Што глядзелі ў 2017-м. Топ-10 відэа з youtube-каналу TuzinFM
4067 / 0
08.01.2018

Што глядзелі ў 2017-м. Топ-10 відэа з youtube-каналу TuzinFM

Топ-10 за год узначаліў кліп гурту Dzieciuki на песьню «Сумнае рэгі». У ліку самых папулярных відэа таксама анімацыя паводле песьні Вайцюшкевіча, рарытэтны запіс раньніх «Ляпісаў» і гісторыя ад Naviband.

У 2017-м годзе колькасьць падпісантаў на youtube-канал TuzinFM павялічылася да 1790 чалавек. Агульная колькасьць праглядаў на нашым канале перасягнула мільён і складае на сёньня 1 170 906. За год відэа ад «Тузіна» cабралі 4083 лайкаў (заклікаем яшчэ актыўней рэагаваць!) і 98 дызлайкаў. 61% гледачоў зь Беларусі, 8,8% з Польшчы, 8,5% з Расеі, 5,6% з Украіны і 3,7% з ЗША. Пераважная частка аўдыторыі каналу складаюць мужчыны (78%). Топ-10 самых запатрабаваных на канале відэа выглядае наступным чынам.

10. (Не)расстраляная паэзія — 4687 праглядаў

Прома-ролік рэжысэра Арцёма Лобача да праекту «(Не)расстраляная паэзія», у якім ролю паэтаў 1930-х сыгралі акторы Павал Харланчук, Андрэй Саўчанка і Алена Гіранок, а таксама галоўрэд TuzinFM Сяргей Будкін. Кранальная музыка ў відэа належыць кампазытарцы Вользе Падгайскай. Відэа дадаткова набрала больш за 25 тыс. Укантакце і 15 тыс. у Facebook. Увосень на youtube-канале TuzinFM зьявіліся таксама відэавэрсіі лекцыяў, якія былі прысьвечаныя паэтам-героям праекту. Іх можна паглядзець у асобным плэй-лісьце.

9. Зьміцер Вайцюшкевіч — Дачакайся, матуля — 5479 (агулам 25 400)

Гэтае відэа 2014 году рэжысэра Расьціслава Смольскага лічыцца першым афіцыйным кліпам Вайцюшкевіча. Ролю хлопчыка, як бы самога Зьмітра ў дзяцінстве, грае Міша Панцялееў. Галоўную ролю сыграў сам сьпявак. Ён кажа, што не было шмат рэсурсаў ды дарагіх дэкарацыяў, таму асноўная ўвага сканцэнтравана на пачуцьцях, на ўнутраным вобразе. Здымкі адбываліся ў лясах пад Ракавам ды ў студыі «Куб».

8. Neuro Dubel — Жыцьцё — 7275 (агулам 27 043)

Кліп каманды Аляксандра Кульлінковіча адзначыў у 2017 годзе акурат 10-годзьдзе. Ён быў зьняты для тэлеканалу «Белсат», а сама песьня трапіла ў лік найлепшых на «Тузіне» ў сэзоне 2004/2005.

7. Андрэй Макарэвіч — Сьнег — 7329 (агулам 23 084)

Працягвае прыцягваць увагу першая беларускамоўная песьня лідэра расейскай групы «Машина времени», якая была запісаная для праекту «Global  Reload» TuzinFM і «Будзьма беларусамі!» у 2015-м годзе. Агулам жа гэтая песьня набрала больш за 23 тыс. праглядаў, плюс 32,3 тыс. на сайце «Тузіна» і 33,7 тыс. на Soundcloud.

6. Стары Ольса — One — 7517 (агулам 131 500)

На відэа, якое прадаставіў нашаму парталу тэлеканал ОНТ, «Стары Ольса» выконвае той самы кавэр гурту Metallica на старадаўніх беларускіх інструмэнтах. Агульная колькасьць яго праглядаў у сеціве дасягае 3 мільёнаў. Шмат у чым дзякуючы гэтаму відэа гурт сабраў грошы на альбом кавэраў ды двойчы зьезьдзіў у тур па ЗША. У «One» сьпявае Андрэй Апановіч, які неўзабаве сыдзе з гурту. Ягоную вакальную партыю цяпер выконвае Алесь Чумакоў.

