2288 лайкаў. Кліп Ваданосавай стаў найлепшым у вясновым чарце (відэа)
1304 / 0
04.06.2018

2288 лайкаў. Кліп Ваданосавай стаў найлепшым у вясновым чарце (відэа)

Дэбютная праца Валерыя Кандрацьева на песьню «Я іду да цябе» ў выкананьні Кацярыны Ваданосавай і Fantasy Orchestra стала найлепшым кліпам у вясновым туры відэачарту на TuzinFM.

Кліп на песьню «Я іду да цябе» атрымаў у вясновым туры 2288 галасоў, апярэдзіўшы найбліжэйшага канкурэнта на 145 галасоў. Кацярына Ваданосава ў камэнтары TuzinFM з нагоды перамогі прызналася, што радая такому выніку, хоць усялякага кшталту спаборніцтвы яе больш дэмаралізуюць, чым стымулююць, незалежна ад іх выніку. «Але вельмі радасна, што перамагла ня столькі я насамрэч, колькі Валеры Кандрацьеў, для якога наш кліп стаў дэбютнай працай у якасьці рэжысэра, які настолькі „гарэў“ гэтым праектам, што зрабіў усё — ад сцэнару да раскадроўкі, ад пошуку здымачнай групы да кіраваньня здымачным працэсам, і за ўсё гэта ня ўзяў ні капейкі. Таксама, я ведаю, перамога ў гіт-парадзе зьяўляецца вельмі важнай падзеяй для маіх музыкаў, якія спрычыніліся і да запісу, і да здымкаў у якасьці актораў», — зазначыла Кацярына і дадала, што яна знаходзіцца ў шоку — ад той колькасьці галасоў, якія былі аддадзеныя за кліп: «Ведала бы імёны тых, хто падтрымаў, падзякавала бы асабіста! А як гэта немагчыма, то кажу ўсім тут і цяпер: вялікі дзякуй вам за падтрымку, якая натхняе на далейшае! Значыць не зусім ужо дарэмна ўсё раблю».

Самая галоўная навіна ад Fantasy Orchestra — новая цымбалістка Ўльяна, якая, са словаў Кацярыны, можа выдаваць на сваім інструмэнце такія пасажы, што вока гледача ня можа вычапіць рухі рук музыкі?. Паглядзець жывы сэт каманды можна 9 чэрвеня на дзень народзінаў кафэ «Грай», на які заяўлены досыць разнастайны склад, уключна з гуртом Re1ikt і Аляксандрам Саладухам. Таксама Fantasy Orchestra сыграе сэт у межах фэсту «Сьвята сонца» ў Дудутках 16 чэрвеня. Кацярына Ваданосава таксама дэбютуе ў якасьці тэлевядоўцы — 9 чэрвеня ў 10:30 на тэлеканале «Беларусь-3» выйдзе першае выданьне праграмы «Жывая культура», прысьвечанай нематэрыяльнай культурнай спадчыне Беларусі. Усяго да этэру плянуецца каля 70 праграмаў. Паралельна гурт Кацярыны працуе над новым альбомам. Сачыць за навінамі музыкаў можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM, фота Арцёма Тарасевіча