Ларыса Сімаковіч. Аголенасьць беларускай душы (відэа)
2343 / 0
20.12.2013

Ларыса Сімаковіч. Аголенасьць беларускай душы (відэа)

У беларускай дзяржаўнай філярмоніі адбылася прэм’ера новага твору Ларысы Сімаковіч «Чатыры зьдзіўленьні Міхаліны».

Калі абяцаецца прэм’ера ад Ларысы Сімаковіч, то заўжды чакаеш нечага надзвычайнага — яскравай дзеі, нечаканых творчых рашэньняў і музычнай трактоўкі. Апошнія пастаноўкі кампазытаркі зроблены з выклікам, часам на мяжы фолу. Гэта і «S-музыка», вольная трактоўка коласава «Сымона-музыкі» ў жанры плястычнага спэктаклю, і містэрыя «Дзень Максіма Багдановіча», дзе ролю паэта сыграла Зелянкоўская, а на філярманічнай сцэне зьявіліся рок-музыкі з N.R.M. уключна. Апошнія гучная прэм’ера — ронда-опэра «Люцыян Таполя» паводе Максіма Танка, якая выклікала вельмі супярэчлівую рэакцыю, як сярод гледачоў, так і сярод яе ўдзельнікаў.

Але ў «Чатырох зьдзіўленьнях Міхаліны» няма эпатажу і правакацыі, танцораў і вакалістаў. Там наогул нікога няма, акрамя салістаў Дзяржаўнага камэрнага аркестру Беларусі. Сімаковіч напісала сымфонію для струнных. Гэта вельмі асабісты твор-роздум, які трэба слухаць зь сьветлай галавой і чыстай душой.

«Мой глядач прывык да таго, што на сцэне нешта адбываецца, акром таго, што гучыць музыка. Але ёсьць жанры і віды музыкі, дзе музыка сама за сябе гаворыць. Дзе ўсе распавядаецца праз гукавыя вобразы. І наколькі чуйная душа слухача, настолькі для яго і раскрыецца твор», — кажа кампазытарка перад прэм’ерай.

Яе сымфонія складаецца з чатырох частак — «зьдзіўленьняў». Кожная зь іх розная па настроі — лёгкасьць, лёгкадумнасьць і летуценнасьць перарастае ў адчуваньне трывогі, душэўную неўладкаванасьць, а то і трагічнасьць. Фінал адкрыты, з улюбёным для аўтара знакам прыпынку — шматкроп’ем. Ён нават не акцэнтаваны — як толькі ў чацьвертай частцы сьціхае аркестар, заля маўчыць неяк надта ўжо працягла, таму дырыжор Яўген Бушкоў паказвае жэстам, што можна ўжо пляскаць у далоні.

Сама Ларыса прызнаецца, што яна хаваецца за сваю праграму, за гэты прыдуманы вобраз дзяўчыны з рэдкім беларускім імем Міхаліна, каб даць слухачу вольную прастору для асацыяцыяў і алюзіяў. «Вядома ж, з кожным вобразам нешта зьвязана. У нас глыбока знаходзіцца тое, што ніхто ня ў змозе падгледзіць, пра што ведаем толькі мы і ніхто болей. І гэты пласт сумленьня дыктуе вобразы і вызначае, дзе канкрэтнае абазначэньне, а дзе кампазытар хаваецца за вобраз ды імя».

І ўсё ж, як бы аўтарка ні хавалася, у «Зьдзіўленьнях» адчуваецца нэрв, аголенасьць душы і  безабароннасьць творцы, які ўсё ж пры гэтым наважваецца распавесьці пра свае самыя патаемныя думкі.

«Чатыры зьдзіўленьні Міхаліны» былі ўсяго толькі часткаю вялікага канцэрту з нагоды 85-годзьдзя Саюзу беларускіх кампазытараў. І невядома (як зрэшты і з кожным прэм’ерным творам Сімаковіч), ці прагучыць ён яшчэ калі і ці будзе далей прапрацоўвацца. «Гэта можна было б працягнуць у межах аўтарскага вечару. Але я ніколі яшчэ не наважвалася на тое, каб яго зладзіць, бо ведаю колькі душэўных высілкаў вымагае арганізацыя», — кажа кампазытарка з больш чым 30-гадовым стажам.

Цяпер Сімаковіч рыхтуе маштабную прэм’еру «Вандроўнік» у жанры «спэктакль-гімн». Паказ заплянаваны на 22 студзеня 2014 году на вялікай сцэне Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Дзея прымеркавана да 70-годзьдзя Міхася Раманюка, выбітнага этнографа і мастака, які быў найбуйнейшым дасьледчыкам матэрыяльнай культуры беларусаў XX стагодзьдзя. Можна не сумнявацца — гэта будзе сапраўдная падзея. Як і кожная пастаноўка гэтай незвычайнай кампазытаркі.

Сяргей Будкін, Яўген Шапчыц (відэа), Tuzin.fm