Ёсьць праблема. Прамоўтэры напісалі калектыўны ліст у Менгарвыканкам
892 / 0
18.06.2018

Ёсьць праблема. Прамоўтэры напісалі калектыўны ліст у Менгарвыканкам

Упершыню за ўсю гісторыю забаронаў беларускія арганізатары канцэртаў аб’ядналіся, каб выказаць сваё стаўленьне да дзейнасьці ідэолягаў.

З адмовай у выдачы гастрольнага пасьведчаньня сутыкаліся практычна ўсе актыўныя беларускія прамоўтэры, як толькі была ўведзеная такая практыка ў 2013 годзе. Дагэтуль непажаданыя мерапрыемствы забараняліся проста па тэлефоне, безь ніякіх папяровых сьведчаньняў. Першая задакумэнтаваная забарона ў Беларусі па цэнзурных прычынах здарылася ў 2014 годзе, калі ідэолягі адмовілі арганізатарам канцэрту гурта «Амарока».

Так выглядала тыповая адмова ад Менгарвыканкаму ў 2014—2016 гадах, зьмяняліся толькі назвы выканаўцаў

У гэтай і далейшых адмовах чыноўнікі кіраваліся пунктам «Палажэньня аб арганізацыі і правядзеньні культурна-відовішчных мерапрыемстваў» паводле якога забараняюцца арганізацыя і правядзеньне мерапрыемстваў, якія маюць на мэце ажыцьцяўленьне прапаганды вайны або экстрэмісцкай дзейнасьці; якія прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, маральнасьці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян; з парушэньнем патрабаваньняў гэтага Палажэньня і іншых актаў заканадаўства, у тым ліку ў сфэры аўтарскага права і сумежных правоў. Такія ж адмовы атрымлівалі ўсе, хто выклікаў сумнеў у чыноўнікаў у Менгарвыканкаме — ад фінскага гурта «Курск» і культавых амэрыканскіх рэпэраў Onyx да Вайцюшкевіча з праграмай на вершы Маякоўскага (!) і гурту Dzieciuki, зь якімі ў ідэолягаў асабістыя рахункі. За тое, мусіць, што гарадзенскія музыкі лічаць камунізм такім жа злом, што і фашызм.

Павал Скалабан, да 1.06.2018 кіраўнік ідэалягічнага ўпраўленьня Менгарвыканкама. Як правіла за ягоным подпісам былі аформленыя адмовы ў гастрольных пасьведчаньнях

З увядзеньнем «Кодэксу аб культуры» ў 2016 годзе ў ідэолягаў зьявілася іншае тлумачэньня адмоваў. Цяпер арганізатарам ідэйна нядобранадзейных канцэртаў сталі адмаўляць у выдачы гастрольных пасьведчаньняў на падставе «рашэньня мастацкай камісіі». Такім чынам, напрыклад, забаранілі сольны выступ Алеся Дзянісава. Прычым склад гэтай камісіі не раскрываўся і аніякіх дадатковых тлумачэньняў не давалася. І толькі дзякуючы судовай справе атрымалася дазнацца прозьвішчы людзей, якія вызначаюць мастацкі ўзровень. Вядома ж, усе яны апынуліся дзяржслужачымі. На той суд супраць ідэолягаў, дарэчы, не прыйшоў ніводны арганізатар канцэртаў. Больш за тое, большасьць прамоўтэраў лічылі за лепшае не агучваць публічна тое, што ім забаранілі той ці іншы канцэрт. І вось сёлета адбыўся пераломны момант, калі арганізатары канцэртаў аб’ядналіся.

Тыповая адмова пасьля ўступленьня ў сілу «Кодэкса аб культуры», з 2016 году, зьмяняюцца толькі назвы выканаўцаў

Сёлета ідэолягі зь Менгарвыканкаму надзвычай рупліва выконвалі сваю справу — лік адмоваў у гастрольных пасьведчаньнях пайшоў ужо на сотні. І ўсё па прычыне нізкага мастацкага ўзроўню. Пасьля скандалу з канцэртам расейскага рэпэра Face, за справу ўзялася Генэральная пракуратура. Па выніках іх праверкі быў забаронены, напрыклад, выступ расейскага выканаўцы Элджэя. Красамоўная цытата з гэтай нагоды з камэнтара Onliner.by начальніка аддзелу па наглядзе за захаваньнем правоў і свабодаў грамадзянаў упраўленьня па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў Генпракуратуры Марыны Паповай: «Мы разумеем, што сёньня ёсьць інтэрнэт і што таго ж Фэйса моладзь будзе слухаць у навушніках у сябе дома. Але задача дзяржавы — абазначыць тое, што мы не заахвочваем і не падтрымліваем. Падчас праверкі мы вялі размову зь Менгарвыканкамам пра тое, што ўсё ж неабходна цікавіцца рэпэртуарам, які будзе прапаноўвацца гледачам, вывучаць гастрольны ліст і пералік песень, якія будуць выконвацца».

Віталіна Рудзікава, з 2010 году начальнік упраўленьня культуры Менгарвыканкаму

Уся гэтая сытуацыя падштурхнула да калектыўнага звароту беларускіх прамоўтэраў у Менгарвыканкам. Ініцыятарам выступіў арт-дырэктар клюбу «Ili» Павал Юрцэвіч. Ён тлумачыць, што гэты ліст пакуль не перасьледуе мэты зьмяніць існы парадак справаў. У ім акрэсьліваецца патрэба высьветліць фармулёўку «нізкі мастацкі ўзровень», якой карыстаюцца чыноўнікі. Арганізатары просяць чыноўнікаў даць поўны і разгорнуты адказ на пытаньне што ўваходзіць у паняцьце «нізкі мастацкі ўзровень» і ў выпадку адмоваў у выдачы гастрольных пасьведчаньняў указваць поўны пералік прэтэнзіяў да твораў, іх выкананьня з тым, каб не дапусьціць надалей узьнікненьня падобных сытуацыяў. «Патлумачце, якія рыфмы, тэмпы і рытмы азначаюць „нізкі мастацкі ўзровень“, бо мы не разумеем», — пішуць у прыватнасьці прамоўтэры. Ліст падпісалі 12 асобаў, сярод якіх кіраўнікі некалькіх канцэртных пляцовак і арганізатары пераважна невялікіх канцэртаў. Больш буйныя прамоўтэры і кіраўнікі вялікіх канцэртных агенцыяў ініцыятыву пакуль не падтрымалі.

TuzinFM будзе сачыць за далейшым разьвіцьцём падзеяў.

TuzinFM