапісаныя словы тых, чый творчы палёт абарвалі», — кажа Кацярына.

Да выданьня ўжо гатовая сэрыя з 12 «маўклівых кнігаў». На кожнай зь іх будзе імя, стылізаваны партрэт расстралянага творцы, цытата зь ягонага твору, а ў сярэдзіне, сярод чыстых старонак — песеньнік, тэксты ўсіх кампазыцыяў, якія цяпер ствараюць музыкі ў межах праекту «(Не) расстраляная паэзія».

Нататнікі будуць надрукаваныя абмежаваным накладам. Найперш іх атрымаюць тыя, хто падтрымае праект «(Не) расстраляная паэзія» на Talaka.by.

TuzinFM