5. Lavon Volski — Skončyłasia šoŭ — 9532

Кліп Лявона Вольскага, які ўяўляе зь сябе нарэзку кадраў з акцыі на Дзень Волі-2017, якая была гвалтоўна разагнаная (тады было затрымана 382 чалавекі). «Скончылася шоў „дэмакратызацыі“. А шмат хто паверыў у новае „вольнае“ жыцьцё, неабмежаваныя канцэрты на радзіме і паразумнелую ўладу. І дарэмна. Скончылася шоў», — зазначыў Лявон з нагоды прэзэнтацыі роліку на TuzinFM.

4. Naviband — Historyja majho žyćcia — 13 292

Кліп рэжысэра Аляксандра Табольскага быў прэзэнтаваны на TuzinFM са словамі, што з гэтаю песьняю Naviband зьбіраецца перамагчы ў нацыянальным адборы на «Эўравізію». Так яно і сталася. «У гэтым творы мы хочам перадаць сваё імкненьне да сьветлага боку чалавека, а таксама падкрэсьліць прыгожасьць нашай краіны і людзей, якія ў ёй жывуць», — сказаў Арцём Лук’яненка. Відэа здымалі ў лясах непадалёк ад Менску, у Лагойскім кірунку.

3. Зьміцер Вайцюшкевіч — На Каляды — 16 810 (агулам 39 380)

Анімацыйнае відэа Сяргея Кастрыцкага прэзэнтаванае перад Калядамі-2014 працягвае набіраць прагляды, асабліва ў зімовы час.  У густоўным і прафэсійна зробленым кліпе распавядаецца пра жыцьцё ў адным правінцыйным мястэчку, а музыкі з WZ-orkiestra — піяніст Канстанцін Гарачы, баяніст Аляксандар Шувалаў і ўласна Зьміцер Вайцюшкевіч — паўстаюць у ім у вобразе коцікаў. Словы да песьні напісаў паэт Уладзімер Някляеў.

2. Ляпіс Трубяцкі — Ты кінула — 19 075 (агулам 204 847)

Відэа пачатку 1990-х першага этэру гурту «Ляпіс Трубяцкі», якое знайшоў і апублікаваў TuzinFM на пачатку 2015-га. Міхалок згадвае, што сам глядзеў яго па тэлевізары, калі ляжаў у вар’ятні, куды ён трапіў у выніку злоўжываньня наркотыкамі.

1. Dzieciuki — Сумнае рэгі — 33 368 (агулам 105 434)

Кліп Яўгена Шапчыца і Алеся Залеўскага быў зьняты ў 2014-м і па выніках 2016-га году ўзначаліў рэйтынг самых запатрабаваных відэа на youtube-канале «Тузіна». За год яго становішча не зьмянілася, дадалося яшчэ 33К праглядаў ды яшчэ некалькі сотняў лайкаў ды камэнтароў. У 2017-м годзе гурт выступіў практычна там, дзе здымалася частка роліку — музыкі такім чынам падтрымалі абарону Курапатаў.

ЯШЧЭ: ШТО ГЛЯДЗЕЛІ Ў 2016 ГОДЗЕ. ТОП-12 ВІДЭА

12 САМЫХ ПАПУЛЯРНЫХ МУЗЫЧНЫХ ВІДЭА 2015 ГОДУ

Увага! У гэтым рэйтынгу ўлічваюцца прагляды толькі на канале TuzinFM на Youtube.com. Агульныя прагляды кожнага роліку (празь іншыя плэеры, сацсеткі ды іншых карыстальнікаў, якія маглі дадаць гэтае ж відэа на свой канал), могуць быць вышэйшыя ў некалькі разоў.

 TuzinFM