Намінанты на «Гурт году» на прэміі «Героі году — 2017» (+аўдыё)
3232 / 0
19.11.2017

Намінанты на «Гурт году» на прэміі «Героі году — 2017» (+аўдыё)

Восем гуртоў увайшлі ў шорт-ліст намінацыі «Гурт году» на прэміі парталу TuzinFM «Героі году». Пераможца будзе названы на канцэрце 12 сьнежня ў клюбе «Мачо». Квіткі ўжо ў продажы!

Шорт-лісты прэміі «Героі году» складаюцца ў дзьвюх намінацыях — «Адкрыцьцё году» і «Гурт году». Пры вызначэньні намінантаў на «Гурт году» ўлічваецца шэраг складнікаў, сярод якіх да ўвагі найперш бярэцца творчая і мэдыйная актыўнасьць: рэлізы, гастролі, сольныя канцэрты, удзел у фэстах, актыўнасьць у сацсетках, посьпех у чартах. Ну, і вядома, арыгінальнасьць і актуальнасьць. Намінавацца на «Герояў» у адрозьненьне ад «Адкрыцьця» можна бясконца. Наяўнасьць беларускай мовы ў песьнях зьяўляецца пажаданым, але не вызначальным крытэрам.

Нагадаем ранейшых «Герояў году». У 2004—2005, 2007—2011 гадах узнагароду атрымліваў пераможца ў выніковым галасаваньні сэзону за «Найлепшую песьню». Гэты былі: «Крамбамбуля» (песьня «Люблю», 2004), Zet (песьня «Белакрылы анёл», 2005), рок-паэт Міхал Анемпадыстаў (аўтар песьні «Сьвятло ў цемры» IQ48 і беларускай вэрсіі «Аўтабіяграфіі» ў выкананьні Лявона Вольскага і Ігара Варашкевіча, 2006), N.R.M. (песьня «Менск і Мінск», 2007), «Глюкі» (песьня «АntiEMO», 2008), «Ляпіс Трубяцкі» (песьня «Зорачкі», 2009), «Глюкі» («Краіна 2.0», разам з Mauzer і Green Che, 2010), «Ляпіс Трубяцкі» (песьня «Грай», 2011). Першымі статус менавіта «Герояў году» атрымаў гурт Akute (2012), у 2013-м прэмію заслужыў гурт Re1ikt, у 2014 годзе — Dzieciuki, у 2015-м — «Крамбамбуля», у 2016-м — Сяргей Доўгушаў і гурт Vuraj.

Сёлета ў намінацыю трапіла восем прэтэндэнтаў.

Nizkiz

Магілёўскі рок-гурт сёлета прэзэнтаваў свой новы студыйнік «Синоптик», ня менш моцны за папярэднія два альбомы. Песьня «Небясьпечна» з гэтага дыску стала пераможцам мэгатуру на TuzinFM. На яе ўжо зьняты кліп рэжысэрам Арцёмам Лобачам, пакуль ёсьць тызэр. Новую праграму музыкі прэзэнтавалі ў родным горадзе, Берасьці, Горадні, Віцебску, Браславе, Лагойску, далі чатыры аншлягавыя сольнікі ў Менску. У сьнежні яны яшчэ раз выступяць у Віцебску і Берасьці. Гурт таксама паўдзельнічаў у шэрагу фэстаў і даў стадыённы канцэрт на запрашэньне клюбу «Крумкачы» перад матчам чэмпіянату Беларусі.

Вольга Падгайская й Віталь Эпаў (Five-Storey Ensemble)

Менскі Five-Storey Ensemble правёў надзвычай плённы год. Іх новы альбом «Night en Face» выйшаў у Італіі. Некалькі новых твораў музыкі прэзэнтавалі на TuzinFM. Працу заўважылі нават у Японіі. Заснавальнікі калектыву Вольга Падгайская й Віталь Эпаў ладзяць фэст «Кінемо», у межах якога напісалі музыку да дзясятку нямых фільмаў. Паказы з жывой музыкаю адбыліся ў Менску, Горадні, Берасьці ды Магілёве. Улетку Вольга агучыла 7 фільмаў на адмысловым фэсьце ў Бэрліне, напісала музыку для аркестру й хору да фільму «Фаўст» (прэм’ера — 9 сьнежня ў сталічным кінатэатры «Масква»). Менавіта музыка Вольгі гучыць у прома-роліку да праекту «(Не)расстраляная паэзія». Дуэт Падгайская (арган) — Эпаў (саксафон) рэгулярна выступае ў касьцёлах Беларусі й Польшчы з клясычнай ды ўласнай музыкай. У траўні адбылася прэм’ера сымфоніі Вольгі Падгайскай «Вецер ахінуў лес», якую ёй замовіла капэла Sonorus. Таксама кампазытарка напісала музыку да спэктакляў польскага рэжысэра Томаша Ляшчынскага.  У музычнай школе №3 ў Менску Вольга кіруе суполкай дзяцей-кампазытараў. Віталь Эпаў сёлета сыграў супольную праграму з польскім клярнэтыстам Пётрам Мелехам. Разам з тым жа «Санорусам» Віталь паўдзельнічаў у маштабным пэрформансе да 100-годзьдзя Кастрычніцкага перавароту, што ладзіўся ў музэі Азгура ў Менску.

