Кліп Re1ikt з Ваданосавай у галоўнай ролі – найлепшы ў гэтую восень на TuzinFM (відэа)
1017 / 0
06.12.2017

Кліп Re1ikt з Ваданосавай у галоўнай ролі – найлепшы ў гэтую восень на TuzinFM (відэа)

Ролік «Дробненькі дожджык» рэжысэра Ігара Гусева перамог у першым туры відэачарту ў сэзоне 2017/2018.

532 галасы набраў кліп Re1ikt цягам галасаваньня ў чарце і адарваўся ад другога месца ажно на 238 лайкаў. Музыкі цешацца з зь перамогі:  «Уявіце сабе, як людзі наведваюць «Тузін» і аглядаюць доўгі сьпіс цудоўных музычных відэа. Сярод іх бачаць Re1ikt і аддаюць свой голас. Такія рэчы вельмі натхняюць праз сябе прапускаеш усе гэтыя эмоцыі, часам ня можаш уявіць як гэта, але калі атрымліваецца ў думках уявіць усіх слухачоў, калі атрымліваецца адчуць усю іх цеплыню, усе эмоцыі то сам факт перамогі становіцца сымбалем гэтага душэўнага яднаньня. Так, мы разам!», – сказаў лідэр Re1ikt Алесь Дземідзенка. З нагоды перамогі на TuzinFM кліпа выказалася таксама сьпявачка і мадэлька Кацярына Ваданосава, якая сыграла ў “Дробненькім дожджыку” галоўную ролю: «Маё эга пацешылася ажно двойчы – на “Тузіне” перамагла песьня і кліп, да якога я маю дачыненьне. Я вельмі радая за Re1ikt – шчыра люблю іх музыку і дзякую ім за магчымасьць пражыць на экране іншае маленечкае жыцьцё».

Алесь кажа, што ён ды іншыя ўдзельнікі каманды таксама ўдзельнічалі ў галасаваньні, прычым практычна за ўсіх удзельнікаў туру. Асобна музыка вылучае кліп на песьню «Шпаркія хвалі» гурту «Мерада», бо дапамагаў у стварэньні гэтага роліку.

Лідэр Re1ikt таямніча намякае на тое, што будзе працяг тэмы, закранутай у песьні «Дробненькі дожджык»: «Не магу пакуль распавядаць падрабязнасьці, скажу толькі, што мы працуем на новым узроўні і той матэрыял, які створаны на дадзены момант, захапляе ўсіх людзей, якім пашчасьціла яго пачуць. Таксама дадам, што нашых прыхільнікаў чакае яшчэ адзін сюрпрыз, зьвязаны з «Лекавымі Травамі», так бы мовіць фізычнае ўвасабленьне». Сачыць на навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM