Прэм’еры лета-2017. Частка другая (аўдыё)
2029 / 0
15.08.2017

Прэм’еры лета-2017. Частка другая (аўдыё)

«Папсовыя» Intelligency, рэпэр, які палемізуе са Жбанковым, «ваярскі» блюз пра ліцьвіна, электронны трэк на словы Янішчыц, беларускі кавэр на пераможцу «Эўравізіі-2017» ды іншыя прэм’еры гэтага лета.

Рэпэр Speaker Trey прэзэнтаваў на TuzinFM трэк «Я іх ня бачу». Са словаў музыкі, у сваёй прамове ён хацеў выказаць сваё стаўленьне да тыповых забабонау сёньняшнiх экспэртаў па нашай культуры. «Гэта мой адказ тым, хто кажа, што не існуе ніякай культуры, ці яна амэрыканізаваная, ці наадварот — зрусіфікаваная, што ў яе няма шанцаў, што гэта поўны калгас і гэтак далей», — тлумачыць рэпэр і дадае, што на напісаньне трэку паўплываў артыкул Максіма Жбанкова пра культуру сьмецьця. Трэй пэўны, што ня ўсё так сумна, асабліва калі да асэнсаваньня справаў у беларускай культуры падыходзіць з розумам, густам ды гумарам. Раней Трэй разам з калегам, беларусам з ЗША Томам Нэйвам прэзэнтаваў трэкі «Першы» і «Крэмль». 

«Popcy» — гэтак называецца новы беларускамоўны трэк ад гурту Intelligency — адкрыцьця году ў беларускай музыцы на прэміі «Героі году — 2016». Музыкі запісалі яе ўвесну 2017 году падчас працы над альбомам «Techno Blues». Яе аўтар Усевалад Доўбня кажа, што гэта песьня пра малады дух, які прагне прыгодаў і пастаяннага руху. Першапачаткова яна была створаная на ангельскай, але прасьпяваўшы спантанна пару радкоў па-беларуску, вырашана было яе запісаць на роднай мове. «Мы імкнуліся зрабіць сучасную радыйную песьню на мяжы масавай творчасьцi i сучаснай электронiкi. Па-беларуску менавіта такой „папсы“ не стае», — зазначае вакаліст Intelligency.

Менскі гурт «Руно» прэзэнтаваў на TuzinFM сваю новую беларускамоўную песьню «У цішы». Аўтар словаў і музыкі Ільля Асіюк распавядае, што ён хацеў зафіксаваць пэўны стан душы, які так і называе «ў цішы». «Наша ўяўленьне малюе вобразы ў нашай галаве. Я сьпяваю пра сустрэчу зь незнаёмай дзяўчынай. Перад тым, як падысьці да яе, мы сустракаліся поглядамі і перакідваліся думкамі. Думаю, што гэта звычайная справа ў такіх сустрэчах», — кажа Ільля.

Яшчэ адзін радыйны гіт прэзэнтаваны ўлетку на TuzinFM. «Неба блізка» — новая песьня Аляксандра Сухарава. Сьпявак задумаў беларускамоўны цыкль з аўтарскіх твораў вясёлых і павольных, якіх бы яднаў добры пазытыўны настрой. «Гэта лірычная, можа нават у нейкім сэнсе філязофская, але даволі лёгкая і сьветлая музычная кампазыцыя», — так прадставіў яе выканаўца слухачам TuzinFM. Гэта ўжо чацьверты трэк зь беларускага цыклю. Да гэтага былі «Цікава», «Барыста» і «Мова». «Неба блізка» ўпершыню прагучала ўжывую на канцэрце Аляксандра ў траўні ў Тэатры эстрады і была прынятая вельмі прыязна слухачамі.

Mikita прэзэнтаваў улетку свой дэбютны рэліз — EP «Мары», куды ўвайшло пяць песень (падрабязьней пра праект гарадзенца Мікіты Ігнаценкі — у 22-м выданьні Belsat Music Live). Безумоўнае ўпрыгожаньне максы-сынглу — песьня «Пакліч» на словы Яўгеніі Янішчыц. Яна была запісаная для ўдзелу ў конкурсе «Засьпявай 4x4», але не падышла пад умовы (бо верш напісаны больш чым 30 гадоў таму). Тым ня менш яна была дапрацаваная і ўключаная ў рэліз. «Я асабліва ганаруся гэтай кампазыцыяй. Верш Яўгеніі Янішчыц вельмі рэзануе з маім адчуваньнем мастацтва і жыцьця», — падкрэсьліў сьпявак. Цяпер ягоная каманда працуе над першым поўнафарматным альбомам, рэліз якога заплянаваны на вясну 2018 году.

Гурт «Ілюжан» гэтым летам запісаў і прэзэнтаваў новы самотнік «Reset». Музыкі называюць гэтую кампазыцыю самай рокавай у сваім рэпэртуары. Вакалістка Кацярына Папова так прадстаўляе песьню: «Часам можа падавацца, што жыцьцё скончылася і растаньне з блізкімі людзьмі можа пазбавіць існаваньне ўсякага сэнсу. Але гэта якраз тыя абставіны, якія вымагаюць чалавека ўзяць сябе ў рукі і перагарнуць кнігу рэчаіснасьці на новую старонку, адкрыць новы зьмест, напоўніцца новымі перажываньнямі. І ўсё гэта робіцца, канечне ж, на хвалі сапраўднай любові, якая ў выніку заўжды застаецца вышэй за крыўду, пагарду і боль».

