!OUT: Нязвыклы Ігар Лучанок (рарытэтныя аўдыё і відэа)
3811 / 0
14.11.2018

!OUT: Нязвыклы Ігар Лучанок (рарытэтныя аўдыё і відэа)

Авангард, біг-біт, арт-рок, джаз і беларусізацыя расейскай эстрады… У рубрыцы !OUT — нязвыклы Ігар Лучанок (1938—2018).

«Жураўлі», «Верасы», «Алеся», «Спадчына», «Вераніка», «Мой родны кут»… Акром стварэньня цэлага шэрагу ўсенародных шлягераў, кампазытар Ігар Лучанок праявіў сябе й у іншых музычных сфэрах — ад джазу да аванграду.

ЛУЧАНОК І АВАНГАРД

У 1960-х Ігар Лучанок разам зь Дзьмітрыем Смольскім, Сяргеем Картэсам, Алегам Янчанкам уваходзіў у групу маладых кампазытараў, якія цікавіліся знаходкамі Нававенскае школы.

У артыкуле для часопіса «Савецкая музыка» за 1967 год мастацтвазнаўца Ніна Юдзеніч пісала: «Ігар Лучанок — самы малады ў Беларускім саюзе кампазытараў. Аўтарскі досьвед у яго зусім невялікі. У школьныя гады Лучанку наўрад ці прыходзіла думка пра тое, што ён стане прафэсійным кампазытарам… Зусім нечаканы эфэкт даюць сэрыйныя вопыты Лучанка (фартэпіянныя прэлюдыі). Яны ствараюць падманлівую бачнасьць складанасьці, крохкае вытанчанасьці музыкі».

Ігар Лучанок і Дзьмітры Смольскі падач фальклёрнае экспэдыцыі, 1956 год

Зрэшты, тыя прэлюдыі й некаторыя іншыя экспэрымэнтальныя напрацоўкі Лучанка часоў «адлігі» ніколі не выдаваліся, але па-ранейшаму захоўваюцца ў фондах Беларускага радыё. Выключэньне складае супольная кружэлка зь Янчанкам 1968 году. Кампазытары падзялілі яе напалам, прадставіўшы кожны свой струнны квартэт.

ЛУЧАНОК І БІГ-БІТ

У 1968 годзе Ігар Лучанок прыняў удзел у Першым фэстывалі біт-ансамбляў Менску ў якасьці сябра журы. Падчас гутаркі з канкурсантамі ён параіў піянэрам беларускага рок-н-ролу больш зьвяртацца да «нашага савецкага рэпэртуару». Гэты эпізод зафіксаваны ў дакумэнтальным фільме «13-ы маршрут».

 

Ігар Лучанок у Клюбе аматараў грампласьцінкі на БТ, 1974 год

Роўна праз 10 гадоў, дзякуючы Лучанку, здарыўся ўнікальны прэцэдэнт: упершыню запіс аднаго з прадстаўнікоў менскага «самадзейнага» рок-н-ролу выйшаў на вінілавай кружэлцы. Вакаліст ВІА «Шпакі» Аляксандар Гаўрыловіч згадвае: «Наш кіраўнік, трубач Міхал Гальдштэйн быў на кароткай назе зь Ігарам Лучанком. І калі той задумаў выдаць складанку сваіх песень, прыйшла думка, што няблага было б уключыць у мэню кружэлкі песьню ў выкананьні самадзейнага калектыву». З дапамогай кампазытара «Шпакам» вылучылі час у студыі Белрадыё ў начную зьмену. Запісваліся да чацьвертае гадзіны раніцы. «Шпакі» прадставілі ў сваёй трактоўцы песьню «Дзе ж ты зорка мая?».

ЛУЧАНОК І «ПЕСЬНЯРЫ»

У 1962 годзе Ігар Лучанок у якасьці дыплёмнае працы склаў кантату паводле паэмы Янкі Купалы «Курган» для салістаў, зьмешанага хору й сымфанічнага аркестру.

Праз 17 гадоў яна стала асновай для першае студыйна запісанае й афіцыйна выдадзенае беларускае рок-опэры «Гусьляр». Уладзімер Мулявін і «Песьняры» за пару гадоў працы пераклалі акадэмічную кантату на мову прагрэсіўнага року. Лучанок прызнаваў, што «Гусьляр» у выніку стаў ня толькі ягоным творам. І заўважаў, што ў адрозьненьне ад арыгіналу ў «песьняроўскім» варыянце паэма Купалы гучыць амаль цалкам. Сапраўды, рок-опэра атрымалася амаль удвая даўжэйшай за кантату.

