!OUT: Тузін гітоў пачатку XX стагодзьдзя (рэдкія аўдыё!)
6159 / 0
21.10.2018

!OUT: Тузін гітоў пачатку XX стагодзьдзя (рэдкія аўдыё!)

TuzinFM склаў свой гіт-парад з запісаў на васкавых цыліндрах і грамафонных кружэлках, якія карысталіся папулярнасьцю ў беларускіх месьцічаў больш за 100 гадоў таму. У матэрыяле Віктара Сямашкі паўстаюць зь нябыту галасы даўно памерлых і амаль забытых сьпевакоў ды ўздымаюцца з попелу асобныя музыкі ды аркестры.

Што слухалі беларускія месьцічы напачатку XX стагодзьдзя? Якія васковыя цыліндры ці грамафонныя кружэлкі маглі быць у тагачасных мэляманаў? Такіх запісаў на самой справе нямала. Мы сканцэнтраваліся на той музыцы, якая мае хоць мінімальнае (альбо верагоднае) дачыненьне да Беларусі.

ЗОРКІ МАРЫІНКІ ДЫ ВЯЛІКАГА

 Антон Баначыч «Арыя Германа» (з опэры Пятра Чайкоўскага «Пікавая дама»), запіс 1912 году

На момант запісу знакамітае арыі сьпявак з Марыюпалю родам яшчэ й не падазраваў, што зьвяжа жыцьцё зь Беларусьсю. Па крыві Антон Баначыч напалову чарнагорац, напалову грэк, бацька служыў ці то лекарам, ці то аўстрыйскім консулам. Сьпявак адукоўваўся ў Рэвэлі (цяперашнім Таліне), Харкаве, Пецярбурзе, працаваў у Кіеве ды Маскве ў імпэратарскай трупе, гастраляваў па Эўропе ды Амэрыцы. Артыст валодаў рэдкім па шырыні вакальным дыяпазонам ад бас-барытону да драматычнага тэнару. Меў у рэпэртуары каля сотні партыяў, пісаў уласныя творы, выконваў цыганскія рамансы, акампануючы сабе ж на гітары.

Антон Баначыч

Менавіта Антону Баначычу выпаў гонар стварыць у 1930 годзе першую студыю опэры й балету ў Менску, на базе якой сфармаваўся наш Вялікі тэатар. Баначыч яго й узначаліў у 1933 годзе, але неўзабаве сканаў. Ён жа пасьпеў арганізаваць вакальную катэдру ў Менскай кансэрваторыі, дзе ягонымі вучнямі ў тым ліку сталі легенды беларускае опэры Ісідар Балоцін і Ларыса Александроўская.

Яўген Віцінг «Вясельле» (раманс Аляксандра Даргамыскага), запіс 1912 году

Падобным чынам лёс склаўся ў яшчэ адной дарэвалюцыйнае зоркі — Яўгена (Эйжана) Віцінга. Тэнар нарадзіўся ў Пецярбурзе, там жа атрымаў першую адукацыю, пасьля вучыўся ды выступаў у Міляне, затым у Марыінскім тэатры, дзе стаў партнэрам і сябрам Фёдара Шаляпіна.

Яўген Віцінг і Фёдар Шаляпін у Рызе

З 1920 году жыў у Рызе, там жа выкладаў у кансэрваторыі, паралельна гастралюючы па ўсёй Эўропе. Цягам 1950-х сьпявак перабазаваўся ў Менскую кансэрваторыю, ажаніўся тут на сваёй студэнтцы Тамары Лукянавай. Адзін зь ягоных вучняў Міхал Дружына казаў, што настаўнік сярод іншага раіў не захапляцца «гучнадуйствам». У беларускай сталіцы Яўген Віцінг і памёр, маючы званьні прафэсара, заслужанага дзеяча мастацтва Латвійскае й Беларускае ССР. 

