Топ-12 прэм’ераў пачатку лета (аўдыё)
1279 / 0
06.06.2018

Топ-12 прэм’ераў пачатку лета (аўдыё)

На TuzinFM агляд cьвежых беларускамоўных прэм’ераў — ад дзявочых балядаў, электрапопу і рэпу да мэталу і альтэрнатывы.

Skynet — «Каханая»

Першы беларускамоўны самотнік прэзэнтаваў гурт з Бабруйску. Спачатку песьню выпрабавалі на жывым выступе. Успрынятая яна была надзвычай прыязна і на наступным канцэрце прыхільнікі каманды ўжо прасілі выканаць яе, кажа лідэр Skynet Іван Панамароў. «Сапраўднае каханьне чакае кожны. І калі яно прыходзіць, то адзінае пра што шкадуе чалавек, дык гэта пра час, які прайшоў без гэтага пачуцьця», — так прэзэнтуе музыка сваю кампазыцыю. Skynet грае поп-рок. З дасягненьнеў каманды — разагрэў у беларускім туры «Би-2», высокія адзнакі ад Ільлі Лагуценкі і Івана Урганта ў фінале расейскага конкурсу Work & Rock, лідэрства ў «Народным чарце» на канале БелМузТВ. Болей пра гурт можна дазнацца ў афіцыйнай суполцы.

Mikita feat. INAIA — Стану морем

«Стану морам» — міжнародны сынгл на беларускай і ўкраінскай мове, які запісаў праект Mikita, адкрыцьцё 2017 году ў беларускай музыцы па вэрсіі TuzinFM, разам з украінскай сьпявачкай INAIA (Кацяй Рогавай). Мікіта Ігнаценка кажа, што летась дужа натхніўся тым, што робіць Каця ды зьвярнуўся да яе з прапановай дуэту. Каця згадзілася, бо ёй такая ідэя падалася ўдалай. «Для мяне гэта больш чым лірычная песьня. Яна ў пэўнай ступені ёсьць маніфэстам. Родная мова — наш культурны код. Так пра каханьне маглі засьпяваць і нашыя продкі — кожны сваімі словамі пра тое, што зразумела бяз словаў», — кажа з нагоды прэм’еры ўкраінская сьпявачка. «Наша песьня — добры прыклад таго, што ўсе межы, моўныя бар’еры, войны ды рознагалосьсі — гэта ненатуральныя і ўмоўныя зьявы», — дадае беларускі выканаўца.

Zło — «Хапае хайпу»

Cвой дэбютны рэліз прэзэнтаваў рэпэр Zło. Пад гэтым псэўданімам захаваецца адзін з кіраўнікоў «Арт-сядзібы», музыка, актор ды шоўмэн Аляксей Сапрыкін. Артыст прапагандуе філязофію зла, адмаўляе дабро, якое лічыць за найвышэйшую форму няшчырасьці. У загалоўным трэку з EP ён разважае пра пошук свайго месца ў жыцьці. «Ня важна чым ты займаесься, калі гэта табе падабаецца, калі ты атрымліваеш ад гэтага асалоду і задавальненьне — то табе „хапае хайпу", то бок ня трэба выкабеньвацца і некага капіяваць», — кажа выканаўца. На TuzinFM прэзэнтуецца радыёвэрсія трэку. Увесь EP уключна зь нецэнзураванай вэрсіяй загалоўнай песьні можна пачуць тут.

«Няміга» — «Страла»

Дэбютны самотнік прэзэнтаваў гурт «Няміга», які стварылі чатыры дзяўчыны. За музыку, тэксты і вакал у ім адказная Ксенія Валенда, Вера Алендра грае на флейце, Маша Лабовіч на клявішах, Лізавета Лобан — на пэркусіі. «Я ніколі ня хлушу ў сваіх песьнях. Усе яны зьяўляюцца адбіткам уласных пачуцьцяў, перажываньняў. Таксама заўсёды ўплятаю ў твор народныя матывы, апісаньне прыроды, каб перадаць настрой маёй душы», — так прадстаўляе свой твор Ксенія. Запіс і зьвядзеньне песьні зрабіў Савелій Юрчанка з Cherry Records Studio. Сачыць за навінамі маладой каманды можна праз афіцыйную суполку.

