Re1ikt перамог у Мэгатуры з кліпам на ўлюбёную песьню Рыгора Барадуліна
5812 / 0
16.08.2018

Re1ikt перамог у Мэгатуры з кліпам на ўлюбёную песьню Рыгора Барадуліна

Кліп рэжысэра Ігара Гусева «Drobnieńki doždžyk» абышоў усіх у выніковым туры на TuzinFM з вынікам 1114 галасоў. Для гурту Re1ikt гэта стала трэцяй перамогай у відэачарце за апошнія чатыры гады.

«Чаго ты, лося» ў 2015-м, «Хадзіла галота» ў 2017-м, і вось сёлета «Drobnieńki doždžyk». Тройчы кліпы на песьні Re1ikt перамагалі ў мэгатурах на TuzinFM. Да сёлетняга галасаваньня музыкі паставіліся з усёй сур’ёзнасьцю. «Мы самі пільна сачылі ды інфармавалі людзей пра ўдзел кліпу ў Мэгатуры, бо лічам, што як сама песьня, так і відэа таго вартыя», — зазначае лідэр і бубнач каманды Аляксандар Дзямідзенка. Песьня «Дробненькі дожджык» была запісаная для праекту «Песьні матчыны з Вушаччыны», прысьвечанага Рыгору Барадуліну. Гэта народны сьпеў, які вельмі любіў сьпяваць сам народны паэт. У кліпе ў якасьці актораў зьняліся Аляксандар Бурносенка і Кацярына Ваданосава. Цікава, што гурт самой Ваданосавай з кліпам на песьню «Я іду да цябе» таксама да апошняга прэтэндаваў на перамогу ў Мэгатуры і па выніку заняў другое месца.

«Мы ганарымся гэтым кліпам і лічым, што ён варты ўвайсьці ў гісторыю беларускай музыкі. Але шмат якія ролікі з Мэгатуру былі вартыя перамогі. Хоць тут цяжка тут быць аб’ектыўным, бо ў некаторых мы самі ўдзельнічалі ў якасьці актораў, як у „Сьпявайце“ Лявона Вольскага, у некаторых я асабіста дапамагаў з прадакшнам, як у „Шпаркіх хвалях“ гурта „Мерада“. Ну і ўрэшце рэшт — ролік Каці Ваданосавай, якая зьнялася і ў нашым кліпе», — распавядае Аляксандар.

Цяпер Re1ikt заняты стварэньнем песьняў да свайго новага альбому. Рэліз плянуецца на 2019 год. А сёлета ўвосень гурт парадуе прыхільнікаў сынглам. Пачуць ужывую каманду ў найбліжэйшы час можна 8 верасьня з сольным выступам на «Пешаходцы».

TuzinFM