Cорамна і няёмка. Затрымалі Вольскага, Варашкевіча, Вайцюшкевіча і Аракеляна (відэа)
906 / 0
25.03.2019

Cорамна і няёмка. Затрымалі Вольскага, Варашкевіча, Вайцюшкевіча і Аракеляна (відэа)

У Беларусі цяпер ня толькі забараняюць канцэрты. Няўгодных музыкаў могуць проста ўзяць і затрымаць перад выступам. Нечуваны прэцэдэнт адбыўся на Дзень Волі ў Менску.

Лявон Вольскі разам зь Ігарам Варашкевічам, Зьмітром Вайцюшкевічам і Паўлам Аракелянам вырашылі адзначыць Дзень Волі імправізаваным сьвяточным джэмам. Вулічны выступ знаных музыкаў меўся прайсьці на пешаходнай вуліцы ў Менску, на скрыжаваньні вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай. Аднак, інструмэнты яны так і не дасталі. Да месца меркаванага выступу пад’ехаў аўтобус зь міліцыяй і АМАПам. Музыкаў затрымалі — «для высьвятленьня асобы».

Затрымліваюць Ігара Варашкевіча, аднаго з пачынальнікаў незалежнага беларускага рок-руху

Каля дзьвюх гадзінаў музыкантаў пратрымалі на вуліцы, на тэрыторыі Цэнтральнага РУУС разам зь дзясяткам іншых затрыманых у гэты дзень, пасьля чаго завялі ў памяшканьне — «для правядзеньня прафіляктычнай гутаркі». Аніякіх абвінавачваньняў выстаўлена не было. Бліжэй да 22-й іх адпусьцілі.

Лявона Вольскага і ягоную жонку Яну адпусьцілі з РУУС

Камэнтар TuzinFM

Так было і так ёсьць — улады разглядаюць незалежную беларускую культуру як варожую і чужую для сябе. І кожны раз, пасьля чарговай размарозкі ды ідэалягічных паслабленьняў, зьяўляецца спадзеў: а раптам. І кожны раз усё абломваецца, прычым дзіка абсурдным чынам. Сёлета сыгнал, як даў новы міністр культуры Юры Бондар, неўзабаве быў прыглушаны: ягоныя словы пра тое, што забарона канцэртаў нэгатыўна адбіваецца на іміджы дзяржавы, неўзабаве былі прыбраныя зь дзяржаўных СМІ, а сам афіцыйны даклад, дзе ўздымалася гэтае пытаньне, быў выдалены з афіцыйнага сайту Мінкульту. На жаль, уся дзяржаўная палітыка ў галіне культуры выглядае на памылку 404.

Так выглядае старонка, дзе быў зьмешчаны даклад міністра культуры

Сьпіс забароненых выканаўцаў па-ранейшаму існуе. Хоць яго (часова?) пакінулі найбольш няўгодныя, у яго ўвайшоў, напрыклад, гомельскі гурт TT-34. Менскія ідэолягі сарвалі іх выступ на фэсьце «Купальскае кола» і сольны канцэрт. Зьявілася і ноў-хаў: затрыманьне вядучых беларускіх музыкаў і трыманьне іх дзьве гадзіны на холадзе. Пакуль пры ўладзе людзі бяз гонару і годнасьці мы так і будзем хадзіць па гэтым коле — спадзявацца і абламвацца.

На загалоўным фота: момант затрыманьня Паўла Аракеляна, аднаго з найлепшых джазмэнаў Беларусі

TuzinFM, скарыстаныя фота Belapan.com i Tut.by