Nürnberg. Музыка шэрага навакольля (прэм’ера EP)
5621 / 0
07.02.2018

Nürnberg. Музыка шэрага навакольля (прэм’ера EP)

Заснавальнікі менскага пост-панк гурту Януш Пятрэнка і Алег Савуцін распавялі TuzinFM пра тое, як шэрасьць, дэпрэсія і стома ўплываюць на стварэньне музыкі ды прэзэнтавалі дэбютны рэліз «U nikudy», які выйшаў у Бэрліне на касэтах.

Януш (бас, вакал) і Алег (гітара) пачалі граць разам яшчэ ў школьныя часы. Спачатку бавіліся кавэрамі, а ў старэйшых клясах пачалі сачыняць уласную музыку. Пра стварэньне гурту задумаліся ўжо, калі распачалі самастойнае жыцьцё. Першыя запісы трэкаў «Intro» і «У нікуды» адбыліся ў жніўні 2016-га. Назваць гурт вырашылі пад уражаньнем ад іспыту па гісторыі права — Nürnberg. Эстэтычна пасавала пад іх матэрыял, кажуць хлопцы.

«Нас цікавіць  дэпрэсіўны стан і ўнутраная барацьба. Нас натхняе шэрае навакольле і ўсеагульная стома. Нягледзячы на тое, што нашае жыцьцё — шлях у нікуды, шмат якія думкі, пачуцьці, падзеі і рэчы дапамагаюць разнастаіць існаваньне і не захраснуць у штодзённым брудзе з галавой», — распавядаюць хлопцы пра свае песьні.

Свой першы канцэрт Nürnberg даў у жніўні 2017 году ў межах вечарыны «Новая беларуская цёмная хваля», пасьля чаго вырашылі выйсьці на публіку ды заснавалі сваю суполку, у якую сталі выкладаць трэкі. «Мы не чакалі такой рэакцыі і аддачы!» — прызнаюцца хлопцы. Іх сталі запрашаць на канцэрты — яны выступілі яшчэ тройчы ў Менску і ўпершыню сыгралі ў Маскве, а свой дэбютны рэліз выдалі ў Нямеччыне. ЕР пад назвай «У нікуды» выйшаў 8 студзеня 2018 году на бэрлінскім diy-лэйбле «Squall Recordings» на касэце.

«Нас натхняе эма-музыка, клясыка пост-панку, музыка савецкіх двароў, польскія Ziyo і WieżeFabryk, беларусы SuperBesse і Akute. Спыняцца на пэўным кірунку ня хочацца, таму нам добра заходзіць як сынці-поп, так і пост-гардкор», — тлумачаць Януш і Алег. Алег — будучы доктар, сёлета сканчае мэдунівэрсытэт. А Януш — дзяржслужачы. Кажа, што на сваёй скуры выпрабоўвае моц бюракратычнай машыны дзяржаўнага кіраваньня. Яны ня дзеляць між сабою абавязкі. Абодва — мэнэджары, кампазытары і гукарэжысэры. Тэксты піша Януш. І толькі па-беларуску. «Такая была ўнутраная патрэба і адчуваньне, што трэба менавіта так. Згубіцца сярод вялізнай колькасьці расейскамоўнай музыкі таксама не хацелася».

Стваральнікі гурту Nürnberg мяркуюць, што могуць стаць сваеасаблівай аддушынай для беларускага слухача. «Тое, чым цяпер жыве эўрапейская і расейская публіка ў нас знаходзіцца ў нейкай гібэрнацыі. А беларуская сцэна нахіленая неяк у адзін бок — тое, якую інфармацыйную ды арганізацыйную падтрымку тут мае, напрыклад, мэтал ці фольк, аніяк не параўнаць з амаль абсалютным вакуўмам адносна „цёмнай“ музыкі», — кажуць музыкі.

Цяпер каманда рыхтуецца да новых канцэртаў і паралельна рыхтуе наступны ЕР, які мае выйсьці ў другой палове 2018-га.

TuzinFM, фота прадастаўленыя гуртом