«Вашыя вершыкі макулатура, а песенькі халтура». Контракультурны «Район 119» (аўдыё/відэа)
1103 / 2
04.04.2018

«Вашыя вершыкі макулатура, а песенькі халтура». Контракультурны «Район 119» (аўдыё/відэа)

Музыкі з гурту «Район 119» патлумачылі ў інтэрвію TuzinFM, чаму вырашылі супрацьпаставіць сябе таму, што адбываецца на беларускай індзі-сцэне ды прэзэнтавалі свае першыя праграмныя трэкі пра контракультуру, варвараў ды змагарачку.

Праект «Район 119» зьявіўся менш за месяц таму — 18 сакавіка. Утварэньне гурта прысьпешыў адборачны тур на «Басовішча-2018». Музыкі вырашылі, што гэта добрая нагода для таго, каб распавесьці пра свае ідэі. Таму літаральна за тыдзень да дэдлайну яны напісалі ды запісалі тры песьні, а таксама зьнялі ды змантавалі відэаролік. У конкурс «Адборышча» яны ня трапілі, але з гэтай нагоды не пераймаюцца, бо занятыя падрыхтоўкай да першага канцэрту і наогул маюць доўгатэрміновыя пляны па разгортваньні сваёй дзейнасьці.

«Для нас „Район 119“ — гэта абстрактная незалежная тэрыторыя творчасьці са сваімі ўласнымі кодэксамі ды законамі. Нашая мэта разбураць старыя каноны, падымаць на сьмех ды ставіць пад сумнеў тое, да чаго раней не прынята было дакранацца», — кажа Андрэй Кавецкі, які адказны ў гурце за тэксты, музыку і вакал. У складзе каманды два геадэзісты, якія абазнаныя ў геаграфіі Беларусі, адсюль і назва: колькасьць раёнаў краіны складае 118, а музыкі заснавалі дадатковы, на якім будуюць сваю «маленечкую музычную Паўночную Карэю».

У музычным пляне стваральнікі «Раёну» схіляюцца да гаражнага року, поп-панку ды пост-року, але пакуль ня могуць сказаць, што знайшлі сваё гучаньне. І ня тое, каб яны да гэтага імкнуліся. «На дадзеным этапе форма для нас грае значна меншую ролю, чым пасыл, які мы імкнемся перадаць, таму не зьдзіўлюся, калі адбудзецца, што мы выкарыстоўваем элемэнты электроншчыны, фольку ці нават рэпчыку. Гэта ж 2018-ы — усе любяць рэпчык», — кажа Андрэй. У адной са сваіх песень ён сьпявае пра тое, што мэйнстрым і андэграўнд мёртвыя. І вось чаму.

«Мысьленьня катэгорыямі мэйнстрыму і андэграўнду больш не існуе. Кожны вольны выкладаць плён сваёй працы ў вольны доступ, а ратацыя на радыё, тэлевізіі ды ў іншых дзедаўскіх крыніцах больш ня мае манапольнага ўплыву на разьвіцьцё ды вядомасьць. Аўдыторыя мае непасрэдны кантакт з музыкамі і сама вырашае, што ёсьць гадната, а што ўяўляе зь сябе шэрую пасрэднасьць».

Да размовы далучаюцца вакалістка каманды, якую музыкі прэзэнтуюць, як сэкс-сымбаль гурта — Настачка Каркоцкая, а таксама басіст Улад Кошэлеў, гітарыст Валік Картушаў ды бубнач Андрэй Браўн. «Тое, што мы цяпер называем мэйнстрымам, гэта ж учорашні андэграунд, які здолеў выплыць з акіяну аднароднай масы і абазначыць сваю індывідуальнасьць. У сваю чаргу тыя, хто б'е ў грудкі і крычыць „мы лютыя андэры“, хутчэй за ўсё лютыя „лайнары“, што імкнуцца прымазацца да субкультураў саракагадовай даўніны», — кажа Наста. «Так, вы паглядзіце: за апошнія 10—15 гадоў так і не знайшлося па-сапраўднаму пратэстнай, рэвалюцыйнай хвалі, якая б паставіла новыя творчыя выклікі і замацавала свой стыль. Таму мы заяўляем што андэграўнд як зьява — мёртвы», — падхоплівае Ўлад.

Сваё стаўленьне да таго, што адбываецца ў беларускай культурнай прасторы музыкі выказваюць у песьні «Контракультура». Андрэй Кавецкі кажа, што напісаў тэкст пасьля таго, калі праслухаў сотні беларускіх выканаўцаў, на якіх натрапіў у пошуку новай цікавай музыкі і каб проста быць у тэме, таго што адбываецца. І вось якую выснову зрабіў: «Відавочна, што беларусы неверагодна ўзьняліся ў пляне якасьці запісу ды прадакшну, але амаль ніхто не імкнецца папрацаваць над зьместам. За некаторым выняткам, уся культурная фармацыя нібы закансэрваваная ў лімбе. Увесь сэнс гэтай музыкі можна сфармуляваць гэтак: мы будзем сьпяваць любую лухту, а вы схаваеце, бо гэта на мове». З гэтага і паўстала песьня «Района 119»: «Калі я не асацыюю сябе з гэтай культурай, і выступаю супраць яе, то напэўна ЯКонтракультура», — зазначае выканаўца.

На думку аўтара «Контракультуры» такі падыход мусіць вычарпаць сябе і зьвяртае ўвагу на тое, што «адзін магілёўскі гурт нядаўна сам прасьпяваў гімн канца такой музыкі». Што да тых, пра каго пяецца ў трэку «Района 119», то выканаўца іх пакуль не называе. Кажа, што не прысьпеў яшчэ час. І не адмаўляецца зь імі выступаць на адной сцэне. «Наадварот, асабліва цікава пайграць разам з тымі артыстамі, супраць якіх мы выступаем, каб мець магчымасьць распавесьці пра свае ідэі». Што да ўласных музычных густаў, то ўдзельнікі «Раёну» называюць сярод сваіх улюбёнцаў «Порнофильмы», «Элизиум» і Anacondaz — менавіта гэтыя каманды, відаць, паўплываюць на жывое гучаньне каманды. Што да тэкставага ўплыву, то тут называецца найперш Ягор Летаў, а таксама гурты GSPD і «Пошлая Молли». Што да беларусаў, то «Район 119» найперш рэспэктуе праекту True Litwin Beat, гуртам «Нельга Забыць» і LaBo, а таксама Стасю Сілку.

Другую сваю запісаную песьню «Варвары» гурт прэзэнтуе як «мядляк для дэкадэнтаў». «Варвары танчаць на руінах былой маральна-культурніцкай парадыгмы, якую самі разбурылі. Хутка іх ідэалы і каштоўнасьці таксама згінуць, але для іх гэта ня мае сэнсу», — кажуць музыкі. Асобная размова пра песьню «Змагарачка», якая мае ўсе шанцы, каб стаць гітом. Андрэй кажа, што ў гэтай замалёвачцы размова ідзе пра «прыхільніцу беларускай ліберальна-дэмакратычнай культуры»: «У публічнай прасторы замацаваўся стандарт пра тру беларускіх дзяўчат, як пра пагалоўна высокамаральных, інтэлігентных ды бязгрэшных асобаў. Людзей нават бамбавала ў камэнтах, калі танцоркі гоў-гоў апранулі вышываначкі. Таму мы вырашылі адлюстраваць найлепшы бок такіх дзяўчатак, іх патаемныя справы, і тое, што застаецца па-за старонкамі інстаграм-гісторыі».

«Район 119» мае намер запісаць яшчэ некалькі новых трэкаў. Музыкі кажуць, што гэта будуць як іранічныя замалёўкі, так і сур’ёзныя падгоны, а таксама абойма дысаў на «беларускіх рок-прынцаў» ды прапануюць загадзя рыхтаваць папкорн. Пры канцы вясны — на пачатку лета мае адбыцца таксама першы жывы выступ каманды. За навінамі «Раёну» можна сачыць праз афіцыйную суполку.

TuzinFM

КАМЕНТАРЫ:

  • Стась Сілка
    Стась Сілка / адказаць
    06.04.2018 / 23:02

    Рэспектуюць яны)
    Аднаму з тых чувакоў, які працягваў пінаць "мёртвага каня" бардаўскай песні!
    А ўвогуле раздзяляю погляды мальцаў

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    07.04.2018 / 22:59

    Гэта называецца прызнаньне, Стась:)

  • КАМЕНТАВАЦЬ