Найлепшыя песьні сэзону на TuzinFM ад Арцёма Лобача (аўдыё)
657 / 0
16.06.2018

Найлепшыя песьні сэзону на TuzinFM ад Арцёма Лобача (аўдыё)

Рэжысэр і кліпмэйкер Арцём Лобач падзяліў усе кампазыцыі сэзону на чатыры музычныя сусьветы і назваў песьні, вартыя ўдзелу ў Мэгатуры на TuzinFM.

Улічваючы той факт, што частку песень я ўжо чуў падчас працы над праграмаю Belsat Music Live, то маё ўражаньне адносна часткі кампазыцыяў гэтага сэзону на «Тузіне» загадзя ўжо было сфармаванае. Я не музычны крытык і збольшага кіруюся простым пачуцьцём: падабаецца ці не. У мяне выйшаў ня поўны тузін, бо што зробіш справа густу.

Але перад тым, як назваць песьні, якія мне рэальна спадабаліся, думаю варта напісаць агульныя ўражаньні пра ўсе пачутыя 36 песень. Гэтую падборку можна падзяліць на чатыры музычныя сусьветы: казачна-фальклёрны, змагарска-патрыятычны, савецкі, сучасна-трэндавы. І на гэтай падставе можна зрабіць маленькае антрапалягічнае дасьледаваньне пра сабе, якім чынам я рэагую на пачатак той ці іншай незнаёмай мне кампазыцыі. Асабліва хацелася б вылучыць песьню Vinsent’а «Мэтрапалітэн». Я раней ня чуў, яна мне вельмі спадабалася. «Дзецюкі» трапілі ў мой трэк-ліст найперш з салідарнасьці да ўлюбёнай Горадні і агульнага пратэставага настрою панк-музыкі. Песьня «Не пакідай» Naviband чапляе свім нескладаным мэлядызмам — гэта мяжа прымальнай для мяне поп-музыкі. Усе астатнія ў топе выканаўцы ўжо даўно заваявалі маю сымпатыю. І тры песьні якія стаяць асобна — яны цікавыя, бо аўтары шукалі ўнікальны падыход да песьні, стваралі складаную форму, што ня можа мяне не зацікавіць. Але гэта ўжо хутчэй пра мазгі, чым пра сэрца.

Такі плэй-ліст я запішу на дыск і буду слухаць:

1. Akute — Я цябе пакахаў

2. Dzieciuki — Гародня (live)

3. Mikita — Неба (live)

4. Naviband Не пакідай (live)

5. Teleport Nioman (live)

6. Vinsent Мэтрапалітэн

7. Паліна Рэспубліка Вышыня (live)

8. этна-трыё «Троіца» Зіма зь летам (live)

Таксама тры трэкі, якія вартыя ўдзелу ў Мэгатуры. Цікавы музычны падыход, але слухаць штодня ня буду :)

9. Сьвета Бень У шэрым змроку

10. Пані Малала Кавуны пасохлі

11. TonqiXod — Імчы, цягнік

Даведка TuzinFM. Арцём Лобач нарадзіўся ў 1987 годзе ў Барысаве. Скончыў Менскую мастацкую вучэльню, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, вучыўся ў Варшаўскай кінашколе і ў Wajda Studio (Варшава). Аўтар 10 дакумэнтальных і кароткамэтражных фільмаў, адзначаных на беларускіх і замежных кінафэстывалях: «Гародня. Новы сьвет», «Калеты», «Прыцемак», «Дом», «Простыя рэчы», «Гісторыя жыцьця», «Шлях у Дамаск», «Афрыканскае даміно», «Востраў надзеі», «Беларускія песьні. Традыцыя адлегласьці». Рэжысэр кліпаў для беларускіх і замежных выканаўцаў — здымаў ролікі для EarwormBlagi Mat!!!, Klezmafour (Польшча), Noisy Gasoline (Польшча), The ToobesAkuteJ:Морс, Berlinska dróha (Нямеччына), VurajNaka, «Мамкины бусы», VinsentHurma, «Рада», Nizkiz. Рэжысэр тэлепраграмы Belsat Music Live. Абраныя відэапрацы можна паглядзець на асабістым канале рэжысэра на Vimeo.

Арцём Лобач, для TuzinFM, фота Аляксандра Канончанкі