Менскі гурт MorkvoЦвет разам з гуртом «Гафт» (Санкт-Пецярбург) запісаў самотнік «Псальмы». «Гэта ня проста самотнік. Гэта запрашэньне да інтэрнацыянальнага супрацоўніцтва. Мы хочам даказаць, што музыка межаў мець ня можа», — кажа лідэр «Гафт» Мікалай Якаўлеў. Яго трэк «Псальмы» загучаў па-японску, а дзякуючы MorkvoЦвет цяпер ёсьць і ў беларускай вэрсіі. Рыхтуюцца пераклады на францускую і італьянскую. Удзельнікам праекту імпануе ідэя паказаць багацьця моваў у сьвеце і ў той жа час аб’яднаць людзей у час вялікай разрозьненасьці.

Гурт Incerto прэзэнтаваў самотнік «Памяць». Са словаў музыкаў, гэты запіс уяўляе зь сябе першую спробу паказаць сябе і яны выдаткавалі на яго нямала часу. «Прэзэнтуем песьню з трымценьнем, бо ўклалі ў яе ўсіх сябе. Гэты трэк дэманструе, чым ёсьць наш гурт на самой справе. Спадзяемся зацікавіць ім прыхільнікаў альтэрнатыўнай музыкі», — зазначыла вакалістка каманды Валянціна Мілеўская. На TuzinFM прэзэнтуецца радыё-вэрсія «Памяці». Поўны варыянт можна паслухаць у афіцыйнай суполцы каманды.

Нагадаў пра сябе гурт зь Берасьця «Аб’ект» («Объект»). У 2012 годзе музыкі прэзэнтавалі на «Тузіне» самотнік «Нічога не казаць», а існуе наагул з 2001 году. Хлопцаў яднае вера ў панк-рок, яны трымаюцца прынцыпу D.I.Y. і не губляюць унутранага запалу. Стылістычна ў сваім новым трэку «Deja Vu» яны перадаюць прывіт гранжавым 90-м ды аддаюць даніну павагі традыцыям нойз-року, але стыль вызначаюць як чысты панк. «У нашай песьні адлюстроўваюцца настрой падлетка, які знаходзіцца на ростані перад тым, як зрабіць наступны крок: ці тое працягваць пратэст ці тое пагадзіцца і прыняць абставіны і павольна страціць усе мары», — кажа вакаліст каманды Аляксандар Томпсан. Песьня ўвайшла ў сьвежы EP «Чай», які цалкам можна пачуць на Bandcamp.

Свой першы самотнік запісаў гурт «Ваяр». Каманда паўстала дзякуючы аўтару словаў і музыкі Валерыю Заліваку, які ў сакавіку 2016 года сабраў сваіх сяброў дзеля сумеснага выкананьня сваіх песень. Так да гурту далучыліся Мiхась Курышкiн (гiтара), Вольга Скворада (бас) і Яўген Куцапаленка (бубны). Дэбютны трэк «Ліцьвін» музыкі запісалі на студыі «Гукапiс» кампаніі Prastora.By разам з гукарэжысэрам Алегам Чыжыкам.

Беларускі гурт «Manietny dvor» з Гайнаўкi прэзэнтаваў самотнік «Зазноба» са свайго будучага аднайменнага альбому. Музыкі вызначаюць свой стыль «сёрф-рок». «Хтосьцi пачуе знаёмыя гукi з кiнастужак Тарантына, а хтосьцi зь фiльмаў савецкага часу», — прэзэнтуе свой твор лідэр каманды Зьміцер Гайдэль. Запісаны трэк быў у Менску, на студыі Everest, а прэзэнтаваны ўжывую на сёлетнім фэсьце «Басовішча». Да гэтага музыкі запісалі дэма-альбом «Šlachcic Zavalnia».

Яшчэ адзін новы трэк гэтага лета прэзэнтаваны ў суполцы TuzinFM «Укантакце». Песьня «Кахаць за дваіх» праекту сьпявачкі Аляксандры Ткач Lexy Weaver — гэта беларускі кавэр на «Amar Pelos Dois» партугальца Салвадора Сабрала, якая перамагла на сёлетняй «Эўравізіі». «Мяне моцна ўразіла гэтая кампазыцыя, — кажа сьпявачка. — Музыка Салвадора кранае кожную частку мяне. Беларускі тэкст прыйшоў літаральна за 10 хвілін. І для мяне вельмі істотна засьпяваць на музыку чалавека, які прысьвяціў сябе музыцы».

Сама 17-гадовая Аляксандра трапіла сёлета ў фінал беларускага адбору на «Эўравізію». Гэты год для яе быў надзвычай плённым: яна стала паўфіналісткай праекту «Голас Балтыі», пераможцай конкурсу «Viva La Musica» ў намінацыі «Аўтарская песьня», пераможцай інтэрнэт-праекту «YourVoice-2017», пераможцай вясновага туру праграмы «Бульба-Гіт» на радыё «Менская хваля».

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаём песьням на беларускай мове.  Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.

Яшчэ: ПРЭМ’ЕРЫ ЛЕТА-2017. ЧАСТКА ПЕРШАЯ (АЎДЫЁ)

ПЕСЬНІ ВЯСНЫ-2017. АГЛЯД ПРЭМ’ЕРАЎ. ЧАСТКА ПЕРШАЯ (АЎДЫЁ/ВІДЭА)

ПРЭМ’ЕРЫ ВЯСНЫ-2017. ЧАСТКА ДРУГАЯ (АЎДЫЁ/ВІДЭА)

 TuzinFM