«Небясьпечна» ад Nizkiz — найлепшая песьня сэзону 2016/2017!
1425 / 0
29.08.2017

«Небясьпечна» ад Nizkiz — найлепшая песьня сэзону 2016/2017!

Новы беларускамоўны гіт магілёўскага рок-гурту перамог у мэгатуры на TuzinFM!

«Небясьпечна» ад Nizkiz была прэзэнтаваная ў апошнім туры ў гэтым сэзоне. У чарце яна фінішавала другой. Яна без праблем трапіла ў мэгатур — пяць з шасьці сябраў сёлетняй экспэртнай рады назвалі яе ў ліку 12 галоўных гітоў на «Тузіне». Па выніку галасаваньня «Да апошняга!» яна набрала 484 галасы і апярэдзіла сваіх галоўных канкурэнтаў — гурт Re1ikt зь песьняй «Навальніца» і Zatoczka зь песьняй «Каханьне».

«Канечне мы сачылі за галасаваньнем на „Тузіне“! — кажа аўтар песьні і вакаліст Nizkiz Аляксандар Ільін. — У гэтым туры было багата моцных песень і прыемна, што інтрыга захоўвалася практычна да апошняга. Гэта падвышае каштоўнасьць нашай перамогі».

Найлепшая песьня сэзону на «Тузіне» была запісаная на магілёўскай студыі Arzamas 16 у Дзяніса Манёнка, а зьвядзеньне і майстарынг рабіў Канстанцін Пыжоў на варшаўскай студыі House of Mix. Аляксандар Ільін кажа, што пры яе напісаньні ён думаў пра чалавека, які пагрузіўся ў шэрую будзённасьць без усялякіх надзеяў на сьветлае. Але тут раптам ён сустракае іншага чалавека, які зьмяняе яго сьветаадчуваньне ў лепшы бок… «Небясьпечна» — адзін з галоўных гітоў з трэцяга студыйнага альбому «Синоптик», які выйшаў гэтаю вясною.

У пачатку верасьня Nizkiz можна пачуць жыўцом на некалькіх гарадзкіх мерапрыемствах у Менску, пасьля чаго гурт бярэ паўзу да вялікага сольнага канцэрту, які заплянаваны на 4 лістапада. За гэты час музыкі хочуць стварыць кліп на адну са сваіх новых песень.

TuzinFM