Алесь Дзянісаў: «Сёньня мяне, заўтра вас»
1162 / 1
24.07.2017

Алесь Дзянісаў: «Сёньня мяне, заўтра вас»

Гарадзенскі музыка камэнтуе рашэньне мастацкага савету пры Менгарвыканкаме, які прызнаў нізкім яго ўзровень выканьня.

Замест пралога

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры.

Артыкул 215. Падставы для адмовы ў выдачы і ануляваньня пасьведчаньня на права арганізацыі і правядзеньня культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Частка 1.3. Заключэньне мастацкага савету па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні выкананьняў, прадугледжаных праграмай культурна-відовішчнага мерапрыемства.

Ёсьць у народзе прымаўка: калі сабаку няма чаго рабіць, то яна яйкі ліжа. Здаецца, калі чыноўнікам няма чаго рабіць, то яны зьбіраюцца на паседжаньні. Дзеля разбору творчасьці маёй сьціплай асобы, таварыш Скалабан і прадстаўнікі Менгарвыканкаму стварылі цэлую камісію! Згубілі час і народныя грошы, але не прапусьцілі на сцэну сапраўднае безкультурнае чмо. Народ можа спаць спакойна!

Я зьбянтэжаны і разгублены. Ня ведаю як і рэагаваць.

Алесь Дзянісаў на запісе сумеснай песьні з гуртом «Палац» для праекту «Новае пакаленьне»

З аднаго боку, мяне выкрэсьлілі з «экстрэмістаў», што добра. Бо стараюся не жадаць нікому зла. Тым больш, кагосьці застрэліць ці падарваць. Зь іншага боку, гучнае і грознае «экстрэміст» замянілі на нейкага «няўмеху». Трошкі крыўдна.

Не, я ні на што не прэтэндую. Я не Андрэа Бачэльлі і Джо Сатрыяні ў аднам фляконе. Але спадзяюся, што такія сядзелі ў камісіі. Спадзяюся, што ў найбліжэйшы час мы пазнаёмімся з творчасьцю менскіх ідэолягаў, якія дадуць рады паказаць сапраўднае культурна-відовішчнае мерапрыемства. Спадзяюся, што яны запішуць такі музычны альбом, што ўсе сабакі, на радасьці, паадкусваюць сабе яйкі!

Кліп на песьню «Турма» на словы сьляпога паэта Алеся Чобата (ён жа ў галоўнай ролі) з праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі», якая была забароненая для выкананьня Менгарвыканкамам празь нізкі мастацкі ўзровень

Замест эпілёгу  

Я ня веру ў самы сумленны і справядлівы. Справу Сяргея Будкіна лічу правальнай ад самага пачатку. Але нельга маўчаць. Бо ствараецца прэцэдэнт. Абкатваецца новы мэханізм забаронаў. Цалкам нявінны. Ніякай палітыкі. Нізкі мастацкі ўзровень. Кропка. Магчыма заўтра, каб прызнаць «нізкі мастацкі ўзровень» мерапрыемства ці наагул творчасьці нейкага музыкі, будуць запрашаць выкладчыкаў зь Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Сапраўды вядомых і паважаных у музычным сьвеце. І яны прагаласуюць як трэба, бо ня захочацца губляць сваё месца перад пэнсіяй…

Сёньня мяне, заўтра вас. Гэта калегам па цэху. А ўсім астатнім найвышэйшага мастацкага ўзроўню на музычных імпрэзах!

Алесь Дзянісаў

Ад рэдакцыі. Мы даслалі афіцыйны запыт у Менгарвыканкам з просьбай цалкам азнаёміць з заключэньнем мастацкага савету адносна канцэрту Алеся Дзянісава, са складам гэтага мастацкага савету, а таксама крытэрамі ацэнкі мастацкага ўзроўню, які прымяняе гэты савет пры разглядзе заяваў на гастрольнае пасьведчаньне. Разам з тым мы падалі заяву ў суд на галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай работы ў сувязі з адмовай у гастрольным пасьведчаньні на канцэрт Алеся Дзянісава.

Яшчэ: Гісторыя Беларусі ў 24 трэках (прэм’ера альбому!)

КАМЕНТАРЫ:

  • Boleslaw / адказаць
    26.07.2017 / 00:04

    А я спампаваў і паслухаў альбом. Вельмі цікавая і слушная праца. Сур'ёзная і шчырая. З задавальненьнем набыў бы кружэлку ў студыйнай якасьці. А наконт усіх гэтых "мастацкіх саветаў"... А чаго яшчэ можна ад іх чакаць?

  • КАМЕНТАВАЦЬ