SnopSnoŭ — новыя пераможцы «Басовішча» (+ топ-12 трэкаў гурта)
3569 / 0
23.07.2018

SnopSnoŭ — новыя пераможцы «Басовішча» (+ топ-12 трэкаў гурта)

Менскія індзі-электроншчыкі забралі галоўны прыз Конкурсу маладых гуртоў XXIX Фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча-2018».

Спыніўшыся за крок да перамогі летась, хлопцы вырашылі, што ўдача суправаджае найбольш падрыхтаваных і ўпартых, ды паспрабавалі яшчэ раз. І сталі пераможцамі. Музычнае журы — Іло Карпюк, Анджэй Байгуз, Хрысьціна Дарапей, Мікалай Янкойць, Віталь Зыблюк, Вольга Малюшыцкая, прадстаўнікі Беларускага аб’яднаньня студэнтаў ды леташнія пераможцы з гурта Teleport — аддалі перавагу менавіта ім.

«Мы засталіся вельмі задаволенымі ўзроўнем канкурсантаў. Іх сэты выдатна гучалі на вялікай сцэне: і мінімалістычны пост-панк Nürnberg, і экспэрымэнты Eryk i Ja, і экспрэсіўная акустыка MorkvoЦвет, і халодныя рытмы SnopSnoŭ, — камэнтуе сябра журы Хрысьціна Дарапей. — Перамогу ўсё ж аддалі SnopSnoŭ, бо тыя прадэманстравалі ня толькі якасную музыку, але й матывацыю да перамогі: выступілі з абноўленым складам, зайгралі сэт з прэм’ераў і нават зьмянілі мадэль паводзінаў на сцэне. Усё гэта пайшло ім на карысьць і пераканала нас у справядлівасьці нашага рашэньня».

Цяпер музыкі маюць гарантаванае месца ў лайн-апе XXX фэстывалю «Басовішча», атрымаюць грашовую ўзнагароду ад БАСу і інфармацыйную падтрымку ад «Беларускага Радыё Рацыя».

«Перамога — адзін з самых эмацыйных момантаў у нашай музычнай дзейнасьці, — прызнаецца саліст SnopSnoŭ Сяргей Іваноў. — Я яшчэ маленькім хлопчыкам сачыў за фэстам і марыў пра тое, каб даехаць і перамагчы. Акрамя гэтага перамога сьведчыць пра тое, што мы зрабілі правільныя высновы пасьля мінулагодняга фэсту і абралі правільны шлях разьвіцьця. Безумоўна, у тое, што мы так загучалі, свой унёсак зрабіла каманда на сцэне, якая спрацавала вельмі эфэктыўна. Неверагодна прыемна граць, калі ты можаш проста ня думаць пра якасьць гуку, таму што ўсё ўжо зрабілі прафэсіяналы».

Прызавыя грошы музыкі плянуюць скарыстаць на зьвядзеньне і майстэрынг новага альбому, які мае выйсьці ўвосень.

Сачыць за навінамі гурта можна ў сацыяльных сетках у FB і VK.

TuzinFM, фота Беларускае Радыё Рацыя