«Именем Республики Беларусь». Эканамічны суд стаў на бок ідэолягаў
3255 / 0
22.08.2017

«Именем Республики Беларусь». Эканамічны суд стаў на бок ідэолягаў

Судзьдзя Эканамічнага суду Менску Аліна Драбудзька палічыла законнымі дзеяньні гарадзкіх ідэолягаў, якія забаранілі прэзэнтацыю альбому Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі».

У Эканамічным судзе Менску адбылося паседжаньне ў сувязі з заявай кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна, які прасіў прызнаць незаконнымі дзеяньні галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму. Ідэолягі адмовілі ў правядзеньні канцэрту ў межах праекту «Жывы Тузін» Алеся Дзянісава з прэзэнтацыяй праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі» з прычыны «нізкага мастацкага ўзроўню выкананьня». Гэтак вызначыў мастацкі савет пры Менгарвыканкаме. Напярэдадні судовага паседжаньня ў адказ на запыт аб пратаколе паседжаньня мастацкага савету, аб яго складзе і аб працэдуры ацэнкі ўзроўню выкананьня, начальнік ідэалягічнага ўпраўленьня Павал Скалабан даў банальную адпіску.

Пры разглядзе справы, судзьдзя Аліна Драбудзька прыйшла да высновы, што патрабаваньні заяўніка ня могуць быць задаволеным, бо ў прыняцьці рашэньня ідэолягі кіраваліся Кодэксам «Аб культуры», у якім прадугледжана адмова ў выдачы гастрольнага пасьведчаньня. Кола замкнулася.

Спампаваць рашэньне Эканамічнага суду Менску цалкам (.zip)

TuzinFM папрасіў пракамэнтаваць гэтае рашэньне юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелку: «Суд фармальна ацаніў довады заяўніка і абгрунтаваў рашэньне самім фактам наяўнасьці ў дзяржоргана паўнамоцтва ў выдачы дазволу на правядзеньне канцэрту. Але аніяк не былі вырашаныя довады, выкладзеныя ў заяве, што такая забарона парушае правы і свабоды, якая ахоўваюцца Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі», — заўважыў экспэрт.

Мы будзем абскарджваць рашэньне Эканамічнага суду Менску ў гэтай справе ў апэляцыйнай камісіі.

Камэнтар Сяргея Будкіна:

«Именем Республики Беларусь»… Так пачынаецца дакумэнт, які мне выдалі ў Эканамічным судзе Менску. Паседжаньне, у якім я, як арганізатар мерапрыемства, аспрэчваў дзеяньні ідэолягаў адносна забароненага канцэрту Алеся Дзянісава, правялі безь мяне. Я быў за мяжою і дазнаўся пра тое, што суд адбыўся, па прыезьдзе. Усё прадказальна, але ўсё адно крыўдная гэтая мэханіка.

Адны гасударавы людзі выдумалі Кодэкс «Аб культуры», аналягаў якому ў сьвеце напраўду няма. Ён фактычна ўзаконьвае цэнзуру і татальны кантроль у гэтай сфэры. Другія гасударавы людзі (ідэолягі зь Менгарвыканкаму) з прыемнасьцю сталі яго прымяняць у адносінах да тых, чый сьветапогляд для іх непрымальны. Трэція гасударавы людзі (суд) на довад у тым, што гэта наўпроставае парушэньне галоўнанага закону гэтай краіны, засьведчылі, што так яно і трэба. Выйшла так, што п. 7 арт. 214 кодэксу «Аб культуры», дзе вядзецца пра тое, што могуць стварацца мастацкія саветы для ацэнкі мастацкага ўзроўню выканаўцы, вышэй за арт. 33 Канстытуцыі Беларусі, у якім кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне, а цэнзура недапушчальная.

Алесь Дзянісаў не абражаў чыйсьці гонар, не заклікаў да гвалту, не распаўсюджваў порна. Ён проста паклаў на музыку вершы сьляпога паэта са Скідзелю Алеся Чобата з цыклю «Кароткая гісторыя Беларусі». І мне тут крыўдна да сьлёз зноў, у мільённы раз, калі я бачу гэты татальны падзел паміж нашымі Беларусямі: маёй краіны, у якой ёсьць свая гісторыя, мова, культура, літаратура, а людзі маюць талент, годнасьць, і нязломнасьць і гэтай вось безыдэйнай, аморфнай, фармалістычнай, падазронай, варожа настроенай «Республикой Беларусь», ад імя якой упаўнаважаны вяшчаць ідэоляг Скалабан, сын выдатнага гісторыка, які ганьбіць свой род, судзьдзя Аліна Драбудзька, якая нават на пісьмовы запыт па-беларуску, усё адно адказвае па-расейску, ды іншыя гасударавы людзі.

Але мяне грэе думка, што ў маёй Беларусі жыць куды прыямней, цікавей і ўтульней. Менавіта ў ёй праходзіць большасьць майго часу, у ёй я працую і адпачываю. Менавіта ў ёй жыве мая сям’я. Менавіта пра яе я распавядаю сваім дзецям. А сутыкненьні з варожым паралельным вымярэньнем, якія часам здараюцца, мы неяк перажывем. Бо мы мацнейшыя духам і за намі праўда.

На загалоўным фота: судзьдзя Аліна Драбудзька, фота Court.gov.by

Яшчэ: Алесь Дзянісаў: «Сёньня мяне, заўтра вас»

TuzinFM