Nizkiz: эфэкт «Гуантанамы»
2664 / 0
27.12.2013

Nizkiz: эфэкт «Гуантанамы»

Пераможцы чацьвертага туру аўдыё-чарту на Tuzin.fm настолькі ўзрадаваліся рэакцыяй на свой беларускамоўны трэк, што вырашылі зьняць на яго кліп.

Нежартоўная барацьба разгарнулася між навічкамі чацьвертага туру аўдыё-чарту на «Тузіне» гуртамі Nizkiz і «Пані Хіда». Абедзьве каманды атрымалі вядомасьць ужо даўно праз сваю расейскамоўную творчасьць і прадстаўлялі ў гіт-парадзе свае першыя творы на роднай мове. Па выніку літаральна ў апошнюю гадзіну галасаваньня перамогу атрымаў Nizkiz, апярэдзіўшы «Пані Хіду» на два галасы.

«Не cхаваю, што мы актыўна сачылі за хадой галасаваньня, — кажа ўдзельнік гурта Дзьмітры Халяўкін, які акурат у апошні дзень галасаваньня адзначыў 30-годзьдзе. — Заўжды прыемна бачыць, калі людзі падтрымліваюць цябе, таму агромністы дзякуй усім тым, хто выявіў актыўнасьць!»

Музыкі кажуць, што засталіся вельмі задаволеныя «эфэктам Гуантанамы». «Песьня слухачам падабаецца, атрымліваем шмат добрых і канструктыўных водгукаў. Заўважылі, што шмат хто пачынае знаёмства з нашай творчасьцю якраз пасьля гэтай песьні», — кажа вакаліст каманды Аляксандар Ільін. Цалкам магчыма, што на «Гуантанаму» будзе зьняты кліп. Музыкі маюць некалькі ідэяў па візуалізацыі сваёй беларускамоўнай кампазыцыі і цяпер думаюць як іх выявіць у канкрэтных вобразах.

Што да жывых выступаў, то Nizkiz вырашылі ўзяць паўзу да лютага, каб папрацаваць над новымі песьнямі. Сярод новых задумаў магілёўскіх музыкаў ёсьць і яшчэ адна беларускамоўная кампазыцыя.

Tuzin.fm, фота Euroradio.fm

Тэгi: