Пад знакам БНР. Топ-12 новых трэкаў вясны-2018 (аўдыё)
4795 / 0
02.05.2018

Пад знакам БНР. Топ-12 новых трэкаў вясны-2018 (аўдыё)

Прысьвячэньні Беларускай Народнай Рэспубліцы ад Вольскага, этна-трыё «Троіца», «Зьніча», невядомага рэпэра ды іншыя заўважныя прэм’еры гэтае вясны ў традыцыйным аглядзе TuzinFM.

Volski — «Героі не паміраюць»

Лявон Вольскі да 100-годзьдзя БНР запісаў новую песьню «Героі не паміраюць». З нагоды прэм’еры выканаўца зазначыў, што прысьвячае яе ўсім тым, хто змагаўся, будаваў, набліжаў, верыў, спадзяваўся і любіў: «Усім тым, хто быў задоўга да нас, тым, хто ішоў поруч з намі і тым, хто пойдзе па гэтым шляху пасьля нас». На Дзень Волі музыка элегантна выйшаў зь няпростай сытуацыі, бо меў дамоўлены загадзя канцэрт у Беластоку, але адначасова тысячы людзей яго хацелі бачыць на сьвяткаваньні ў Менску. Па выніку Лявон даў бясплатны канцэрт 24 сакавіка ў Менску, сыграў заплянаваны канцэрт 25 сакавіка ў Беластоку ды адначасова прэзэнтаваў новую песьню он-лайн для слухачоў, што сабраліся ў гэты дзень ля Опэрнага тэатру ў Менску.

Znich — «Крумкач»

Новы трэк мэтал-гурта «Зьніч» паводле верша Анатоля Сыса «Крыжавалі крумкача». Лідэр каманды Алесь Таболіч называе яго адным са сваіх самых улюбёных беларускіх паэтаў. Алесь быў асабіста знаёмы з творцам: «Сыс цікавіўся паганскай міталёгіяй, і мы зь ім шмат пра гэта размаўлялі. На жаль, ён заўчасна пайшоў у іншы сьвет і шмат чаго яшчэ не пасьпеў зрабіць», — кажа музыка. Песьня прысьвячаецца памяці паэта і 100-годзьдзю БНР.

«Район 119» — «Контракультура»

Увесну 2018-га зьявіўся новы праект — «Район 119», які ў першым жа сваім трэку «Контракультура» выказаў усё, што ён думае пра беларускую музыку. Лідэр каманды Андрэй Кавецкі кажа, што напісаў тэкст пасьля таго як праслухаў сотні беларускіх выканаўцаў і зрабіў выснову, што ўсе яны «закансэрваваліся ў лімбе». Падрабязьней лідэр «раёну» тлумачыць сваю пазыцыю ў вялікім інтэрвію для TuzinFM.

«Мутнаевока» — «Сады»

Песьня, якую гурт вырашыў выдаць асобным сынглам напярэдадні рэлізу новага альбома. З нагоды прэзэнтацыі песьні на лэйбле «Пяршак» лідэр каманды Яўген Змушка напісаў два аркушы, на якіх у форме ліста распавёў пра свой новы трэк. «Мне хочацца ўзяць цябе за руку, каб адвесьці ў запаветныя сэрцу мясьціны, дзе няма ані ўчора, ні заўтра… Вырвацца з кантэксту, стаць па-за часам, знайсьці рай на зямной прасторы і зьберагчы яго ўдвох…» — у прыватнасьці напісаў музыка, які дэманстратыўна не карыстаецца сацыяльнымі сеткамі. Увесь альбом «Мэтро» гурта «Мутнаевока» можна спампаваць і паслухаць тут.

«Музычная залежнасьць» — «Вецер ізатопаў»

Песьня з альбому «На досьвітку», які запісала менская каманда, што сплаўляе ў сваёй творчасьці ў адно гард-рок, блюз ды фанк. «Вецер ізатопаў» — знакавая для гурту кампазыцыя, бо была запісаная першай цяперашнім складам і наогул стала каталізатарам новых ідэяў у творчасьці «Музычнай залежнасьці». Музыкі кажуць, што яны імкнуліся тонка паіранізаваць у ёй з рэчаіснасьці ды пакпіць з абыякавасьці і бязладнасьці мысьленьня. Цалкам альбом можна пачуць на старонцы гурта на Bandcamp.

Невядомы выканаўца «100 год БНР»

Напярэдадні 100-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР, у сеціве зьявіўся рэп-трэк, прысьвечаны гэтай даце ў беларускай гісторыі. Асновай для трэку cтала музыка да песьні Макса Каржа «Малый повзрослел». Выканаўца патрыятычнага рэпу вырашыў захаваць ананімнасьць. Аўтар арыгіналу публічна аніяк не адрэагаваў на такі кавэр. Дарэчы, менавіта трэк «100 год БНР» прагучаў пры канцы канцэрту ля Опэры 25 сакавіка. Праўда толькі ў запісе.

