zolki band дадуць першы сольны канцэрт у Менску (+топ-12 песень)
2437 / 0
21.02.2018

zolki band дадуць першы сольны канцэрт у Менску (+топ-12 песень)

Самая таямнічая каманда Берасьця, якая зьяўляецца безумоўным упрыгожаньнем беларускай альтэрнатыўнай сцэны, выступіць у межах праекту «Жывы Тузін».

zolki band упершыню заявілі пра сябе ў 2014-м, калі сталі суаўтарамі найлепшага гіта сэзону на TuzinFM — лідэр каманды f.s.t выканаў разам з Landau песьню «Сьнежань». Дадатковую ўвагу музыкі прыцягнулі да сябе сынглам і кліпам на песьню «B.E.Z.R.A.Z.L.I.C.H.I.E. — heta tradycyja», а неўзабаве выдалі дэбютны студыйны альбом «douhi douhi dzien». У выніку гурт быў намінаваны на «Адкрыцьцё году» на прэміі «Героі году — 2015».

«Па агульнай атмасфэры гэтая праца нагадала альбом Ulis „Люстэрка“ і трошачкі „З Новым годам“ Zet. Такое мог пісаць Яўген „Ай-ай-ай“ Фёдараў з Tequilajazzz, каб нарадзіўся на нашым памежжы і быў прыціснуты мясцовымі рэаліямі. Прыціснуты, але не раструшчаны», — адзначалася ў рэцэнзіі альбому на Budzma.by.

Топ-12 песень zolki band па вэрсіі TuzinFM

У zolki band задзейнічаныя музыкі, якія гралі ў культавых берасьцейскіх камандах –– «Дай дарогу!», Intra Muros, D_tails, Vertigo Band. Яны грунтоўна падыходзяць да кожнага свайго зьяўленьня на публіцы — сваю першую фотасэсію правялі ў вобразах іншаплянэтнікаў, на прэміі «Героі году» выйшлі ў масках малпаў, а на здымкі праграмы Belsat Music Live — у шортах ды гавайскіх кашулях.

Музыкі не раскрываюць у якім вобразе выступяць на сваім першым сольным канцэрце ў Менску. Але іх выступ дакладна будзе драйвовы і поўны сюрпрызаў. Акрамя песень з альбому «douhi douhi dzien» прагучаць трэкі, якія ўвойдуць у наступны дыск каманды.

НАБЫЦЬ КВІТОК

17.03. ILI club (прасп. Незалежнасьці, 131/1). 19:00. zolki band. Квіткі (папярэдне) — 7 руб. на bezkassira.by, 12 руб. (на ўваходзе). Інфа: +375 29 687-20-93.

 TuzinFM