Андрэй Лабінскі «Раманс Дуброўскага» (з опэры Эдуарда Напраўніка «Дуброўскі»), запіс 1906 году

Партнэрам Віцінга на сцэне Імпэратарскае Марыінскае опэры быў Андрэй Лабінскі. Той нарадзіўся ў Табольску, куды расейскія ўлады саслалі ягонага бацьку Марка за ўдзел у «групе польскіх нацыяналістаў». Дзяцінства Андрэй правёў у Сыбіры, дзе сьпяваў у царкоўных хорах. А пасьля заканчэньня пецярбурскае кансэрваторыі працаваў то ў Марыінскім, то ў Вялікім тэатры Масквы, дзе таксама выконваў функцыі пэдагога. Адначасова Лабінскі гастраляваў па Эўропе, дабраўся нават да Японіі, стаўшы адным зь першых сьпевакоў з Расеі, хто даў там канцэрты.

Андрэй Лабінскі

Да пачатку Першае сусьветнае вайны Андрэй Лабінскі запісаў болей за 300 твораў, многія зь якіх шматкроць перавыдаваліся. У сьпевака меліся й свае групіз. «Лабіністкі», як іх называлі, суправаджалі свайго куміра падчас гастроляў па Расеі. Вядомы выпадак, калі разьюшаны муж адной з лабіністак страляў у сьпевака, але прамахнуўся. Артыст загінуў інакш: у 1941 годзе падчас бамбаваньня Масквы. Беларускія карані Лабінскага пакуль не даказаныя. Аднак падобнае прозьвішча неаднойчы сустракаецца ў архіўных дакумэнтах XVIII—XIX стагодзьдзяў, датычных Гарадзеншчыны.

Аляксандар Багдановіч — «Каватына Фаўста» (з опэры Шарля Гуно «Фаўст»), запіс 1908 году

Усьлед за Лабінскім варта назваць Аляксандра Багдановіча са Смаленску. Не сакрэт, што Багдановічы — стары беларускі шляхетны род, які мае татарскае паходжаньне. Сьпевака Багдановіча называлі ў Расеі адным з найбольш адукаваных. Перад тым як зрабіць вакальную кареру Аляксандар атрымаў дыплём мэдыка. Падчас студэнцтва ў Маскве ўвайшоў у рэвалюцыйныя гурткі й зьбіраў грошы для палітвязьняў, за што сам неаднойчы трапляў у Бутырскую турму.

Аляксандар Багдановіч

З «Каватынай Фаўста» Багдановіч дэбютаваў у Марыінцы, прайшоўшы перад тым стажыроўку ў Міляне, адначасова зь Віцінгам. Ягоны голас ацэньвалі як італьянскае бэльканта. Багдановіч часта езьдзіў з канцэртамі па гарадох Расейскае імпэрыі, бясплатна сьпяваў для працоўных і на карысьць студэнтаў, згадваючы сваю рэвалюцыйную маладосьць. А падчас Першае сусьветнае выступаў у лязарэтах і сам арганізаваў шпіталь, не забыўшыся на першую адукацыю.

ЛІТВАКІ Ў ШТАТАХ

Ганна Мейчык — «Цыганская песьня» (з опэры Джузэпэ Вэрдзі «Трубадур»), запіс 1908 году

Асобныя зь літвакоў — беларускіх габрэяў — напачатку XX стагодзьдзя здабылі вялікую славу ў ЗША. У прыватнасьці, Аляксандра Мейчык (сцэнічнае імя — Anna Meicick). Яна нарадзілася ў Менску ў сямі адваката. Вучылася вакалу ў Расеі ды Італіі, сьпявала ў складзе італьянскае опэры ў Вільні, каб урэшце ў 1908-м дэбютаваць у тэатры La Scala ў Міляне, потым у Teatro de Sаo Carlos у Лісабоне ды неўзабаве ў Metropolitan Opera ў Нью-Ёрку, дзе Ганна Мейчык пасьля кіравала вакальнай студыяй. У музэі нью-ёрскага тэатру сьпявачцы прысьвечаны асобны разьдзел.

