Памёр лідэр Neuro Dubel Аляксандар Кульлінковіч
12253 / 1
04.08.2018

Памёр лідэр Neuro Dubel Аляксандар Кульлінковіч

Раніцай 4 жніўня пайшоў у іншы сьвет Аляксандар Кульлінковіч. Пра гэта TuzinFM паведамілі музыкі гурта, інфармацыю пацьвердзілі ў 3-й клінічнай больніцы Менску.

«Аляксандар Кульлінковіч памёр сёньня, 4 жніўня паміж 8-й і 9-й раніцы», — паведаміў парталу TuzinFM дзяжурны доктар 3-й клінічнай больніцы г. Менску Аляксандар Пагарэлец. Пакуль дактары афіцыйна не паведамляюць дакладную прычыну сьмерці. Па словах калегаў музыканта, яго забралі 3 жніўня ўдзень у рэанімацыю. «У яго была вострая форма запаленьня лёгкіх, пнэўманія, якую ён пераходзіў на нагах. Яго ўчора забралі ў рэанімацыю, канстатавалі паражэньне лёгачнай тканкі. У гэтую сераду, 1 жніўня, у нас была рэпэтыцыя і Саша быў як агурок. Для нас усіх гэта нечаканая і вельмі сумная навіна», — сказаў у камэнтары TuzinFM Андрэй Стэпанюк, бубнач Neuro Dubel. Яму Кульлінковіч даслаў сваё апошняе SMS-паведамленьне: «Мне вельмі кепска. Нібы кол у грудзі забілі. Выклікаў хуткую». Акурат 4 жніўня Neuro Dubel меўся выступіць на фэсьце «Рок за Баброў» разам з гуртамі «J:Морс», «Дай дарогу!», DDT, «Сплин» ды іншымі.

Разьвітаньне з Аляксандрам Кульлінковічам прызначана ў рытуальнай залі крэматорыю Паўночных могілкаў у нядзелю, 5 жніўня, з 15:00 да 16:00.

Аляксандру Кульлінковічу было 46 гадоў. Ён нарадзіўся 18 траўня 1972 году ў Смалявічах. У Менску жыў зь пяці гадоў. Скончыў ПТВ-23 па спэцыяльнасьці «сантэхнік», адвучыўся адзін курс на факультэце журналістыкі ў БДУ, працаваў у моладзевых выданьнях. Быў калюмністам парталу Naviny.by і аўтарам часопіса «Sexus», пісаў у газэту «СБ — Беларусь сегодня».

Вершы і музыку пачаў пісаць з 1985 году. Мае з гуртом 16 запісаных альбомаў. Пісаў песьні па-расейску, а з 2000 году і па-беларуску. Мае 10 перамогаў у розных намінацыях «Рок-каранацыі», у тым ліку «Гурт году» (Галоўная Рок-Карона) у 1998 і 2007 гадах. Браў удзел у супольных музычных праектах «Скрыпка дрыгвы» (ня выдадзены), «Крамбамбуля» (2003), «Салідарны зь Беларусьсю» (2006).

Neuro Dubel упершыню паказаўся на публіцы ў 1992 годзе, а ўтварыўся яшчэ раней — 17 ліпеня 1989 году. Пагалосак пра каманду, якая выконвае панк-рок з іранічнымі тэкстамі, і пра вакаліста, які б’ецца ў канвульсіях на сцэне і кідаецца ў натоўп, разышоўся далёка за межы першых сталічных клюбаў, і неўзабаве «дзюбэлі» сталі вядучай рок-камандай Беларусі. Іх касэты разыходзіліся ня горш, чым альбомы шанаваных брытанскіх панкаў The Exploited, іх тэксты друкаваліся ў папулярных на той час песеньніках, што прадаваліся ў шапіках «Белсаюздруку». І, што цікава, яны часьцяком зьяўляліся на экранах дзяржаўнага тэлебачаньня зь неардынарнымі кліпамі. Іх прынялі паўсюль — у рок-тусоўцы іх паважалі за адвязанасьць і бескампраміснасьць, на эстрадзе — за адкрытасьць і шчырасьць. Першую «Рок-карону» ім як найлепшаму беларускаму гурту ўручыў Уладзімер Мулявін. Віталі іх і ў беларускамоўным асяродзьдзі, гэты гурт быў бадай што першым, хто выступіў на фэстывалі «Басовішча» з расейскамоўнымі песьнямі. Па-беларуску ўпершыню яны засьпявалі толькі праз 12 гадоў пасьля заснаваньня, калі прэзэнтавалі сваім прыхільнікам песьню «Я памру тут»…

 

TuzinFM выказвае спачуваньні родным і блізкім Аляксандра Кульлінковіча. Сьветлая памяць.

TuzinFM

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    04.08.2018 / 23:21

    Разьвітаньне з Аляксандрам Кульлінковічам адбудзецца ў рытуальнай залі крэматорыю Паўночных могілкаў у нядзелю, 5 жніўня, з 15.00 да 16.00

  • КАМЕНТАВАЦЬ