Дзявочае каралеўства Kriwi — у #BML (поўнае відэа)
142 / 0
02.06.2018

Дзявочае каралеўства Kriwi — у #BML (поўнае відэа)

У апошнім выданьні сэзону аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна Belsat Music Live выступіў гурт, дзякуючы якому беларускі фольк гучыць на сьвет цэлы.

«Крыві» паўстаў 21 год таму ў якасьці праекту студыі «Палац», але неўзабаве стаў цалкам самастойным праектам. Першы склад Вераніка Круглова, Зьміцер Вайцюшкевіч, Юры Выдронак, якога потым заменіць Піт ПаўлаўЯны былі адным з тых гуртоў 90-х, якія вярнулі інтарэс беларусаў да ўласнай фальклёрнай спадчыны. Дзякуючы «Крыві» песьня «За туманам» зноў стала папулярнай у народзе. Пікавы момант кар’еры — на «Рок-каранацыі-1999» Вераніка Круглова прызнаная рок-князёўнай, а ўласна «Крыві» названыя найлепшым беларускім гуртом. На пачатку 00-х Вераніка зьяжджае жыць у Бэрлін і праект становіцца інтэрнацыянальным, адкрытым для музыкаў з розных краінаў сьвету. У 2013 годзе «Крыві» выдае першы за 10 гадоў студыйны альбом «Траўкамураўка», які названы найлепшым фольк-альбомам на прэміі Experty.by. І працягвае экспэрымэнтаваць на базе беларускіх народных сьпеваў.

У студыі Belsat Music Live Kriwi правядзе сэанс музычнай тэрапіі ды сыграе свае самыя актуальныя песьні ў абноўленых аранжыроўках і пакажа зусім новыя творы. У размове зь Міраю Шульц салісткі гурта Вераніка Круглова, Валерыя Валадзько і Наста Хмель раскрыюць таямніцы «дзявочага каралеўства Крыві» і патлумачаць, што яны ўкладаюць у паняцьце «эротык-этна».

Песьні, якія гучаць у праграме:

«Ой, на Купала»

(словы народныя, музыка Валерыі Валадзько)

«Калечка» («За туманам»)

(словы народныя, музыка Kriwi)

«Нарубаю клёну»

(словы народныя, музыка Настасьсі Хмель)

«Чырка»

(словы народныя, музыка Настасьсі Хмель)

«Брусьнічка»

(словы народныя, музыка Настассі Хмель)

Гэтае выданьне — апошняе ў тэлесэзоне 2017/2018. Усе 61 праграму можна прагледзіць адным плэй-лістом на youtube-канале TuzinFM. Далучайцеся таксама да суполак праграмы Укантакце і Facebook, дзе можна пабачыць фотасэты ды іншыя цікавосткі са здымак ды паслухаць аўдыёпадборкі песень, запісаных у студыі праграмы.

TuzinFM