Аляксандра (Ганна) Мейчык

За сваю творчую кареру Мейчык мела з паўсотні партыяў, а голас ейны вызначалі ў межах контар-альта ды мэца-сапрана, то бок даволі нізкі. Таму кабеце даставаліся й мужчынскія ролі — да прыкладу, Вані ці Ратміра ў опэрах Глінкі. Ёсьць сьведчаньні, што да адезду ў Штаты пасьля рэвалюцыі Ганна Мейчык неаднойчы выступала ў родным Менску.

Аарон Лебедзеў «Дзіга» (народная), запіс 1912 году

Цыганскую тэму працягне Аарон Лебедзеў з Гомелю. Яшчэ дзіцем паміж вучобай у школе ды пяяньнем у сынагозе, ён абіраў другое. А падлеткам замест працы ў бацькоўскай краме выбраў бабруйскі тэатар, які аднойчы падчас гастроляў кіраваўся з Гомелю ў Менск. Неўзабаве малады Аарон вярнуўся ў Гомель, дзе адкрыў школу танцаў і граў у аматарскіх спэктаклях на ідыш. Аднак першая шырокая вядомасьць — прынамсі, у межах Усходняе Эўропы — прыйшла да яго ў Варшаве. У польскай сталіцы Аарона Лебедева называлі Der Litvisher Komiker, а на кружэлцы 1912 году пазначылі як «известный цыган».

Вокладка вінілавай кружэлкі, выдадзенай на лэйбле Collector's Guild (ЗША)

Вядома, што падчас Грамадзянскае вайны ў Расеі Аарон Лебедзеў служыў у Арміі Керанскага ў Харбіне ды Маньчжурыі, але ўрэшце адкупіўся ад службы ды праз Кітай і Японію апынуўся ў Злучаных Штатах. У 1920-м артыста прынялі ў трупу Нацыянальнага габрэйскага тэатру ў Нью-Ёрку, дзе ён граў да апошніх гадоў жыцьця й зь якім гастраляваў па ўсёй Амэрыцы. На ягоным рахунку ролі ў паўсотні мюзыклаў. Аарон праявіў сябе як сьпявак, куплетыст, парадыст, танцор, імправізатар. Знаўцы зазначаюць, што гамяльчук запісаў мноства плытак і пражыў адно з самых даўгіх жыцьцяў сярод артыстаў Брадвэю. Артыст пахаваны ў тэатральнай сэкцыі нью-ёркскіх могілак Маўнт-Гэброн.

Яша Хейфец «Успамін» (музыка Франца Дрдла), запіс 1911 году

Бацька Яшы Хейфеца выкладаў граньне на скрыпцы ў Вільні, а сам родом быў з Полацку, як і маці. У выніку сын пачаў граць на інструмэнце ў трохгадовым узросьце, у шэсьць гадоў паўдзельнічаў у публічным канцэрце, у дзевяць стаў навучэнцам піцерскае кансэрваторыі, а ў дзесяць запісаў першую кружэлку. На плытцы так і пазначалася: «10-гадовы скрыпач-віртуоз».

Яша Хейфец

У 1913-м хлопчык Яша выправіўся ў гастрольную вандроўку па Эўропе. А ў рэвалюцыйны 1917-ы ўпершыню наведаў ЗША (як і Лебедзеў праз Далёкі Ўсход), дзе зайграў у Carnegie Hall і ў выніку вырашыў застацца. Цягам жыцьця Яша Хэйфец гастраляваў па ўсім сьвеце, у тым ліку па СССР, зрабіў масу запісаў і выгадаваў пляяду вучняў. Характэрна, што ягонымі асноўнымі акампаніятарамі сталі былыя жыхары Віцебску Эмануіл Бэй і Сэмюэль Хоцінаў.

ТАНЦУЮЦЬ УСЕ!