TonqiXod

Трыё прэзэнтавала сёлета свой другі нумарны альбом «Колер якога няма», безумоўны фаварыт на ўзнагародах Experty.by па выніках году. Выхаду дыску папярэднічаў самотнік «Песьня пра балота», проста геніяльная кампазыцыя. Канцэртная прэзэнтацыя новай праграмы адбылася ў Купалаўскім тэатры. Музыкаў таксама запрасілі сёлета ў якасьці выступоўцаў на штогадовы канцэрт «Салідарны зь Беларусьсю» ў Варшаве, яны ўзялі ўдзел у праекце «(Не)расстраляная паэзія», для якога стварылі песьню на верш Тодара Кляшторнага. На такім уздыме ў кастрычніку TonqiXod нечакана заявілі пра тое, што прыпыняюць дзейнасьць. Кранальны артыкул з гэтае невясёлае нагоды напісаў Максім Жбанкоў.

Барыс Штэрн («СлухацьУнавушніках»)

Нягледзячы на тое, што Штэрн ужо з 15 гадоў жыве ў Ізраілі, ён не губляе сувязі зь Беларусьсю. Наадварот, яна з кожным годам становіцца мацней. Пару гадоў таму Барыс вырашыў аформіць свае музычныя і паэтычныя ідэі ў праекце «СлухацьУнавушніках». Пачалося ўсё зь беларускамоўнага самотніку «Храм», летась афіцыйна выйшаў дэбютны альбом, а сёлета працяг быў прэзэнтаваны самотнік «Зіма», які Барыс прысьвяціў Ядвізе Паплаўскай. Новы трэк Штэрна, які нядаўна быў прэзэнтаваны на «Тузіне», завецца «Восень». Гэта плён працы іншага праекту N.O.I.R./Stern, які быў заснаваны разам зь беларусам з Францыі Дзьмітрыем Токаравым. А песьня зробленая на верш Цішкі Гартнага для музычнага дадатку да праекту «(Не)расстраляная паэзія». Прыклад Штэрна вельмі важны, бо досыць няпроста жыць у іншай краіне, заставацца ў арэоле сваёй культуры і адначасова быць адкрытым усяму сьвету ды рабіць абсалютна наватарскія рэчы для сваёй культурнай прасторы. Цікавае інтэрвію са Штэрнам: «Я — беларускі нацыяналіст».

Akute

Магілёўскі гурт сёлета дэманстраваў цуды «Плястыкі». Музыкі далі безьліч канцэртаў з прэзэнтацыяй свайго новага альбому, які выйшаў летась увосень. Прычым выступы адбыліся ня толькі ў беларускіх гарадах, але і ва Ўкраіне і Расеі. Цягам усяго сэзону ў аўдыёчарце на TuzinFM у лідэрах пастаянна знаходзілася іх песьня «Калі б я застаўся з табой», якую Стас і Рома прысьвяцілі ўкраінцам, якія змагаюцца за сваю свабоду. Па выніку галасаваньня ў мэгатуры «Plastyka» прызнаны найлепшым беларускім альбомам сэзону. Увосень музыкі прэзэнтавалі новую песьню «Я цябе пакахаў», запісаную на верш Анатоля Вольнага для праекту «(Не)расстраляная паэзія». Акром таго, гурт выступіў на шэрагу буйных фэстаў у Беларусі, Ўкраіне, Польшчы («Woodstock Ukraine», «Бандэрштат», «Вертифест», «A-Fest», «Паляна сяброў», «Басовішча»), а таксама парадаваў прыхільнікаў новым live-відэа на песьню «Яшчэ адзін шпіталь» (да гэтага былі музычныя відэа на «Сэрца» і «Калі б я застаўся з табой»).

Re1ikt

Пераможцы прэміі «Героі году — 2013» не збаўляюць абароты. Летась увосень выйшаў іх новы альбом «Kufar», які быў пасьпяхова прэзэнтаваны, прычым яшчэ з дадатковым канцэртам «на біс». Сёлета пабачыў сьвет кліп на песьню з новага дыску «Дробненькі дожджык», а таксама цалкам новая кампазыцыя «Пра чорныя вочы» паводле прозы Міхася Зарэцкага і музычнае відэа на яе. Фэн-відэа на песьню «Хадзіла галота» стала найлепшым кліпам сэзону на TuzinFM. Гурт паўдзельнічаў у шэрагу заўважных падзеяў, акцыяў і фэстаў у Беларусі і Польшчы, сярод якіх можна вылучыць «Kultura na schodach muzeum», «Купальскае Кола», «Басовішча»,  Сёмы зьезд беларусаў сьвету, «Пешаходка», «VulitsaEzha», футбольны міні-фэст «Крумкачы» — «Літвіны». Асобнай увагі заслугоўвае таксама драм-відэа ад лідэра калектыву Алеся Дземідзенкі, які з дапамогай барабанаў распавёў пра гісторыю Беларусі.

