60 беларускамоўных гітоў сучаснасьці (аўдыё/відэа)
2102 / 0
26.11.2018

60 беларускамоўных гітоў сучаснасьці (аўдыё/відэа)

Да свайго 15-гадовага юбілею галоўны музычны партал краіны TuzinFM.by разам з Letapis.by склаў cьпіс песень, безь якіх немагчыма ўявіць незалежную беларускую музыку. У яго ўвайшлі 40 самых важных беларускамоўных песень з гіт-параду «Тузіна» (2003—2018) і яшчэ 20 гітоў за папярэднія 15 гадоў (1988—2003).

Рэйтынг уклалі кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін і аўтар праекту «Мапа станаўленьня Беларусі» Аляксей Чаранкевіч. Да кожнага з 60 трэкаў напісаная анатацыя і гісторыя ягонага стварэньня, падабраныя выявы, відэа і спасылкі на рэсурсы, дзе можна болей дазнацца пра выканаўцу,  паслухаць і набыць ягоныя трэкі. У сьпіс увайшлі тыя песьні, якія перамагалі ў чарце на «Тузіне Гітоў» і называліся найлепшымі песьнямі сэзону цягам гэтых 15 гадоў існаваньня партала, а таксама 20 гітоў за папярэднія 15 гадоў, безь якіх немагчыма ўявіць беларускую музыку.

«З аднаго боку гэта падсумаваньне для нас саміх – у рэйтынг увайшлі песьні, якія паўплывалі як на нас асабіста, так і на разьвіцьцё айчыннай сцэны ў цэлым. На нашую задуму, гэты рэйтынг таксама мае стаць кропкай уваходу ў беларускую музыку для тых, хто толькі пачынае ёй цікавіцца», – заўважае Сяргей Будкін.

«Спачатку мы хацелі зрабіць сьпіс з 15 трэкаў, потым пашырылі яго да 20, а па выніку ён разросься да 60 і ў ім далёка ня ўсё, што хацелася ўключыць. У яго ўвайшлі пераважна рок-гіты нашых музыкаў. Поп-выканаўцы, барды, мэталісты, фольк-сьпевакі ды музыкі іншых кірункаў, безумоўна вартыя асобных рэйтынгаў», – зазначае Аляксей Чаранкевіч.


Слухаць 60 беларускамоўных гітоў сучаснасьці

Праект «60 песень беларускамоўных гітоў сучаснасьці» прымеркаваны да 15-годзьдзя інтэрнэт-парталу TuzinFM. Юбілей будзе адзначаны канцэртам «Героі году» і ўручэньнем прэміі найлепшаму гурту і найлепшаму адкрыцьцю 2018-га. Квіткі на канцэрт можна набыць тут

TuzinFM