 Вадзім Грынбэрг «Камарынская» (народная), запіс 1904—1909 гадоў

Вялікай папулярнасьцю на цыліндрах і кружэлках пачатку 1900-х карысталася «Камарынская» й у інтэрпрэтацыі Міхала Глінкі, і як аўтэнтычны танец. Сучасныя дасьледчыкі называюць яго беларускім і зьвязваюць зь сялом Камарынскім, што месьціцца на этнічна беларускай частцы Смаленшчыны. Некаторыя расейскія навукоўцы выводзяць паходжаньне танцу ад мястэчка Камарычы, што на Браншчыне, якое колісь уваходзіла ў склад ВКЛ. Адмыслоўцы знаходзяць у матыве Камарынскай падабенства зь іншымі беларускімі танцамі — «Лявоніхай» ды «Таўкачыкамі». Гарманіст Вадзім Грынбэрг запісаў «Камарынскую» на цыліндар Columbia Phonograph Co. Вядома, што ён жа найграў у Нью-Ёрку й некаторы клезьмерскі рэпэртуар.

Гвардзейскі аркестар «Нявеста» (музыка Міхала Клеафаса Агінскага), запіс 1918 году

Палянэз «Разьвітаньне з Радзімай» на плытцы Emerson Records (Нью-Ёрк) перайменаваны ў «Нявесту» верагодна таму, што гэтай мэлёдыяй гвардзейскі аркестар нявызначанае прыналежнасьці суправаджаў адзін з этапаў вясельнага абраду. Увогуле «Палянэз Агінскага» выдаваўся напачатку мінулага стагодзьдзя шматкроць. Прычым фактычна жалобны твор па страчанай у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай, асабліва любілі граць расейскія вайсковыя аркестры.

Аркестар Эдысана «Кракавяк» (музыка Караля Ліпінскага), запіс 1905 году

«Польскі нацыянальны танец», выдадзены на гэтым васковым цыліндры, мае канкрэтнага аўтара — Караля Ліпінскага. Кампазытар родам з Радзыню Падляскага. Старабеларускі назоў гораду — Козірынак. Тут фактычна сутыкаюцца беларускі, польскі, украінскі ды русінскі этнасы. Ліпінскі быў выдатным скрыпачом, граў на скрыпцы Страдывары ды выступаў у дуэце з Паганіні.

Ёзас Вальдэмарас «Старая полька» (народная), запіс 1908 году

Фонавалікі з граньнем дудара Ёзаса Вальдэмараса захаваліся ў Бэрлінскім фонаархіве. Музыка жыў непадалёк ад Вільні ў вёсцы Дзісна, што ў Сьвянцянскім павеце, займаўся кавальствам і граў сярод іншага полькі, «Барыню» ды «Лявоніху».

Ёзас Вальдэмарас зь сям’ёй

Ягоныя прыёмы граньня на дудзе падобныя да беларускіх узораў. Сын Ёзаса Аўгусьцін Вальдэмарас стаў першым прэм’ер-міністрам Летувы.

Юзэф Сталінгэр «Абэрак з-пад Берасьця» (народны), запіс 1912 (1913) году

Гарманіст Юзэф Сталінгэр прыкладна ў 1912—1913 гадах найграў на кружэлку традыцыйны народны танец — абэрак. Адзін і той жа запіс на адным выданьні мае імя «Абэрак з-пад Берасьця», на другім — «Абэрак Беластоцкі». Абедзьве кружэлкі захоўваюцца ў зборы варшаўскага калекцыянэра Ежы Гогача.

 

Аўтар артыкулу асабліва дзякуе Дзянісу Сухому, Уладзімеру Бярбераву, Ежы Гогачу ды Віктару Скорабагатаву.

Больш запісаў з цыліндраў і кружэлак пачатку XX ст. — у аўдыёпадкастах Віктара Сямашкі

Першая частка

Другая частка

Віктар Сямашка, для TuzinFM