Лявон Вольскі

Сёлета Лявон афіцыйна вярнуўся ў Беларусь. Са сваім сольным праектам ён даў на Радзіме першы вялікі канцэрт упершыню за сем гадоў, падзея адбылася ў верасьні. Цікавасьць да яе была настолькі вялікая, што першыя 500 квіткоў разышліся за першую гадзіну продажу. Да гэтага ў траўні адбыўся першы за 9 (!) гадоў афіцыйна дазволены ў Менску канцэрт праекту «Крамбамбуля» ў рэстарацыі «Друзья». Праекты Лявона таксама выступілі на шэрагу фэстаў, у тым ліку на Zahidfest у Львове і Lid-Beer перад аўдыторыяй у 100 тысячаў слухачоў. Падчас выступу «Крамбамбулі» на «Хмельнов фест» у Менску міліцыя затрымала двух прыхільнікаў гурту, калі тыя разгортвалі нацыянальныя сьцягі. Ім прысудзілі вялікія штрафы нібы за брудную лаянку. Але музыкі самі сплацілі іх. Адрэагаваў Лявон і на падзеі 25 сакавіка ў Менску. У чартах на TuzinFM у гэтым сэзоне панаваў праект Volski — з альбомам «Псыхасаматыка», які выйшаў летась увосень і кліпам на песьню «Цёплае мінулае». Сёлета таксама быў прэзэнтаваны кліп на песьню «Сьпявайце», які аб’яднаў прыхільнікаў фанатаў і музыкаў з розных краінаў. Сёлета ўвосень адбылася прэм’ера новай песьні Лявона «Ты помніш» на верш Юлія Таўбіна, якая была напісаная для праекту «(Не)расстраляная паэзія».

Naviband

Сёлета ўпершыню на «Эўравізіі» прагучала беларуская мова і бадай што ўпершыню не было сорамна за беларускі нумар. На міжнародны тэлеконкурс, за якім у нашай краіне сочаць на дзяржаўным узроўні, выправілі пераможцаў «Басовішча» і конкурсу «Засьпявай 2.0» Naviband. Гурт Арцёма Лук’яненкі і Ксюшы Жук сёлета быў надзвычай актыўным — выступы па ўсёй Беларусі з аншлагавымі сольнымі канцэртамі, удзел у вялікіх фэстывалях, прычым рознай музычнай скіраванасьці (акром вечарынаў поп-фармату, для прыкладу гэта былі «Рок за Баброў» на Баравой, «Бардаўская восень» у Бельску, Mirum Festival у Міры). Акром таго музыкі далі першыя сольныя канцэрты ў Кіеве і Варшаве. Анансаваўся таксама канцэрт у Нью-Ёрку, але ў самы апошні момант з тэхнічных прычынаў паездка перанеслася. Сёлета музыкі прэзэнтавалі новы кліп на песьню «Бяжы», які для іх зьняў выпускнік Нью-Ёрскай кінаакадэміі, беларус Кірыла Нонг. А да канца году абяцаецца новы альбом пад назваю «Адной дарогай».

Абвешчаны шорт-ліст у намінацыі «Адкрыцьцё» прэміі «Героі году — 2017»

Па традыцыі пераможца ў намінацыях «Адкрыцьцё году» і «Гурт году» па вэрсіі TuzinFM будзе названы на прэміі «Героі году» 12 cьнежня. У канцэрце возьме ўдзел чатыры гурты з шорт-лістоў. Лайн-ап будзе абвешчаны ўвечары 27 лістапада. Да гэтага моманту можна набыць квіткі на імпрэзу таньней.

Набыць квіткі

Прэмія «Героі году» адбудзецца 12.12.2017 у Macho club (комплекс «Журавінка», вул. Янкі Купалы, 25). Пачатак у 19:00. Даведкі праз тэл. +375 29 687-20-93.

Кошт квіткоў:  першыя 20 на танцпляц — 10 руб.; першыя 20 за столік — 15 руб.; да абвяшчэньня ўдзельнікаў канцэрту (27.11) — 15 руб. (танцпляц), 20 руб. (столік), папярэдне — 20 руб. (танцпляц), 25 руб. (столік), на ўваходзе — 25 руб. (танцпляц), 30 руб. (столік) — пры наяўнасьці.

TuzinFM