Топ-12 ад Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. «Музыка — магутная крыніца!» (аўдыё)
1227 / 0
20.06.2018

Топ-12 ад Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. «Музыка — магутная крыніца!» (аўдыё)

Рэжысэр яркіх відэа для Макса Каржа і Mark Fоrmelle ды аўтар фільму «Адной крыві» назваў песьні, якія яго найбольш узрушылі ў гэтым сэзоне на TuzinFM.

Для мяне музыка — гэта магутная крыніца для фантазіяў ды натхненьня. Слухаю трэк і ўяўляю для сябе якую-небудзь візуальную гісторыю. У кожным музычным творы ёсьць свая ўнутраная гісторыя, атмасфэра, вобразы, якія альбо супадаюць з тваімі ўнутранымі адчуваньнямі, уключаюць фантазію, альбо ніяк працуюць у тваім уяўленьні. Я называю тыя песьні, якія мяне асабіста кранулі.

1. Сьвятлана Бень У шэрым змроку (на словы Ізі Харыка). Гэта крута, самы моцны па атмасфэры трэк са сьпісу, проста адразу гатовы саўндтрэк для кіно.

2. K3tyvana Толькі джаз. Выдатны сучасны танцавальны трэк, які нечым нагадвае Дорна і трошкі Антоху МС, у трэндзе карацей кажучы.

3. TeleportNioman. Вылучаю, таму што нагадвае Radiohead.

4. N.O.I.R./Stern — Восень. Мне падабаецца трып-гоп. Атмасфэрай і гучаньнем гэты трэк нагадвае Massive Attack «Karmakoma». Але калі на беларускай мове, дык асабліва кайфова.

5. Vinsent — Мэтрапалітэн. Трэк у традыцыях Ассаі — моцны вобраз, уключае фантазію на ўрбан-тэматыку, адназначна стаўлю ў плэер.

6.  Palina Respublika — Vyšynia. Прыемная і ненапружвальная атмасфэра, сучаснае гучаньне, гарманічнае спалучэньне голасу і музыкі. Такі твор можа стаць саўндтрэкам да фільму.

7.  NAVIBAND — Nie pakidaj. У гэтага гурта ёсьць індывідуальнасьць, ёсьць лёгкасьць і простасьць. Іх заўжды адрозьніш сярод іншых гуртоў, прыемныя, калі карацей. Проста ўключаеш і ім ужо хочацца падпяваць.

8. Лявон Вольскі Ты помніш. Мне падаецца, што ў гэтай кампазыцыі ёсьць усё, каб быць гітом. Запамінальны прыпеў. Вельмі крутое гучаньне, як у старога добрага Bon Jovi.

9. Naka Адыйшоўшым. Трэк з характарам, люблю, калі эмацыйна і калі з падтэкстам.

10. этна-трыё Троіца Зіма зь летам. Драматычна. Песьня пагружае ў сябе, як этна-мэдытацыя.

11. Сразу май Кранае. Магутна, ёсьць энэргія — не эмітацыя, а менавіта жыцьцё.

12. Павал Аракелян Гультай. Цікавы голас, круты вымалёўваецца вобраз выканаўцы пры праслухоўваньні. Ну і хуліганства — заўжды крута.

Даведка TuzinFM. Мітры Сямёнаў-Алейнікаў. Нарадзіўся ў 1990 годзе ў Менску. Скончыў рэжысэрскі факультэт ВГИК у Маскве (2015). Аўтар фільму «Адной крыві», які атрымаў Гран-Пры фэстывалю Bulbamovie (Польшча) і быў паказаны ў праграме  Short Film Corner на Канскім кінафэстывалі (Францыя). Таксама здымаў кліпы для Макса Каржа, Uzari, гуртоў «Без Билета» і «ili-ili», рэклямныя ролікі для Mark Fоrmelle, Velcom, Wargaming. Некаторыя працы рэжысэра можна пабачыць на ягоным канале на Vimeo.