Бакей. Шалёныя танцы на Belsat Music Live (+анонс новага выданьня)
2747 / 0
21.10.2017

Бакей. Шалёныя танцы на Belsat Music Live (+анонс новага выданьня)

У аўтарскай праграме Сяргея Будкіна Belsat Music Live з жывым сэтам выступіў Бакей, надзея айчынныга гіп-гопу зь менскага мікрараёну Курасоўшчына.

Уладу Бельмачу, які заве сябе Бакей, 22 гады. Зь іх сем гадоў ён чытае рэп. Вядомасьць да яго прыйшла летась пасьля кліпу на песьню «vi+ik», якая пераадолела ўжо планку ў 200 тысячаў праглядаў. На рахунку выканаўцы тры альбомы. Летась ён даў у Менску першы сольны канцэрт, які сабраў блізу 1000 чалавек. Стыль Бакея можна назваць псіхадэлічным гіп-гопам, сам ён яго называе «нарка-суіцыдальныым танцавальным міксам». Бакей вылучаецца найперш дзіўнай люнатычнай манерай чыткі, незвычайнай лірыкай і псыхадэлічным музычным падкладам.

У размове зь Міраю Шульц рэпэр распавядзе пра няўдалую спартовую кар’еру, вучобу ў школе, свае адносіны зь дзяўчынаю з кліпу «Vi+ik», выдасьць беларускамоўны экспромт ды зладзіць шалёныя танцы.

Песьні, якія гучаць у праграме:

«Саранча»

(словы Ўладзіслава Бельмача, музыка Кукарэкі)

«vi+ik»

(словы Ўладзіслава Бельмача, музыка Дзьмітрыя Зям’яна)

«Курс»

(словы Ўладзіслава Бельмача, музыка Андрэя Курса)

«Нагчампа»

(словы Ўладзіслава Бельмача, музыка Ягора Хвайніцкага) 

Праз тыдзень, госьцем праграмы Belsat Music Live будзе замежны госьць — брытанскі індзі-рокавы выканаўца Fink. Прэм’ернае выданьне выйдзе ў этэр 28 кастрычніка ў 20:30 на «Белсаце». Далучайцеся да суполак праграмы Укантакце і Facebook.

TuzinFM, фота Ягор Бабій