Сяргей Будкін: «Супраць цэнзуры трэба змагацца талакой» (СТАРТ КАМПАНІІ)
378 / 0
13.09.2017

Сяргей Будкін: «Супраць цэнзуры трэба змагацца талакой» (СТАРТ КАМПАНІІ)

Кіраўнік TuzinFM тлумачыць, чаму важна падтрымаць кароткачасовы праект «TuzinFM vs. ідэолягі» на Talaka.by

Вырашыў перанакіраваць у канструктыўнае рэчышча сваю крыўду, злосьць, абурэньне, бясьсільле ды іншыя адмоўныя эмоцыі ў сувязі з забаронай праводзіць тыя канцэрты, якія хочацца. Відавочна, што Скалабан з кампаніяй памыліліся, калі вырашылі не дазволіць прэзэнтацыю альбома Алеся Дзянісава ды вызначылі ягоны мастацкі ўзровень выкананьня ня слухаючы, а толькі пачытаўшы тэксты. І гэта рэальна даказаць у судзе, стварыўшы тым самым прэцэдэнтную справу, пасьля якой і ідэолягі, і сябры мастацкай камісіі будуць, спадзяюся, больш чульліва разглядаць заявы на канцэрт і паважаць права асобы на творчае самавыяўленьне. А там глядзіш, і патрэба ў такіх камісіях адпадзе, а яе чальцы будуць займацца сваімі непасрэднымі абавязкамі – кіраваць тэатрамі, канцэртнымі арганізацыямі і шоў-балетамі.

Каб вырашыць гэтую справу станоўча, безумоўна ў судзе патрэбны адвакат. І я знайшоў такога чалавека – гэта паважаны юрыст Сяргей Зікрацкі, які пагадзіўся прадстаўляць мае інтарэсы ў судзе. Пытаньне у аплаце паслугаў.  Паколькі дадзеная справа мае грамадзкую важнасьць, вырашыў стварыць яшчэ і прэцэдэнт у беларускім краўдфандынгу сабраць на юрыдычныя паслугі талакою.

Падтрымаўшы праект «TuzinFM vs. ідэолягі» вы можаце:

         выказаць падтрымку дзейнасьці нашага партала, які сярод іншага з 2003 годзу маніторыць сытуацыю з забаронамі канцэртаў і дамагаецца адмены цэнзуры ў музычнай сфэры;

        выказаць уласна сваё стаўленьне да практыкі разгляду заяваў на правядзеньне канцэртаў у ідэалягічным упраўленьні Менгарвыканкаму;

        падтрымаць творчасьць выдатнага гарадзенскага музыкі Алеся Дзянісава («КальЯн», «Людзі на балоце», Dzieciuki)

         падтрымаць творчасьць выдатнага паэта са Скідзелю Алеся Чобата.

На кампанію зусім мала часу. Судовае паседжаньне па гэтай справе пройдзе 20 верасьня ў Эканамічным судзе.

Усе сабраныя грошы пойдуць на кампэнсацыю судовых выдаткаў.

Падтрымаць кампанію «TuzinFM vs. ідэолягі» на Talaka.by

Сяргей Будкін, кіраўнік TuzinFM