Teleport — пераможца «Басовішча-2017» (+ топ-12 найлепшых песень)
6193 / 0
16.07.2017

Teleport — пераможца «Басовішча-2017» (+ топ-12 найлепшых песень)

У польскім Гарадку прайшоў 28-ы фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Найлепшым у конкурсе на меркаваньне журы стаў індзі-гурт зь Менску Teleport.

Cёлета ў фінале конкурсу ўдзельнічалі чатыры гурты, якія прайшлі праз адбор у Менску — і ўсе вельмі моцныя. BarRokka, Leibonik, SnopSnou i Teleport мелі фактычна роўныя шанцы на перамогу. Па выніках галасаваньня журы, у якое ўвайшлі арганізатары конкурсу, а таксама прадстаўнікі беларускіх мэдыяў (у тым ліку і TuzinFM), пераможцам быў названы гурт Teleport. На думку журы, гэты гурт грае музыку, надзвычай актуальную цяпер у сьвеце. На вышыні — гук, аранжыроўкі, вакал Яўгена Цярэнцьева. Пераможцы выступілі двойчы — у межах конкурсу ў першы дзень фэсту і адкрылі праграму другога дня. У якасьці прызу музыкі атрымалі грашовую ўзнагароду, гарантаванае месца ў праграме «Басовішча-2018» ды ратацыю песень у этэры «Беларускага Радыё Рацыя».

Яўген Цярэнцьеў пасьля перамогі дае інтэрвію на «Радыё Рацыя»

Teleport быў заснаваны ў 2012 годзе, але ўпершыню паказаўся на публіку толькі ў 2015 годзе, калі яны прэзэнтавалі на TuzinFM дэбютны EP «Leta», выступілі на сумесным канцэрце з гуртом TonqiXod і выдалі дэбютны альбом «Maukliva». Зводзілі песьні для дыску музыкі сваімі сіламі, а мастэрынгам займаўся брытанскі гукарэжысэр Стыў Кітч, які працаваў над дыскам Аліны Арловай «Mutabor». У гэтым жа годзе вакаліст каманды Яўген Цярэнцьеў увайшоў у тройку прызэраў конкурсу «Засьпяваў 2.0», а ўвесь гурт намінаваны на ўзнагароды TuzinFM «Героі году» як «Адкрыцьцё году».

«Гэтыя хлопцы займаюцца хутчэй ня музыкай, а жывапісам. Толькі што замест пэндзля ў іх інструмэнты, а замест фарбаў — рознага кшталту гукавыя эфэкты», — гэтак адгукнуўся пра творчасьць «Тэлепорту» галоўрэд TuzinFM Сяргей Будкін. Іх альбом прыязна ўспрынялі на Experty.by як айчынныя, так і замежныя экспэрты. У шэрагу найлепшых беларускіх альбомаў году іх першы дыск назвалі экспэрты зь Літвы, Польшчы і Латвіі, а галоўрэд Zvuki.ru Дзьмітры Куркін дык наогул паставіў яго на першае месца сярод усіх беларускіх альбомаў 2015 году: «Беларуская нэа-псыхадэлія? Ух ты! Дайце дзьве. Teleport месцамі падводзіць жаданьня выдаць фірмУ, але калі ўлічыць, што гэта дэбют, то вынік уражвае».

Але пасьля ўдалага старту Teleport амаль на год зьнік з далягляду. У гэты час з каманды сыходзіць адзін з заснавальнікаў і вакалістаў Максім Мацэвіч. Тым ня менш, гурт бярэ ўдзел у вядучых эўрапейскіх шоўкейс-фэстывалях у Таліне, Вільні і Гамбургу. Лідэр каманды Яўген Цярэнцьеў пасьля замежных выступаў дзеліцца сваімі думкамі: «Мы яшчэ самне змаглнаблiзiцца да таго, як мы самўяўляем сваю музыку. Думаю гэта справа аднаго-двух наступных альбомаў. Як сказаў Уладзiмер Мулявiн, музыканты ня могуць апускацца да ўзроўню публiкi, яны павiнны публiку падцягнуць на свой узровень. Teleport дакладна ня будзе прытрымлiвацца сёньняшнiх трэндаў, старацца быць „модным, стыльным, маладзёжным“, а цi хопiць нам таленту i ўдачы ў нашай справе, пакуль не бяруся сказаць».

Цяпер Яўген разам з басістам Віктарам Гуцам і бубначом Мікалаем Пахомчыкам рыхтуюцца да запісу другога альбому — матэрыялу багата. Пасьля перапынку, яны вяртаюцца да актыўнай канцэртнай дзейнасьці. Прынамсі, у жніўні ў іх заплянавана тры выступы — 5-га ў Горадні, 12-га ў Лідзе, 19-га ў Менску, у дворыку на Свабоды, 4.

Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM, фота Радыё Рацыя