Фіналісты «Засьпявай 4x4» выступяць у цэнтры Менску (+аўдыё/відэа)
1616 / 0
12.08.2017

Фіналісты «Засьпявай 4x4» выступяць у цэнтры Менску (+аўдыё/відэа)

Пасьля індывідуальных і групавых заняткаў ды студыйнае працы фіналісты конкурсу «Засьпявай 4x4» рыхтуюццца да канцэртаў, якія пройдуць пры падтрымцы вядомых беларускіх гуртоў.

«Тутэйшыя» выступяць на адной сцэне з Vuraj, K3tyvana разам з Cherryvata, «Палац» падтрымае гурт «Малала», а канцэрт новастворанага гурту «Heli°us» Марыі Гаўрыленкі і Аліны Казачэнкі пройдзе пры ўдзеле Дзьмітрыя Нікановіча і Мікіты Найдзёнава, пераможцаў леташняга конкурсу «Засьпявай».

Канцэрты фіналістаў «Засьпявай 4x4» пройдуць на летняй тэрасе «Двор», што знаходзіцца ва ўнутраным дворыку на плошчы Свабоды, 4 (уваход праз кавярню ChillOut) 25 і 26 жніўня, 1 і 2 верасьня. Можна загадзя забраніраваць столікі праз тэл. +375 44 760-63-43.

Цягам лета фіналісты «Засьпявай 4x4» правялі на лекцыях, майстар-клясах, трэнінгах, кансультацыях ды на студыі. Лідэр Vuraj Сяргей Доўгушаў правёў сэрыю заняткаў па прыродным голасе, саўндпрадусар Андрэй Акатаў распавёў пра тонкасьці студыйнай працы.

Андрэй Акатаў з гуртом «Малала» падчас працы ў студыі

Дызайнэрка Наста Шастак падрыхтавала ўнікальную лекцыю пра цэласьць вобразаў у музыцы і правяла практычныя заняткі, на якіх разам з музыкамі шукала адпаведную іх творчасьці візуальную канцэпцыю.

K3tyvana на занятках «Цэласьць вобразаў»

Кіраўнік лэйблу Ezhevika і лідэр гурту Cherryvata Дзьмітры Літвіновіч падзяліўся ўласным досьведам па продажы і распаўсюдзе музыкі, а музыка і выкладчык унівэрсытэту культуры Алег Хаменка правёў лекцыі, прысьвечаныя тэме маркетынгавых тэхналёгіяў у музыцы.

Алег Хаменка зь Юліянай Шырмай («Малала»), Марыяй Гаўрыленкай, Тацянай Казановіч («Тутэйшыя») і Алінай Казачэнкай

Пра асаблівасьці арганізацыі канцэртаў і вулічных фэстаў фіналістам «Засьпявай 4x4» распавёў прамоўтэр Антон Сіманкоў, а піяр-мэнэджар Зьміцер Безкаравайны даў свае парады музыкам, як прасоўваць сваю творчасьць. Вялікую цікавасьць таксама выклікалі лекцыі дасьледчыка, аўтара рубрыкі «!OUT» на TuzinFM Віктара Сямашкі і выкладчыка БДУ, кандыдата мастацтвазнаўства Аляксея Стрэльнікава, прысьвечаныя адпаведна гісторыі беларускай сучаснай музыкі і гісторыі беларускай сучаснай паэзіі.

Марыя Гаўрыленка падчас запісу песьні

Фінальны этап навучальнай сэсіі — запіс конкурснай песьні на студыі Central Station пад чулым кіраўніцтвам мэнтараў конкурсу — Сяргея Доўгушава (ён адказны за «Тутэйшых»), Зьмітра Літвіновіча (ён працуе з K3tyvana), Алега Хаменкі (ён кансультуе «Малалу») і «Heli°us» (ім дапамагае Андрэй Акатаў). Неўзабаве музыкі прадэманструюць вынік сваёй працы.

Пакуль жа можна паслухаць дэма-варыянты песень фіналістаў.

У жывым выкананьні гэтыя ды новыя песьні канкурсантаў можа будзе пачуць на канцэртах «Засьпявай 4x.

25/08 (пятніца)
Vuraj і «Тутэйшыя»

26/08 (субота)
Дзьмітры Нікановіч/Мікіта Найдзёнаў і «
Heli°us»

1/09 (пятніца)
Cherryvata і K3tyvana

2/09 (субота)
«Палац» і «Малала»

TuzinFM выказвае вялізную падзяку прасторы «Кватэрнік» на вул. Багдановіча, 7 і летняй тэрасе «Двор» на пл. Свабоды, 4.

TuzinFM