Топ-12 навінак восені/зімы-2017. Rock/Rap/Folk
5116 / 0
28.12.2017

Топ-12 навінак восені/зімы-2017. Rock/Rap/Folk

У другой частцы агляду прэм’ераў на TuzinFM слухаем рок, рэп і фольк. У трэк-лісьце гучаць гурты «Крамбамбуля», «Нельга забыць», «Тутэйшая шляхта», Fabiant, Warsoba, kolko, SKLF&Baisan, Grom Grada&Angst, Вожык&Яна Прусакова, Used Friendly, By Cry, Stolitsa Marsa.

Новы зімовы гіт запісаў гурт «Крамбамбуля». Лявон Вольскі тлумачыць, што пад «Партызанамі каляднага лесу» маюцца на ўвазе даўншыфтэры, людзі, якія сыйшлі ад рэчаіснасьці ў мітычны калядны лес. Яны не карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі і ўвогуле незразумела чым займаюцца — змагаюцца з уяўным ворагам, якога, можа быць, і не існуе. Кампазыцыя суправаджаецца гумарыстычным відэашэрагам.

Беларускія рэп-выканаўцы Grom Grada і Angst прэзэнтавалі сумесны трэк з назвай «Разумей», які ўпершыню прагучаў увесну падчас паказу калекцыі «017» менскага брэнду адзеньня UND на Belarus Fashion Week, а ўвосень адбыўся афіцыйны рэліз. Над музыкай працаваў украінскі бітмэйкер Kurguz. Цікава, што ў якасьці асноўнага сэмплу выкарыстаны пройгрыш зь песьні «Госьці» гурта «Крамбамбуля» .

Клаўд-рэп пра масавыя бальшавіцкія рэпрэсіі «Красны лімузін» прэзэнтаваў SB — студыйны праект электроншчыка SKLF (Валерыя Сакалова) і паэта Байсана. У падтрымку рэлізу Байсан зьміксаваў відэаролік. Матэрыялу ў музыкаў багата, цяпер Байсан чакае ад SKLF праект песьні пра Берасьце, які таксама мяркуецца запісаць. А разам з тым давесьці да ладу і дэбютны трэк пра лімузін. Пакуль выкладзеная ягоная дэма-вэрсія.

Нечаканы з пункту гледжаньня як гучаньня, так і тэматыкі рэліз прэзэнтаваў гурт «Нельга забыць». У EP «Краг-крых» увайшлі тры новыя песьні. Лідэр каманды Міхаіл Бараноўскі тлумачыць, што пакуль акустычны праект знаходзіцца ў стане перазагрузкі, а яму захацелася даць жыцьцё песьням, якія вымагалі іншага гучаньня. Дзякуючы Аляксандру Лімасаву (гітары, сэмплы, запіс) атрымалася дасягнуць злога, бруднага гуку, які цалкам адпавядае энэргетыцы тэкстаў і выкананьня. Пэўна самы нечаканы трэк з рэлізу — «Хутка-смачна».

Рэпэр Вожык прэзэнтаваў увосень трэк у стылістыцы фольк-рэп «Забі, Божа», запісаны ў дуэце з 20-гадовай сьпявачкай Янай Прусаковай. Зь ёй выканаўца зьбіраецца выступіць на нацыянальным адборы да конкурсу «Эўравізія-2018». Тэкст, які пяе Яна, Вожык знайшоў, калі алічбоўваў архіў дома культуры ў Сяньне, дзе ён працуе мэтадыстам. Музыку зрабіў электроншчык Deech, вядомы з супрацы з ЛСП i Shuma.

Гурт Fabiant у новай працы «У сэрцы маім» дэманструе сваё бачаньне фольк-мэтал-фьюжну, так завуць свой кірунак музыкі. Гэтай песьняй сьведчыць, што не стаіць на месцы: «Мы сталі больш ляканічнымі, больш даступнымі, блізкімі, але ня менш напорыстымі ды энэргічнымі», — заяўляе Fabiant з нагоды рэлізу. Песьня «У сэрцы маім» стала загалоўнай у EP каманды, у які ўвайшло 6 трэкаў. Яго можна паслухаць у афіцыйнай суполцы.