Ігар Лучанок і Ўладзімер Мулявін, 1977 год

Валеры Дайнэка сьведчыць: «Валодзя зь Ігарам сябравалі, таму ў іх такая ідэя й узьнікла. Аранжыроўка цалкам Валодзіна, з характэрнымі песьняроўскімі ўнісонамі. Маглі — не маглі, але трэба было гэта ўсё граць».

Уладзь Місевіч дадае: «Валодзя ўнёс у аранжыроўку новыя гарманічныя знаходкі. Але мэлёдыі засталіся абсалютна тыя ж, што былі ў Лучанка».

Рок-опэра «Гусьляр» была зафіксаваная ў 1979 годзе ў студыі фірмы «Мелодия», што месьцілася ў былой маскоўскай кірсе. У тым жа годзе адбыўся першы рэліз. На вокладцы кружэлкі з псыхадэлічным малюнкам Мікалая Стаса твор пазначаўся як паэма-легенда. Калі «Гусьляра» прэзэнтавалі ў менскім Палацы спорту, шэсьць тысячаў слухачоў па завяршэньні зладзілі бурную авацыю. Неўзабаве праграму прадэманстравалі ў Берасьці, Рызе, Таліне, Маскве ды яшчэ розных гарадох Расеі, Украіны й Паўночнага Каўказу. Варта дадаць, што акром рок-опэры, у рэпэртуары «Песьняроў» налічвалася болей за 30 песень на музыку Лучанка.

ЛУЧАНОК І ДЖАЗ

У 1983 годзе пабачыла сьвет кружэлка з інструмэнтальнымі творамі Ігара Лучанка, выкананамі ў эстрадна-джазавым духу. Музыка бяз словаў займае другую палову плыткі й уся выкананая аркестрам Міхаіла Фінбэрга. Асабліва моцнай и узьнёслай атрымалася фінальная рэч «Начны аркестар», дзе за клявішамі Анатоль Гілевіч, а Валеры Шчэрыца саліруе на флюгельгорне.

ЛУЧАНОК І ПАЗЬНЯК

У 2005 годзе выйшла двухдыскавая «Анталёгія беларускае клясычнае музыкі». Прытым, усе творы агучыў Дзяржаўны сымфанічны аркестар тэлевізіі й радыё Расеі. У трэкліст трапіла й «Ave Maria» Ігара Лучанка на словы стваральніка Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка. Твор паўстаў ў 1991 годзе. І вядома, што аўтары сустракаліся для яго абмеркаваньня. У сваёй вэрсіі «Ave Maria» пэўны час выконваў ВІА «Сябры» ды іншыя выканаўцы.

«КОБЗА», ХІЛЬ І ЎСЕ-ЎСЕ-ЎСЕ

Ігар Лучанок змусіў засьпяваць па-беларуску зорак украінскае й расейскае эстрады савецкага часу. Кампазытар падкрэсьліваў, што некаторыя беларускія словы немагчыма перакласьці на іншую мову.

Адзін з самых заўважных ансамбляў ва Ўкраінскай ССР «Кобза» запісаў песьню Лучанка на словы Пятруся Броўкі. Яна трапіла на іх магнітаальбом, які выйшаў у 1982 годзе ў Канадзе.

Эстрадны сьпявак з тагачаснага Ленінграду Эдуард Хіль выконваў ягоную песьню «Верасы». Яны пазнаёміліся напрыканцы 1960-х, калі Хіль выступаў у Менску.

Таксама ленінградка Марыя Пахоменка (родам з Магілеўшчыны) згадала родную мову, сьпяваючы «Дударыкаў». Твор стаў ляўрэатам Усесаюзнага тэлефэстывалю «Песьня году — 76».

А калі Лучанок адначаў сваё 50-годзьдзе ў Цэнтральнай канцэртовай залі ў Маскве, то фінальную «Мой родны Мінск» на словы Генадзя Бураўкіна выйшлі сьпяваць  усе удзельнікі канцэрту. Побач зь беларускімі зоркамі ў любові да сталіцы Беларусі прызналіся Ёсіф Кабзон, Валянціна Талкунова ды Тамара Гвэрдцытэлі.

Сёлета Ігар Лучанок адзначыў 80-годзьдзе. 2 лістапада ён быў шпіталізаваны з інсультам. У менскай гарадзкой клічнічнай бальніцы хуткай дапамогі яму зрабілі апэрацыю і ўвялі ў штучную кому. Памёр славуты кампазытар 12 лістапада.

Яшчэ: 12 абраных песень Ігара Лучанка

Віктар Сямашка, TuzinFM