Юры Лакціёнаў (Pet Nihil): «Мы плюем у пысу тым, хто гэтага заслужыў»
3081 / 0
23.12.2013

Юры Лакціёнаў (Pet Nihil): «Мы плюем у пысу тым, хто гэтага заслужыў»

Гарадзенскія панкі Pet Nihil перарвалі васьмігадовае маўчаньне ды запісалі новы альбом. З гэтай нагоды лідэр каманды Юры Лакціёнаў даў інтэрвію Tuzin.fm.

Адны зь лідэраў тутэйшага анарха-панку 00-х гурт Pet Nihil заўважна актывізавалі сёлета сваю дзейнасьць. Гурт перарваў васьмігадовае маўчаньне ды абвесьціў пра выхад свайго новага альбому, які пісаўся цягам году ў Польшчы. З нагоды будучай прэм’еры франтмэн гурта Юры Лакціёнаў даў інтэрвію Tuzin.fm.

ТГ: Pet Nihil вядзе адлік з 2000 году. У той жа час ведаю, што гурт ужо існаваў у 1999. Якую дату заснаваньня лічыць слушнай?

У Pet Nihil мяне запрасілі ў 1999 годзе. Да гэтага ў нас была каманда пад назвай «Молокососы из Гродно» (скарочана — «МИГ»). Туды я прыйшоў на запрашэньне такога таварыша Гастэлы. У асноўным разьбіралі матэрыял, які я прыносіў. На жаль, Гастэла палічыў, што панкам не выпадала хадзіць на рэпэтыцыі, таму асабліва там не зьяўляўся. Магу сказаць, што нам гэты факт асабліва не перашкаджаў, і аднойчы мы проста ўзялі і зрабілі ратацыю кадраў. Гітарыст Дзіма стаў басістам, а я — гітарыстам, які сьпявае. Акрамя таго, я прапанаваў іншую назву для гурта — Pet Nihil. Усе гэтыя падзеі прыйшліся на пачатак 2000 году, таму і было вырашана весьці адлік з гэтага часу.

ТГ: Назва каманды можа ўвесьці ў зман. Можаш дакладна растлумачыць, што ёсьць «улюбёнае нішто». На беларускую так жа можна перакласьці Pet Nihil.

Гэта юнацкія выбрыкі, хацелася ўсіх заблытаць (усьміхаецца). Але ў гэтым быў вельмі вялікі, тоўсты плюс: я ведаў , што такой назвы больш не існуе. Што тычыцца трактоўкі, то ўсё досыць проста: Pet Nihil узносіць нігілізм панку з усімі вынікаючымі наступствамі.



ТГ: Горадню можна лічыць калыскай беларускага анарха-панку канца 90-х — пачатку 00-х, што яскрава адлюстравана ў вашым першым альбоме «Tanatos». Скажы, што паўплывала на вашу філязофію?

Так, нам пашанцавала. Наша юнацтва і станаўленьне праходзілі ў тую цудоўную эпоху. У той час стала відавочна, які лад усталяваўся ў краіне. Але моладзь хацела змагацца. Мы — захад Беларусі, і нам, гарадзенцам, бліжэй эўрапейскія каштоўнасьці. Мы выдатна ведалі пра ролю моладзі і студэнцтва на Захадзе, таму менавіта ў нас і паўстаў магутны левы рух. Многія яго ідэі выказалі ў сваіх песьнях Deviation, «Кальян», «Антиглобализатор», Contra la Contra, Pet Nihil нарэшце ды шмат якія іншыя. Наша філязофія заўсёды зводзілася да свабоды. Свабоды асобы і выбару, свабоды ад забабонаў і ад саўка. Да гармоніі з навакольным сьветам.

ТГ: Але што здарылася з вамі пасьля. У другім альбоме «Saint Lie» вы адыходзіце ад сацыяльных тэмаў. Ён наогул атрымаўся цяжкім, дэпрэсіўным і, на мой погляд, вельмі асабістым.

Ад выданьня першага альбому на той час мінула тры гады, мы зьмяніліся. Як аўтар тэкстаў, я перайшоў больш ва ўнутраны сьвет асобы. Але ўсё ж асновы філязофіі не пахіснуліся. Я паспрабаваў паказаць сьвет вачамі асобы, знутры, з кучай эмоцыяў і цяжкім вопытам. А ў цэлым — «Сьвятая хлусня» (з ангельскай «Saint Lie») стала працягам «Духу сьмерці» («Tanatos» дух сьмерці, пэрсанаж старажытнагрэцкай філязофіі).

ТГ: Распавядзі ўсім праўду: куды зьнік гурт? Фактычна вы адсутнічалі восем гадоў — з 2005 году.

Гэта жыцьцё, дзетка. Разышоўся зь першым складам па асабістых прычынах. Праз год сабраў новых людзей. Пару канцэртаў — драмэр сышоў. Калі запісвалі дэмкі новых песень — басіст сышоў. Вечныя праблемы зь людзьмі. Нават акустычны альбом вырашыў запісаць у 2010-м, каб хоць неяк парушыць цішыню. Адным словам, нармальна распачалі працу ў красавіку 2012 году. Падрыхтавалі матэрыял за год, і сёлета ў жніўні запісалі яго ў польскай студыі. Стыль некалькі зьмяніўся. Мы зьмяшалі наш панк/гардкор з гранжам і мэталам. На наш погляд, выдатная сумесь выйшла. У кастрычніку выдалі сынгл «Твои руины», каб усе жадаючыя змаглі прыкладна ўявіць, што зь сябе будзе ўяўляць новы альбом. Там на вокладцы яшчэ нацыянальная бібліятэка згарэла. Зусім выпадкова ўдалося зрабіць такі каштоўны кадар (смяецца).

ТГ: Як будзе называцца ваш новы альбом і калі яго чакаць?

«Spit»! Гэта будзе наш плявок у пысу тым, хто гэтага заслужыў, тым, што робіць гэты сьвет горшым. Мяркую, што ў студзені мы пакажам сваю працу.

4 студзеня 2014 годзу лідэр Pet Nihil Юры Лакціёнаў дае сумесны канцэрт зь лідэрам гуртам «Голая манашка» Федзем Жывалеўскім у менскім рок-бары «Крылы». Падрабязнасьці — у нашай афішы.

Бліжэй пазнаёміцца з творчасьцю гурта Pet Nihil можна ў афіцыйнай суполцы гурта.

Размаўляў Сёмы Атрад, для Tuzin.fm

Тэгi: