Loudscage. Песьні пра пакаленьне Пітэра Пэна (аўдыё/відэа)
317 / 0
31.07.2018

Loudscage. Песьні пра пакаленьне Пітэра Пэна (аўдыё/відэа)

Удзельнікі новай беларускай ню-мэтал фармацыі Loudscage на чале з Марго Давідовіч распавялі ў інтэрвію TuzinFM пра падсьвядомыя страхі і заганы пакаленьня Y ды прэзэнтавалі песьні з EP «Юнацтва роспач».

Пад шыльдаю Loudscage музыкі граюць з пачатку 2016 году, хоць знаёмыя між сабою былі і да гэтага моманту. Кожны з удзельнікаў каманды ўжо меў досьвед у іншых музычных праектах. «Мы сабраліся разам дзякуючы адзінаму бачаньню таго, што мы хочам данесьці», – кажа вакалістка каманды Марго. Яна сьпявае пра тое, як важна быць сапраўдным. Песьні Loudscage – пра ўнутраныя страхі і супярэчнасьці. «Сёньня людзі ў пагоні за яскравай індывідуальнасьцю ды імкненьнем быць непадобнымі да астатніх, насамрэч страчваюць уласнае «Я». Нас цікавіць гэты канфлікт, які ствараецца паміж чалавекам, які ён ёсьць і тым, кім ён думае, што хоча стаць», – тлумачыць Марго.

Для выказваньня сваіх думак і пачуцьцяў Loudscage абралі фармат ню-мэталу. На іх думку, гэты стыль найлепш адлюстроўвае ўнутраныя перажываньні і страхі, якія вельмі часта застаюцца ў глыбінях падсьвядомасьці. Ну, і вядома ж, у гэтым стылі граюць гурты, якія паўплывалі на ўдзельнікаў Loudscage і падштурхнулі да стварэньня ўласнай аўтарскай музыкі. Korn, Deftones, P.O.D., Staind

Дэбютавалі Loudscage летась з EP «Neverland», які музыкі прысьвяцілі «пакаленьню Пітэра Пэна», што ня хоча сталець і спрабуе схавацца са сваімі складанасьцямі ў выдуманым сьвеце. Таксама музыкі прэзэнтавалі дэбютны відэакліп на песьню «Blame». «Мы хацелі паказаць барацьбу ўнутранага сьвету з навакольлем, дзе кожны твой крок спрабуюць кантраляваць ды накіраваць у патрэбнае рэчышча», – распавядае Марго. Сьледам зьявілася яшчэ адно відэа «Stay».

Спачатку Loudscage моваю сваёй лірыкі абрала ангельскую. На думку музыкаў, яна дае болей шанцаў быць пачутымі за межамі краіны. Аднак, праз некаторы час вырашылі перавыдаць свой дэбютны рэліз па-беларуску пад назваю «Юнацтва роспач»: «Мы беларускі гурт і наша мова – беларуская», – заяўляюць цяпер музыкі.

У гурце Марго Давідовіч адказвае за вакал і лірыку, Уладзімер Касовіч грае на гітары, Інга Мілістфэр на бубнах, а Раман Гарадзінскі на басу. Яны актыўна канцэртуюць і бяруць удзел у фэстах. Было нават такое, што ў адзін дзень музыкі мелі выступы ў двух розных месцах. Сярод іншага яны выступалі на фэстах «Купальскае Кола», «Магутны фэст»,  сталі пераможцам адбору на «Наш дзень». Цяпер музыкі працуюць над новым рэлізам, у які ўвойдуць як песьні па-ангельску, так і па-беларуску. Анансуецца таксама выхад відэа на дзьвюх мовах.

Сачыць за навінамі Loudscage можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM, фота budzma.org i з афіцыйнае суполкі гурта