BarRokka — «Анёл»

Новы самотнік ад гурта BarRokka сьпявачка Лізавета Леўчык называе сваёй маленькай споведзьдзю. «Праз гэтую песьню я намагалася выказаць сваю ўдзячнасьць да майго „анёла-абаронцы“, чалавека, якога я бязьмежна люблю і заўжды буду любіць. А вы можаце праасацыяваць яе са сваім блізкім чалавекам ці нават адчуць празь яе цяпло да яго», — кажа лідэрка. Запіс адбыўся ў сытуацыі паўраспаду, у якой знаходзіцца гурт апошнім часам. На сёньня ў BarRokka засталася толькі Лізавета ды кантрабасіст Віктар Паляшчук, але музыкі спадзяюцца знайсьці адзінадумцаў, якія дапамогуць даць новае дыханьне іхняму праекту.

Manetny Dvor — «Фанабэрыстая»

Новы самотнік «Фанабэрістая» прэзэнтаваў музычна-тэатральны праект «Манетны двор». Гэтая кампазыцыя зьяўляецца часткаю аўдыёкнігі «Bestiarium», якую цяпер рыхтуюць музыкі. Лідэр калектыву Зьміцер Гайдэль кажа, што гэта будзе музычная пастаноўка з пацешнымі героямі ды павучальным сюжэтам. Матэрыял пішацца на Vikstudio у Горадні. Летась музыкі прэзэнтавалі песьню «Зазноба», якая таксама ёсьць часткаю гэтае пастаноўкі. Яна ўвайшла ў топ-12 прэм’ераў лета-2018 на TuzinFM і дайшла да фінала конкурсу «Ведай нашых», які ладзіць «Радыё Сталіца». Сачыць за дзейнасьцю гэтае арыгінальнай каманды можна праз суполкі УК/FB.

Lateks — «Каб трубы гралі»

Lateks — сольны праект Юрася Лявіцкага, былога гітарыста беларуска-польскага гурта Holy Chimp і былога вакаліста польскай каманды Vigil. Па працы ён апынуўся ў Нямеччыне, дзе і вырашыў давесьці да ладу свае даўнія альт-рокавыя напрацоўкі ды запісаць студыйны EP. «Лятэкс — гэта ж пра ўсё нашае жыцьцё. Мы часта імкнёмся да таго, што звонку блішчыць, але ўнутры абсалютна штучнае. Мы расьцягваем свой час нібы той лятэкс на непатрэбныя справы замест таго, каб жыць і радавацца простым рэчам. Менавіта пра гэта загалоўная песьня EP», — тлумачыць Юрась з нагоды прэм’еры на TuzinFM. Тэксты ён стварыў у суаўтарстве са Стасем Раманчуком, аранжыроўку кампазыцый зрабіў Кірыл Мамот. Цалкам EP можна паслухаць на стрымінг-канале TuzinFM. Сачыць за праектам можна праз суполкі УК/FB.

Haina — «Вясна»

Новы самотнік прэзэнтаваў гурт Haina. На стварэньне кампазыцыі музыкаў натхніла вясна. «Зерне набіраецца сокамі зямлі, каб вырасьці ў нешта цэльнае, адметнае, непадобнае. Кожны з нас — зерне. Дзень за днём сябе мы сеем у іншых, іншых — у сабе. Зерне — гэта будучыня, якую варта дачакацца», — сказаў у камэнтары TuzinFM з нагоды прэм’еры лідэр каманды Ільля Паплёўка. Жывая прэзэнтацыя сынглу адбудзецца на сольным канцэрце каманды ў менскім TNT 31 траўня. У падтрымку рэлізу музыкі таксама зьнялі кліп.

