Канцэрты фіналістаў «Засьпявай-5» падтрымаюць Palina, Naviband і Warsoba (набыць квіткі)
776 / 0
11.02.2019

Канцэрты фіналістаў «Засьпявай-5» падтрымаюць Palina, Naviband і Warsoba (набыць квіткі)

Выступы фіналістаў конкурсу, які ладзіць партал TuzinFM і фонд «Вяртаньне» пройдуць цягам сакавіка ў трох менскіх клюбах. Маладых выканаўцаў падтрымаюць жывымі сэтамі вядомыя музыкі.

9 сакавіка (cубота) у клюбе «Графіці» выступіць фіналіст «Засьпявай-5», электронны праект Maximalism, які можа стаць яскраваю зьяваю ў беларускай электроннай музыцы. Іхныя трэкі ўжо выходзілі на лэйблах ва Ўкраіне, Нямеччыне, Вялікабрытаніі ды Нідэрляндах. Для конкурсу яны зрабілі песьню «Фрагмэнты» на словы Ганны Комар.

А падтрымае музыкаў сваім выступам Palina — праект Паліны Рэспублікі, якую TuzinFM назваў адкрыцьцём у беларускай музыцы ў 2011 годзе. Нядаўна сьпявачка зрабіла фурор на ўкраінскім тэлешоў «Х-фактор», на якім дайшла да фіналу.

Набыць квіток на канцэрт: 9.03. Maximalism. Пры падтрымцы Palina

17 сакавіка (нядзеля) у клюбе «Гудвін» пройдзе сольны канцэрт праекту Аляксея Варсобы (Port Mone trio) і сьпявачкі Ірэны Катвіцкай, які завецца Warsoba. Адмысловымі гасьцямі будуць  Павал Козіч і Ціхан Букраба, якія сталі фіналістамі «Засьпявай-5» дзякуючы песьні «Трамвай» на словы Антона Рудака. Музычныя густы ўсіх удзельнікаў гэтага канцэрту супадаюць, так што вечар абяцае быць дужа прыемным.

Набыць квіток на канцэрт: 17.03. Warsoba. З удзелам Паўла Козіча & Ціхана Букрабы

23 сакавіка (субота) з сольным канцэртам у клюбе «Графіці» выступіць Раман Волазьнеў, які трапіў у фінал «Засьпявай-5» зь песьняй «Салёныя сны» на словы Мікіты Найдзёнава. У ягоную падтрымку свой сэт у гэты вечар зайграе Naviband, якія некалі таксама сталі пераможцамі «Засьпявай» (2015).

Набыць квіток на канцэрт: 23.03. Раман Волазьнеў. Пры падтрымцы Naviband

29 cакавіка ў новым менскім клюбе «Berlin» можна будзе пачуць жыўцом усіх трох фіналістаў «Засьпявай-5». На гэтым канцэрце і будзе названае імя пераможцы конкурсу, які атрымае грашовы прыз памерам 1500 рублёў. Адмысловым госьцем вечарыны будзе праект «Eryk i Ja», які заснаваў паэт і сьпявак Уладзь Лянкевіч (TonqiXod) разам з мультыінструмэнталістам Эрыкам Арловым-Шымкусам (ili-ili, Harotnica mix, раней Vuraj, Паліна Рэспубліка).

Набыць квіток на канцэрт: 29.03. Maximalism, Павал Козіч & Ціхан Букраба, Раман Волазьнеў. Пры падтрымцы «Eryk i Ja»

TuzinFM