Belsat Music Live з Камоцкай, Вайцюшкевічам і Вольскім. Памяці Міхала Анемпадыстава (поўнае відэа)
4216 / 2
03.02.2018

Belsat Music Live з Камоцкай, Вайцюшкевічам і Вольскім. Памяці Міхала Анемпадыстава (поўнае відэа)

Новае выданьне праграмы Belsat Music Live прысьвечанае памяці аднаго з пачынальнікаў беларускай рок-паэзіі.

24 студзеня пайшоў у іншы сьвет Міхал Анемпадыстаў. Гэта быў чалавек неверагоднай энэргетыкі, мяккі, далікатны, адукаваны, шляхетны. Дзякуючы яму і ягоным песьням шмат хто зачараваўся беларускай мовай, музыкай, гісторыяй, культурай… Мы будзем памятаць яго і любіць заўжды.

Міхал — адзін з тых, хто пачаў беларускую рок-паэзію. Свае першыя тэксты ён напісаў у сярэдзіне 80-х. Першую ягоную песьню выканаў Ігар Варашкевіч у складзе гурта «Бонда» ў 1986-м. Менавіта Міхал прыдумаў і лягатып каманды жоўтага пацучка. У 90-х на ягоныя словы шмат песень запісала Кася Камоцкая і гурт «Новае Неба».

Свае самыя дзівосныя тэксты пра настаўніка Рагойшу, Юзіка, Казіка, Аліцыю, Адэльку ды іншых жыхароў уяўнага міжваеннага памежнага мястэчка ў сярэдзіне 90-х Міхал уклаў у «Народны альбом». Магчыма самы галоўны праект у сваім жыцьці. Менавіта з «Народнага альбому» бярэ пачатак сольная кар’ера Зьмітра Вайцюшкевіча. Міхал прапанаваў маладому музыку, які тады выступаў на бэк-вакале ў гурце «Палац», выканаць нумар «Аргентынскае танга».

У другой палове 90-х у Міхала Анемпадыстава склаўся плённы дуэт зь Лявонам Вольскім. У рэпэртуары N.R.M. зьявілася песьня «Лалалала», якая дала назву дэбютнаму альбому каманды, а на альбоме «Пашпарт грамадзяніна N.R.M.» песьня на словы Міхала «25, 26, 27». Пік іх супрацы «Народны альбом», да якога Міхал напісаў тэксты, а Лявон — музыку.

У сярэдзіне 2000-х Міхал пераклаў на беларускую польскія гіты часоў Салідарнасьці для праекту «Салідарны зь Беларусьсю». Песьня «Аўтабіяграфія» стала пераможцай на «Тузіне Гітоў»  па выніках 2006 году, а сам Міхал быў названы на штогадовай музычнай прэміі ад нашага парталу «Чалавекам году». Таксама ён напісаў яшчэ некалькі знакавых песень для гурту IQ48. Адна зь іх — «Сьвятло ў цемры» стала галоўным гітом гурта IQ48. Сёлета Міхал плянаваў вярнуцца разам зь Лявонам Вольскім да ідэі выдаць «Марскі альбом», задума якога паўстала 20 гадоў таму…

Госьці адмысловага выданьня Belsat Music Live — Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч і Лявон Вольскі — падзеляцца сваімі ўспамінамі з аўтарам праграмы Сяргеем Будкіным пра гэтую яскравую асобу ды сыграюць у поўным гуку абраныя песьні Міхала.

Песьні, якія прагучаць у праграме:

Кася Камоцкая — «Мая краіна»

(словы Міхала Анемпадыстава, музыка Касі Камоцкай)

Кася Камоцкая — «Чаканьне Калядаў»

(словы Міхала Анемпадыстава, музыка Касі Камоцкай)

Зьміцер Вайцюшкевіч — «Калыханка для дарослых»

(словы Міхала Анемпадыстава, музыка Зьмітра Вайцюшкевіча)

Зьміцер Вайцюшкевіч — «На завулку Гнойным»

(словы Юліяна Кшэвінскага, Леапольда Брадзінскага, пераклад Міхала Анемпадыстава, музыка Фані Гордан)

Лявон Вольскі — «25, 26, 27»

(словы Міхала Анемпадыстава, музыка Лявона Вольскага)

Лявон Вольскі — «Łałałała»

(словы Міхала Анемпадыстава, музыка Лявона Вольскага)

Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч — «Простыя словы»

(словы Міхала Анемпадыстава, музыка Лявона Вольскага)

Праз тыдзень у студыі Belsat Music Live выступіць праект Натальлі Куніцкай Mustelide. Прэм’ера — 10 лютага ў 21:15 на «Белсаце». Далучайцеся да суполак праграмы Укантакце і Facebook.

TuzinFM, фота Джона Кунстадтэра

КАМЕНТАРЫ: