«Засьпявай-5». Прыём заяваў падоўжаны да 5 лістапада (+склад журы)
2512 / 0
22.10.2018

«Засьпявай-5». Прыём заяваў падоўжаны да 5 лістапада (+склад журы)

Арганізатары конкурсу маладых выканаўцаў «Засьпявай-5» працягнулі тэрмін прыёму заяваў яшчэ на два тыдні, а таксама абвесьцілі сьпіс сёлетняга журы конкурсу.

Сёлета найлепшых сярод канкурсантаў будуць абіраць:

сьпявачка і кампазытарка Натальля Куніцкая, якая аб’езьдзіла са сваім праектам Mustelide паўсьвету;

Алесь-Францішак Мышкевіч, лідэр праекту The Superbullz, удзельнік гуртоў Volski, «Крамбамбуля», а ў мінулым «Без билета», J:Морс, Trubetskoy ды іншых беларускіх гуртоў;

Ірэна Катвіцкая, сьпявачка, кампазытарка, пэдагог па вакале, заснавальніца і ўдзельніца гуртоў Akana, Kazalpin, Agata, Warsoba;

Андрэй Акатаў, саўндпрадусар, кіраўнік студыі Central Station, гукарэжысэр тэлепраекту Belsat Music Live;

Алег Хаменка, музыка, выкладчык, лідэр гурта «Палац»,

а таксама арганізатары конкурсу — кіраўнік парталу TuzinFM Сяргей Будкін і кіраўнік фонду «Вяртаньне» Павал Бераговіч.

Прыём заяваў на конкурс было вырашана працягнуць да 5 лістапада, каб усе ахвочыя музыкі пасьпелі запісаць дэма варыянт сваёй песьні на верш аднаго з сучасных беларускіх паэтаў. Сёлета музыкам ад 16 да 30 гадоў прапануецца пакласьці на музыку верш аднаго зь ляўрэатаў літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.

Уся інфармацыя пра конкурс — на адмысловай старонцы

Пасьля сканчэньня прыёму заяваў журы сфармуе лонг-ліст. Канкурсанты, якія ў яго трапяць, атрымаюць магчымасьць паўдзельнічаць у навучальнай сэсіі і жывым праслухоўваньні, па выніку якога будуць абраныя тры фіналісты. Яны змогуць папрацаваць на студыі, дадуць канцэрты пры падтрымцы вядомых выканаўцаў і прэзэнтуюць студыйныя вэрсіі сваіх конкурсных песень. Пераможца будзе абвешчаны на фінальным канцэрце ўвесну 2019 году. Ён атрымае грашовы прыз памерам 1500 BYN на рэалізацыю сваіх далейшых творчых задумаў.

Конкурс «Засьпявай» праводзіцца з 2014 году. Ягоная мэта адкрыць для маладых музыкаў сьвет беларускай сучаснай паэзіі і паспрыяць таму, каб добрыя вершы сталі песьнямі. Пераможцамі ў намінацыі «Сьпяваная паэзія» станавіліся Віталь Варанко, Naviband, Paulinn, Helious.

TuzinFM