 «Дрымон»«Прынцып»

Олд-бойз-бэнд «Дрымон» прэзэнтаваў на TuzinFM самотнік «Прынцып», першы свой трэк пасьля выхаду дэбютнага альбому летась у чэрвені. Па словах музыкаў, за год працы яны зьмянілі гучаньне і працягнулі пошукі больш утульнай для сябе стылістыкі. Сама песьня ўяўляе зь сябе рэакцыю на адну з самых папулярных на сёньня тэмаў для абмеркаваньня, кажа лідэр каманды Ільля Маліноўскі. Ён называе «Прынцып» маналёгам даведзенага да адчаю хлопца. Запісаны трэк у менскай студыі Everest, пры дапамозе гукарэжысэра Паўла Сінілы, зьвядзеньнем і майстарынгам займаўся Яўген Сухавей. Жывая прэзэнтацыя песьні пройдзе на сольным канцэрце гурта 6 чэрвеня ў менскім Doodah King Bar.

Dymna Lotva feat. Андрэй Апановіч — «Трудна, нудна на сэрдуньку»

Дум-мэтал-гурт Dymna Lotva прэзэнтуе на TuzinFM сумесны сынгл з Андрэем Апановічам. Паўстала песьня раптоўна, з камэнту музыкаў у сацсетках пад адной з апытанак, у якой удзельнічаў цяперашні гурт Андрэя. Музыкі з Dymna Lotva напісалі, што калі пераможа Trollwald, то яны запішуць фольк-трэк, а сам Апановіч тут жа ў камэнтах даў згоду паўдзельнічаць у запісе. Тэкст узялі са зборніку пазаабрадавых песень філфаку БДУ, дзе хапае змрочных і жудасных гісторыяў, «Трудна, нудна на сэрдуньку» запісана ў вёсцы Завельцы Астравецкага раёну. Песьня распавядае пра трагічнае завяршэньне каханьня, гвалт у сям'і і жорсткае забойства. Болей пра гурт Dymna Lotva — на іх афіцыйнай старонцы.

Massenhinrichtung — «Апошняя птушка надзеі»

Беларускі blackened metal гурт праанансаваў на TuzinFM свой будучы новы альбом аднайменным яму трэкам. Музыкі кажуць, што іх песьня «Апошняя птушка надзеі» распавядае пра некалькі пакаленьняў беларусаў, якія захраснулі ў балоце ва ўсіх сэнсах гэтага слова: «Назапашаныя стагодзьдзямі каштоўнасьці згубіліся недзе на дне, да якога ўсё складаней дабрацца, каб узьняць на паверхню, тое, што было згублена. Вялікая частка нашага народу забылася хто яны і адкуль, як быццам бы завісьлі ў часе назаўжды. Але крылы апошняй птушкі надзеі яшчэ пакуль бачныя ў бясконцым беларускім небе». Massenhinrichtung спалучае ў сваёй творчасьці аўтэнтычныя беларускія матывы і цяжкую экстрэмальную музыку. Каманда існуе з 2004 году, мае два альбомы, якія выйшлі ў Польшчы, Нямеччыне ды ЗША. Трэці іх дыск «Апошняя птушка надзеі» выходзіць на лэйблах «Darker Than Black Records» (Нямеччына) і Der Schwarze Tod (Расея). За навінамі гурта можна сачыць праз суполку.

Incerto — «Залаты компас»

Свой дэбютны EP прэзэнтаваў гурт Incerto, які грае альтэрнатыўны рок і ню-мэтал. Музыкі разам зь мінулага году. Летась яны прэзэнтавалі дэбютную кампазыцыю «Памяць» і музычнае відэа на яе. У міні-альбом увайшло тры зусім новыя песьні. Адна зь іх — «Залаты кампас» найбольш перадае агульны сэнс. «Мы пяем пра фальшывыя арыентыры. Часта бывае так, што людзі гатовыя рушыць за ідэямі і думкамі іншых, што прыводзіць да сумных наступстваў», — тлумачаць музыкі. Усе песьні можна паслухаць у афіцыйнай суполцы каманды.

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаем песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.

Яшчэ: Топ-12 новых трэкаў вясны-2018

TuzinFM