Найлепшая песьня восені на TuzinFM – «Асыпае чэрвень» Кацярыны Ваданосавай (аўдыё)
1223 / 1
05.12.2017

Найлепшая песьня восені на TuzinFM – «Асыпае чэрвень» Кацярыны Ваданосавай (аўдыё)

Пераможцай першага туру аўдыёчарту ў сэзоне 2017/2018 стала кампазыцыя Кацярыны Ваданосавай на словы Алеся Дудара «Асыпае чэрвень белы сад», ушчэнт раскрытыкаваная аўтарамі праекту Experty.by

«Адназначна найгоршы трэк з праекту», – гэткі прысуд атрымаў сьпеў Кацярыны ад Experty.by. Наведнікі TuzinFM маюць цалкам іншае меркаваньне. «Асыпае чэрвень…» стаў пераможцам адмысловага туру галасаваньня, у якім удзельнічалі 12 асноўных нумароў з праекту, прысьвечанага расстраляным беларускім паэтам. Кампазыцыя Fantasy Orchestra набрала 955 галасоў. «Ох, няўжо мая самая нікчэмная і бяздарная песьня паводле меркаваньня экспэртных дзядзечак, перамагла ў чарце?!, – з іроніяй адрэагавала на гэтую навіну сьпявачка. – А калі сур’ёзна, дык для нас гэтая перамога каштоўная. І каштоўнасьць тая вымяраецца ў тым ліку тым, што мы для перамогі не прыкладалі значных высілкаў падчас хады галасаваньня».

Кацярына кажа, што падчас галасаваньня атрымала шмат паведамленьняў як ад незнаёмцаў, так і сяброў: людзі сталага веку пыталіся, якія гузікі і ў якой пасьлядоўнасьці трэба націскаць, каб прагаласаваць, маладзейшыя проста паведамлялі, што аддалі свой голас за яе песьню, бо кранула. Сваю ролю тут адыграў і разгром на «экспэртах». Такім чынам, слухачы захацелі сфармаваць сваё меркаваньне наконт сьпеву, а прыхільнікі яшчэ больш згуртаваліся, каб падтрымаць, мяркуе лідэрка Fantasy Orchestra і просіць перадаць усім, хто яе падтрымаў «ніжэйшы паклон і шчырую падзяку». Яна пэўная яшчэ і ў тым, што аўтар верша Алесь Дудар, быў бы ня супраць, каб ягоны твор стаў ейнай песьняй.

«Мы будзем любіць і граць гэтую песьню надалей. Яна стане часткаю нашага новага альбому і абавязкова будзе гучаць на нашых канцэртах», – дадае сьпявачка. Дарэчы, восеньскае галасаваньне на «Тузіне» пацешыла яе двойчы, бо ў відэачарце перамагло відэа на песьню гурту Re1ikt «Дробненькі дожджык», у якім Кацярына сыграла галоўную ролю.

TuzinFM

КАМЕНТАРЫ: