«Нясонны Тузін» ад Зьмітра Сурскага
824 / 0
24.07.2017

«Нясонны Тузін» ад Зьмітра Сурскага

Свой выбар 12 найлепшых песень сэзону 2016/2017 на TuzinFM зрабіў старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі.

Я не зьяўляюся прафэсійным слухачом, таму мой плэйліст можа падацца суб’ектыўным і супярэчлівым. Мае музычныя перавагі грунтуюцца хутчэй на настальгічных успамінах маладосьці. І сярод прапанаваных для адбору песень я не адзначаў для сябе гіты, якімі б я заслухоўваўся сёньня і ў будучыні. Для мяне музыка — гэта фон для працы хутчэй рукатворнай, а не інтэлектуальнай, таму і настрой абраных песень, на мой погляд, той, што не дазваляў бы мне заснуць і надаваў драйву. Але ж у «Тузін» трапілі і некаторыя больш лірычныя і філязофскія песьні, якія кранулі мяне тэкстам ці манерай выкананьня.

МЭГАТУР-2017 НА TUZINFM. ДЫЗАЙНЭРЫ АБІРАЮЦЬ! (+ 54 ПЕСЬНІ)

Даволі чапляльныя па форме і гучаньні прыклады альтэрнатыўнага року з ноткамі мэталу ўзору канца 90-х — пачатку 00-х — дзьве песьні з жаночым, і дзьве — з мужчынскім вакалам, а менавіта кампазыцыі гуртоў NGeЗіма»), «Варона» Ня трэба шкадаваць»), «Дабл» («Цемра») і «СразуМай» («Небасхіл»). Слушныя і музыка, і тэксты.

У «Ілюжан» — цікавая гарадская кампазыцыя «Як ніколі раней» зь вельмі прыгожым аўтэнтычным правінцыйным пранонсам, цудоўнае спалучэньне, якое надае жывасьць і шчырасьць музычнаму тэксту. У нашым восеньскім леце фанк грэе.

Песьня «А хто там ідзе» ад Botanic Project  добрая нагода ўзгадаць клясыку, і музычную, і літаратурную. Зьвярнуў на сябе ўвагу і гурт Leibonik з «Рок-музыкантам» — таксама пераасэнсаваньне музычнай клясыкі, на гэты раз — айчыннай.

У песьні «Навальніца» гурту Re1ikt зачапіў вакал, падобны да гучаньня дуды, і па рытме і па тэмбры. Пры гэтым маюць месца алюзіі на Alice in Chains і Tool. У гуку і словах адчуваецца хтанічнасьць і непераможныя прыродныя стыхіі.

Трапіла ў мой рэйтынг «Душа-яліна» ад By Cry з прыгожымі пазытыўнымі дзевачкамі-запальнічкамі ў кліпе на гэтую песьню. У музычным пляне — неверагодны мікс з фальклорнай асновай. Слушна, весела, зухавата.

У песьні Nizkiz «Небясьпечна» пачуў даволі распазнавальны вакал у нашых тэрэнах, надрыўны, што зрываецца на фальцэт, «чэсны». Падобны да вядомых мне брытанскіх рок-адраджэнцаў 00-х.

Вылучыў таксама «Робін Гуд» ад . Некамэрцыйны андэграўнд мне таксама блізкі. Асабліва зацікавіў дыскурс наратыва.

І пры канцы — «Вясна» ад CherryVata трохі сумна, але ж прыгожа.

Зьміцер Сурскі, для TuzinFM

Даведка TuzinFM. Зьміцер Сурскі — дызайнэр і мастак, кіраўнік Беларускага саюзу дызайнэраў (з 1995 году). Нарадзіўся 8 кастрычніка 1959 году ў Менску. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (1982). Мастак-канструктар усесаюзнага навукова-дасьледчага інстытуту тэхнічнай эстэтыкі (1982—1988), кіраўнік сэктару інстытуту «Белбыттэхпраект» (1988—1989), мастак на менскім мастацка-вытворчым камбінаце (1992). Чалец рады па прысуджэньні прэміяў Савету міністраў Беларусі ў вобласьці дызайну і па прысуджэньні дзяржаўных прэміяў у вобласьці літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Сярод галоўных працаў — плякаты «Эканомiя ў быце» (1985), «Хлеб усяму галава» (1987), «Кадры решают все» (1989), «Стань трэндом!» (2006), дызайн ды ўкладаньне каталёгу «Знак. Логотип», даведніка «Кто есть кто. Дизайн внутри и снаружи», выданьня «РROдизайн», фірмовыя лёга шэрагу арганізацыяў ды ўстановаў, у тым ліку Палацу рэспублікі (1999). Кірунак працы — плякат, індустрыяльны дызайн, графічны дызайн, аздабленьне кніг, рэкляма.