Дзьмітры Нікановіч — «Жоўтае таксі»

Новая песьня маладога поп-выканаўцы выдадзеная гэтаю вясною асобным сынглам. Упершыню яна прагучала яшчэ летась на сольным канцэрце сьпевака, але студыйны варыянт прэзэнтаваны толькі цяпер. Выканаўца дзячыць усім тым, хто дапамог гэтаму твору адбыцца — за вытворчасьць быў адказны Раман Волазьнеў, вобраз жоўтага таксі прыдумала маладая паэтка Аліса Мініна, а асноўным аўтарам стаў Мікіта Найдзёнаў. Атрымалася лёгкая, вяснова-танцавальная песьня з прысмакам флямэнка і зь беларускаю душою.

:B:N: — «Дыхай глыбей»

Песьню «Дыхай глыбей» :B:N: выдаў асобна напярэдадні выхаду свайго альбому «#коджыцця», які ўвабраў у сябе ўсё тое, чым жыў гурт усе свае 18 гадоў існаваньня. Лідэр каманды Алесь Лютыч з музыкамі такім чынам вырашыў падсумаваць пэўны этап сваёй творчасьці ды заявіць, што гатовы да новых зьдзяйсьненьняў. Новы альбом бярозаўска-менскай каманды можна пачуць і спампаваць на лэйбле «Пяршак».

razporaz — «Прамяні»

Праект двух менскіх музыкаў Аляксея Носава (гітара) і Антона Хрушчова (вакал), якія граюць альтэрнатыўны рок, прэзэнтаваў сынгл «Прамяні». Гэта першая беларускамоўная кампазыцыя за два гады існаваньня гурта. Дагэтуль яны выдалі дэбютны рэліз — ЕР «II». Праект актыўна выступае жыўцом, у дадзены момант шукае новага бубнача. Зьвяртацца можна праз афіцыйную суполку.

«Тлушч» — «Вечнасьць»

Адна з самых актыўных панк-рокавых камандаў краіны па вяртаньні з туру па Азіі (!), засела ў студыі, каб запісаць свае новыя трэкі. Яны аформіліся ў EP «Зашквар». Песьня зь яго «Вечнасьць» трапіла ў якасьці саўндтрэку ў польскі сэрыял «Nielegalni». Зьняліся ў ім і самі музыкі, у ролі, як гэта ні дзіўна, панк-гурту. Выхад сэрыялу плянуецца ў 2019 годзе. Цалкам EP можна паслухаць у афіцыйнай суполцы каманды.

этна-трыё «Троіца» — «Сьвятая зямля»

Іван Кірчук з паплечнікамі паказаў напярэдадні выхаду сёмага студыйнага альбому «Цар-Агонь» частку кампазыцыі «Сьвятая зямля» ў выглядзе музычнага відэа, пабудаванае на матэрыялах зь Беларускага архіва кінафотафонадакумэнтаў. Музыкі кажуць, што песьня на альбоме будзе гучаць трошкі інакш, а сам ролік просяць разглядаць як анонс канцэртнай прэзэнтацыі альбому, якая пройдзе 11 траўня. Саму песьню Іван Кірчук прысьвяціў 100-годзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі з такімі словамі: «За усё, што мы маем i будзем мець — нiзкi паклон продкам!»

Race of Dreamers — «Сакавіцкі кот»

Гарадзенская каманда прэзэнтавала на TuzinFM свой новы самотнік пад назваю «Сакавіцкі кот». Музыку напісала кампазытарка Дар’я Багаслова, яна ж выканала вакальную партыю, сыграла на клявішах і флейце. А тэкст уяўляе зь сябе аўтарскі пераклад верша менскага музыкі Паўла Васільева. Кампазыцыю музыкі запісалі на ўласнай студыі.

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаём песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.

Яшчэ прэм’еры вясны-2018 на TuzinFM

«НЕ ЗДАЕЦЦА, Б’ЕЦЦА МАЁ СЭРЦА». НОВЫ БЕЛАРУСКАМОЎНЫ ГІТ АД ГУРТА TRUBETSKOY (ПРЭМ’ЕРА)

CПРАВАЗДАЧА ПА ЎСІХ «ЗАКОНАХ ГУКА» (ПРЭМ’ЕРА EP)

БЕЛАРУСКІ ТРАПІКАЛ-ГАЎС АД MIKITA (АЎДЫЁ)

Шалом, Ерусалім. Габрэйскі альбом ад экс-«Песьняра» (прэм’ера)

TuzinFM