Новую песьню «Мне мала» прэзэнтаваў гурт By Cry. Аўтарка словаў і музыкі Аляксандра Грахоўская кажа, што гэта глыбока асабісты твор. Сьпявачка даўно марыць напісаць па-сапраўднаму вясёлую песьню, ад якой усім захацелася б жыць. Каб бяз страху, бязь цяжару, прынукі, а ў суцэльнай бездакорнай радасьці. Аднак, рэчаіснасьць уплывае, таму можна знайсьці адно толькі сілы на тое, каб яе адмовіць, зазначае Аляксандра. З гэтай нагоды ў яе нарадзіўся радок пра «чалавечае жыцьцё — не быцьцё, адно ныцьцё».

Фольк-рок гурт «Тутэйшая Шляхта» прэзэнтаваў новы самотнік «Зязюлька». Гэта народная песьня, якая распавядае пра тое, як тужыць замужняя дзяўчына па матулі ды родным гнязьдзе. Арыгінал песьні ўзяты са зборніку «Вянок беларускіх народных песень» Уладзімера Раговіча. Асноўны вакал у кампазыцыі належыць Настасьсі Сянько, якая дэбютавала ў гурце летась зь песьняю «Імжа». Менавіта Настасься ўвасабляе галоўны вобраз у новым EP, які пабачыў сьвет 19 сьнежня — «Зорка Крэва», куды і ўвайшла «Зязюлька». За навінамі гурта можна сачыць праз афіцыйную суполку.

Гурт «Агата», які заснавалі Ірэна Катвіцкая (Akana) i Аляксей Варсоба (Port Mone) зьмяніў назву. Цяпер ён завецца Warsoba і складаецца зь пяці музыкаў і аднаго запрошанага госьця. Гурт прэзэнтаваў песьню «Новая навіна» на дзень зімовага сонцастаяньня. Ірэна кажа, што ў гэтай кампазыцыі створаныя два саўнд-ляндшафты: першы — гэта рэха ў Альпах, другі — матывы вулічнай культуры старога эўрапейскага мястэчка. Гурт прэзэнтаваў гэты сьпеў ужывую на «Радыё Свабода», а сьледам выклаў рэліз з чатырох кампазыцыяў. Больш падрабязьна пра гурт можна дазнацца з навастворанага сайту warsoba.com.

Менскі гурт «Сталiца Marsa», чый дэбютны трэк «На футболе» ўвайшоў у складанку найлепшых футбольных песень краiны, запісаў філязофскую баляду «Там». «Гэтая песьня пра пошукi, бо нiхто ня ведае, дзе знойдзе сваё каханьне. Яно можа быць так далёка, а можа зусiм блiзка. Усе вырашае выпадак», — так прэзэнтуюць музыкі сваю песьню наведнікам TuzinFM. Больш пра гурт можна дазнацца на афіцыйнай старонцы.

Гурт Used Friendly прысьвяціў свой новы самотнік «Лепшы час» пакаленьню «маладых старыкоў»: тым, у каго ў 25 гадоў застаўся толькі цынізм, пытаньне «дзе ўзяць паболей грошай» ды манахромны фільтар у інстаграме. «Гэта песьня пра тых, хто разьвітваецца зь сябрамі ў бары, як толькі ў яго разрадзіўся смартфон. Тым, каму на ўсё напляваць. Сьвет дакладна такі, якім вы яго намагаецеся ўбачыць, а вы ў сярэднім такія ж, якімі імкняцеся падавацца тым, хто вакол вас», — вядзецца ў прадмове да рэлізу.

Дэбютны беларускамоўны сынгл прэзэнтаваў гурт kolko. Песьня створаная на верш Леаніда Жыгунова ў адзін з самых складаных момантаў у жыцьці саліста Days Todie. Музыка кажа, што гэты твор пра тое, што часам даводзіцца прызнацца сабе, што няма чаго ратаваць у мінулым і трэба рухацца наперад з нуля. У падтрымку EP рэжысэр Віталь Карабань зьняў кліп. Болей песень гурта можна паслухаць у іх афіцыйнай суполцы.

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаём песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.

Яшчэ: ТОП-12 НАВІНАК ВОСЕНІ/ЗІМЫ-2017. ЧАСТКА 1

ПРЭМ’ЕРЫ ЛЕТА-2017. ЧАСТКА ДРУГАЯ (АЎДЫЁ)

ПРЭМ’ЕРЫ ЛЕТА-2017. ЧАСТКА ПЕРШАЯ (АЎДЫЁ)

TuzinFM