«Паўтузін» ад Ігара Назаранкі (аўдыё)
723 / 0
23.07.2017

«Паўтузін» ад Ігара Назаранкі (аўдыё)

Дызайнэр Ігар Назаранка ўшчэнт раскрытыкаваў большасьць удзельнікаў чарту на TuzinFM і здолеў назваць толькі шэсьць кампазыцыяў, якія, на яго думку, вартыя ўвагі.

Чаму ў мяне атрымаўся толькі паўтузін? Бо слухаць астатняе проста немагчыма. Ёсьць, напрыклад, добры гурт IQ48, але паслухаўшы тую ж песьню з чарту пра «арлоў», я не магу зразумець для каго яны гэта робяць. Каб сябры і жонкі паслухалі? Атрымліваецца нейкае хобі. Тое ж магу сказаць пра большасьць астатніх удзельнікаў гіт-параду. Які цяпер год? 1990? 2000? Для мяне гэта рэальна прывітаньне з 1990-х. Няўжо ў музыкаў няма інтэрнэту? Вы сядзіце на дупе і нікуды ня езьдзіце? Бачу зусім нешматлікіх выканаўцаў з прадстаўленых тут, якія сапраўды рухаюцца і шукаюць нешта новае. Іх я і назваў. Астатнія занялі ганаровае апошняе месца. Няхай гэта будзе чароўны пэндаль, які паспрыяе далейшай кар’еры музыкаў. Бо музыка калі ня рухаецца, то не жыве. Ніхто ня прыйдзе і ня зробіць за вас. Таму ваш час надыйшоў!

МЭГАТУР-2017 НА TUZINFM. ДЫЗАЙНЭРЫ АБІРАЮЦЬ! (+ 54 ПЕСЬНІ)

Шасьцёрку замыкае песьня «Зіма» ад праекту «СлухацьУнавушніках». Ня ведаю, як камэнтаваць. Але мне зайшла гэта кампазыцыя!

Мы жывем у час кавэраў. Таму вылучыў гурт U.G.oslavia ды іх прачытаньне гіта N.R.M. «Фабрыка». Добры кавэр, добры гурт, які зрабіў кавэр.

Мне вельмі падабаецца, усё, што робіць гурт Re1ikt. Песьня «Навальніца» — не выключэньне. Вельмі сучасна і цікава. Раю схадзіць на канцэрт.

На трэцім месцы ў маім умоўным «паўтузіне» — «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» ад Піта Паўлава. Добрая мэлёдыя і энэргетыка. Варта праслухоўваньня.

У Akute ў гэтым сэзоне на «Тузіне» — стабільна якасная песьня з элемэнтамі «Агаты Кристи».

На пазыцыі лідэра — безумоўна Лявон Вольскі зь песьняй «Гэй!». Ніхто не заўважае, што з намі побач жыве геній. «Можна ў нябёсах убачыць знак, але ж ніхто ня будзе глядзець», як ён сам напісаў. Так і адбываецца… Наш беларускі Джон Ленан. Ніхто за 40 гадоў музычнай кар’еры так і не перарос Лявона.

Ігар Назаранка, для TuzinFM

Даведка TuzinFM. Ігар Назаранка — дызайнэр-візуалізатар. Нарадзіўся ў 1981 годзе. У 2002 годзе скончыў БДУІР. У 2008 годзе — бакаляўрскую праграму Даўгаўпілскага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «Візуальны дызайн», прайшоў майстар-клясу ў латыскага графіка Яніса Арыньша (2011). Уладальнік шматлікіх прызоў на рэклямных і мэдыйных конкурсах і фэстах. Працаваў амаль з усімі выбітнымі айчыннымі музыкамі — ад Паплаўскай зь Ціхановічам да ZET і «Ляпіса Трубяцкога». Аздобіў блізу сотні дыскаў беларускім, украінскім і польскім гуртам. Першым у Беларусі пачаў рабіць для музычных альбомаў мультымэдыйнае аздабленьне (N.R.M. — «Тры чарапахі»).