:B:N: рушыць наперад у Belsat Music Live (поўнае відэа+анонс)
2550 / 0
26.09.2017

:B:N: рушыць наперад у Belsat Music Live (поўнае відэа+анонс)

Правераныя гадамі гіты, прэм’ера песьні з будучага альбому, экспромты ды нечаканы нават для саміх музыкаў дуэт у 26-м выданьні аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна, якая прысьвечаная гурту :B:N:.

:B:N: — гурт, які перажыў усё: сындром першага альбому, разгромную крытыку, крызіс сярэдняга ўзросту, зьмену прапіскі і поўную зьмену складу. Яны заявілі пра сябе на пачатку 00-х, перамаглі на «Басовішчы» і надоўга прапісаліся ў шэрагах хэдлайнэраў фэсту. Музыкі стаяць на пазыцыях старога добрага року, без асаблівых прыхарошваньняў і рэвэрансаў іншым стылям. Шчыльная сьцяна гуку, эмацыйная самааддача. І лёгкія для падпяваньня тэксты. Вось галоўныя складнікі посьпеху :B:N:. У новым выданьні Belsat Music Live Алесь Лютыч адкажа на закіды пра творчы застой, узгадае сваю першую песьню, зграную на гітары, ды пагуляе зь вядоўцай Мірай Шульц у асацыяцыі.

У праграме гучаць правераныя гадамі гіты, прэм’ера песьні з будучага альбому, экспромты ды нечаканы нават для саміх музыкаў дуэт. Гаворка пра супэргіт каманды «Дажджамі», які гэтым разам на прапанову рэдакцыі Belsat Music Live Алесь Лютыч выканаў разам са сьпявачкаю Дыянай Громавай, ляўрэаткай 13 міжнародных конкурсаў, абсалютнаю чэмпіёнкаю па вакале на XIV сусьветным чэмпіянаце выканальніцкага мастацтва, паслом добрай волі ЮНЭСКО.

Песьні, якія гучаць у праграме:

«Вяртаньне» (словы Сяргея Машковіча, музыка гурта)

«Дажджамі» (словы Сяргея Машковіча, музыка гурта)

«Бяжы за мной» (словы Сяргея Машковіча, музыка гурта)

«Табе ўсё мала» (словы Сяргея Машковіча, музыка гурта)

«Загінулым паэтам» (словы Лявона Вольскага і Сяргея Машковіча, музыка гурта)

Праз тыдзень, у новым выданьні праграмы будзе граць гурт Teleport. Прэм’ернае выданьне выйдзе ў этэр 30 верасьня ў 20:30 на «Белсаце».

У сувязі з тэхнічнымі складанасьцямі Belsat Music Live ад гэтага выданьня часова ня будзе выкладацца цалкам на Youtube. Шукайце поўнае відэа наступных праграмаў на Belsat.eu, а таксама ў суполках праграмы Укантакце і Facebook.

TuzinFM