На «Бардаўскую восень-2017» паедзе 7 выканаўцаў
371 / 0
11.09.2017

На «Бардаўскую восень-2017» паедзе 7 выканаўцаў

У Менску прайшоў адборачны канцэрт да 24-га фэстывалю беларускай аўтарскай песьні ў Польшчы «Бардаўская восень».

Заявы на конкурс падалі 23 выканаўцы з розных беларускіх гарадоў. У канцэрце ўзялі ўдел 22 –не даехаў толькі гомельскі музыка Bigi, што зьяўляецца ўжо традыцыяй, бо выканаўца ніводнага разу не выходзіў на сцэну, хоць спраўна падае заявы на конкурсы і фэстывалі. Перад журы, у якое увайшлі Міхал Анемпадыстаў, Кася Камоцкая, Сяргей Будкін і Зьміцер Вайцюшкевіч, стаяла няпростая задача – трэба было абраць ня больш за 8 выканаўцаў, але каб па суме колькасьць усіх музыкаў не перавышала 14 асобаў.  

«Вельмі шкада, што мы абмежаваныя канкрэтнай лічбай асобаў, якіх можам запрасіць на фэстываль, – кажа каардынатар менскага адбору на «Бардаўскую восень» Алесь Кот-Зайцаў. – Кожны год гэта дэлема, бо журы вымушанае ня проста абраць лепшых, але й трымацца "фінансавай матэматыкі". Але ў параўнаньні з папярэднімі гадамі радуе тэндэнцыя таго, што гурты адмыслова да выступу на "Бардаўскай восені" усё ж рыхтуюць акустычны фармат, склад і гучаньне. мы заўжды адкрытыя новаму і з вялікай цікавасьцю ўспрымаем экспэрымэнты, аднак прагнем таксама захаваць стыль і фармат старэйшага беларускага фэстываля».

У выніку галасаваньня журы было адабрана 7 выканаўцаў, якія возьмуць удзел у конкурснай частцы фэстывалю ў Бельску-Падляскім 28 кастрычніка з магчымасьцю выступіць у якасьці пераможцаў у другі дзень фэсту 29 кастрычніка. Гэта: дуэт «Чачэрская лютня», гурт Helios, дуэт «Дзе я?», гурт «Вочы», Рыгор Лайкоў, Яўген Цярэньцьеў, Зьміцер Дзядзенка. У якасьці рэзэрвовых канкурсантаў абраныя Pauline, гурт «Дачка Падпальшчыка»,  гурт «Мерада».

TuzinFM