«Крэатыўны Тузін» ад Ўладзімера Цэсьлера (+аўдыё)
973 / 0
22.07.2017

«Крэатыўны Тузін» ад Ўладзімера Цэсьлера (+аўдыё)

Свой тузін найлепшых з усіх песень сэзону 2016/2017 на TuzinFM назваў знаны дызайнэр і мастак, а ў былым удзельнік менскага гіпі-руху Ўладзімер Цэсьлер.

Скажу шчыра, што трохі боязна і цяжкавата было брацца за справу вызначэньня найлепшых песень на «Тузіне», бо я не прафэсіянал у музыцы, ад таго была вялікая рызыка не заўважыць вартых выканаўцаў. Не адзначыць за кампазытарскія посьпехі ці надзвычай яркі вакал. Я ўзяўся адабраць як слухач. І скажу, ацаніўшы ўсіх на свой небездакорны слых, што ўзровень беларускай музыкі годны. Не бяруся прадказваць лёсы і разгадваць пэрспэктыву, але спадзяюся, што і ў неназваных мною вялікая будучыня наперадзе, калі яны будуць надалей працаваць і адкрываць.

Уладзімер Цэсьлер, 1970-я

Але найперш — пра балючае. Слухаючы гэты бясконцы, падавалася б, сьпіс, усё чакаў пабачыць сваіх улюбёнцаў і дужа перажываю, што так іх і не пачуў у межах гэтага трэк-ліста.  Кажу пра гурт «Крама» і этна-трыё «Троіцу» на чале з чароўніком Іванам Кірчуком, якога, як я ведаю, ведаюць і любяць далёка за межамі Беларусі. Вельмі шкада, што яны не прэзэнтавалі ў гэтым сэзоне свае новыя песьні, але таксама маю спадзеў, што яны працягваюць працаваць і ўсё наперадзе. Быў рады ўбачыць іншыя знаёмыя мне і паважаныя гурты, асабліва «Палац», да якога даўно няроўна дыхаю.

Уладзімер Цэсьлер (зьлева), 1970-я

Усьцешна, што зьяўляюцца новыя музыкі, якія маюць што прапанаваць. Як прыклад, сымбіёз Боба Марлі і Янкі Купалы ў песьні «А хто там ідзе» ад Botanic Project, якая адразу ж зьвяртае на сябе ўвагу. Вельмі цікавы ход, мяне ўразіла!

Няспынна працаваць і штодня адкрываць для сябе нешта новае, — такое пажаданьне магу сказаць усім музыкам. І тады будзе вынік. Веру, што ў названых мною артыстаў ёсьць прага да новага, бо іх творы цікавыя і неадназначныя. Таму абраў іхныя творы ў свой топ-12.

Мая выніковая дванаццатка выглядае наступным чынам:

Botanic ProjectА хто там iдзе?

Палац — Добра песьня

IluzhanЯк нiколi раней

NizkizНебясьпечна

J:MorsБлiзка

VolskiHej

СлухацьУНавушнiках — Зiма

NGeЗiма

UzariМора

TipToeБай

Pauline Смутак гораду

Пiнхас Цынман — Дзякуй Б-гу

МЭГАТУР-2017 НА TUZINFM. ДЫЗАЙНЭРЫ АБІРАЮЦЬ! (+ 54 ПЕСЬНІ)

Уладзімер Цэсьлер, для TuzinFM, фота tsesler.com

Даведка TuzinFM. Уладзімер Цэсьлер — дызайнэр, мастак. Нарадзіўся 30 красавіка 1951 году ў Слуцку. Пасьля службы ў войску пераехаў у Менск, дзе жыве і працуе дагэтуль. Скончыў аддзяленне дызайну Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту (1980). У другой палове 60-х — пачатку 70-х гадоў належаў да нефармальнай суполкі менскіх гіпі. З 1979 году працаваў сумесна зь Сяргеем Войчанкам. Мае разам зь ім больш за 30 узнагарод міжнародных конкурсаў і біенале. Кірункі творчасьці — плякат, графіка, жывапіс, скульптура, аб’ект, мастацкія акцыі, прамысловы дызайн, афармленьне кніг, рэкляма. Плякат У. Цэсьлера «Woodstock 30 years» знаходзіцца ў музэі рэклямы пры Люўры. Мастацкі праект «Праект стагодзьдзя. 12 з ХХ» Цэсьлера і Войчанкі экспанаваўся ў музэі Людовіга пры Расейскім музэі ў Санкт-Пецярбургу, на Вэнэцыянскім біенале (2005). Працы творцы знаходзяцца ў музэях Беларусі, Францыі, Нямеччыны, Канады, Польшчы, Расеі, Паўднёвай Карэі, Японіі.